G7 прыкладзе ўсе намаганні, каб пакараць Пуціна і Лукашэнку

Лідары краін Вялікай сямёркі (G7) прыкладуць усе намаганні, каб прыцягнуць да адказнасці Уладзіміра Пуціна і яго памагатага Аляксандра Лукашэнку за развязванне вайны супраць Украіны і масавае знішчэнне мірнага насельніцтва. Пра гэта гаворыцца ў выніковай заяве «Групы сямі» пасля анлайн-сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Уладзімір Зяленскі і Джасцін Труда ўдзельнічаюць у пасяджэнні G7. Фота: president.gov.ua

Уладзімір Зяленскі і Джасцін Труда ўдзельнічаюць у пасяджэнні G7. Фота: president.gov.ua


«Мы прыкладзем усе намаганні, каб прыцягнуць да адказнасці прэзідэнта Пуціна, арганізатараў і саўдзельнікаў гэтай агрэсіі, уключна з рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасці за іх дзеянні ў адпаведнасці з міжнародным правам. Дзеля гэтага мы будзем працягваць працаваць разам з нашымі саюзнікамі і партнёрамі ва ўсім свеце. Мы зноў пацвярджаем нашу падтрымку ўсіх намаганняў па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Мы вітаем і падтрымліваем працу па расследаванні і зборы доказаў, у тым ліку Пракурорам Міжнароднага Крымінальнага Суда, незалежнай камісіяй па расследаваннях, упаўнаважанай Саветам па правах чалавека ААН, і місіі экспертаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе», — гаворыцца ў заяве.
Лідары вядучых краін свету збіраюцца ўвесці нафтавае эмбарга супраць Расіі і нарошчваць пастаўкі сучаснага і цяжкага ўзбраення ва Украіну.
Украіне абяцаны маштабны пакет фінансавай дапамогі ў найбліжэйшыя тыдні, а таксама дапамога ў аднаўленні краіны пасля вайны праз Фонд салідарнасці з Украінай, заснаваны ў рамках нядаўніх кансультацый з партнёрамі на канферэнцыі ў Варшаве.
reform.by