Еўразійскія выбары
Што стаіць за пратэстамі афіцыйнай Астаны супраць праекту еўразійскага парламенту? Прапануем агляд казахскай аналітыкі і блогасферы, падрыхтаваны нашым міжнародным аглядальнікам Алегам
Новікавым.
Галоўнай палітычнай падзеяй у Казахстане цяпер з’яўляецца судовы працэс над апазіцыянерамі, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы вулічных беспарадкаў у Жанаазене ў снежні мінулага года.
Аднак нечакана пра апазіцыю забыліся. У фокусе грамадскага інтарэсу апынуліся рэзкія заявы ўрадавых асобаў на адрас Крамля.
Падставай стала заява старшыні дзяржаўнай думы Сяргей Нарышкіна. «Перакананы, што рашэнне такой амбіцыйнай задачы, як стварэнне да 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза,
запатрабуе сур’ёзнай перабудовы ўсяго комплексу міжпарламенцкага ўзаемадзеяння ў яго еўразійскім вымярэнні. У выніку, на наш погляд, павінен быць створаны Еўразійскі парламент»,
— заявіў Нарышкін, выступаючы ў аўторак на пасяджэнні Міжнароднага эканамічнага форума дзяржаў — удзельніц СНД.
Звычайна інтэграцыйныя ініцыятывы Масквы ў Астане ўспрымаюць пазітыўна. Аднак на гэты раз у лесе нешта здохла. Упершыню за доўгія гады амаль усе афіцыйныя СМІ палічылі патрэбным асудзіць прапанову
Нарышкіна. Найбольш далёка пайшла блізкая да ўраду газета «Время», якая дала трыбуну сакратару партыі «Нур Атан» (казахскі варыянт арганізацыі «Белая
Русь») Ерлану Карыну. Палітык выказаўся вельмі катэгарычна: ідэю стварэння Еўразійскага парламента рэалізаваць немагчыма.
«Фармаванне Еўразійскага парламента — гэта толькі жаданне расійскага боку. Таму, нягледзячы на перыядычнае ўкідванне паведамленняў пра нейкія дамоўленасці з нагоды стварэння
Еўразійскага парламента, казаць пра тое, што гэтыя дамоўленасці дасягнутыя, было б няпраўдай. Насамрэч гэтыя і падобныя ідэі не адлюстроўваюць бачання стратэгічных гарызонтаў супрацоўніцтва іншымі
ўдзельнікамі інтэграцыйнага працэсу, у прыватнасці нашай краінай. Скажу нават больш — стварэнне наднацыянальнай палітычнай структуры намі не можа абмяркоўвацца ў прынцыпе, бо гэта наўпрост
закранае суверэнітэт нашай краіны. А прынцып суверэнітэту выразна замацаваны ў Канстытуцыі, і, больш за тое, згодна з законам нашай краіны, такога кшталту пытанні нават не могуць выносіцца на
агульнанацыянальны рэферэндум!» — падсумаваў спадар Карын.
Тое, што ён выказаў не сваю суб’ектыўную думку, сведчыць самы павярхоўны прагляд казахскіх СМІ. Практычна кожная публікацыя ўтрымлівае наезд на праект Нарышкіна.
Такая фразеалогія афіцыёзу выклікала шок нават сярод апазіцыі. Апазіцыйная газета «Рэспубліка» піша: «Сітуацыя, якая стварылася, — унікальны прэцэдэнт. Мабыць,
упершыню за гады, якія прайшлі пасля развалу СССР, афіцыйная Астана, што называецца, «выпісала тармазы» сваім маскоўскім калегам, якія ў апошні час усё часцей ставяць калёсы
наперадзе каня. Хацелася б верыць, што абарона Казахстанам нацыянальных інтарэсаў не абмяжуецца гэтым палітычным «прасвятленнем».
Аднак ідэя нават часовага «прасвятлення» ў дачыненні да партыйнага апаратчыка гучыць неяк смешна. Не зразумела, дзе раней быў вялікі казахскі патрыёт Ерлан? Напрыклад, калі
фармаваўся такі наднацыянальны орган, як камісія Мытнага саюза, у якім Расіі належыць 57 працэнтаў галасоў, а Казахстану і Беларусі — па 21,5%.
Казахская экспертная садружнасць схіляецца да думкі, што крытыкуючы Нарышкіна чыноўнікі ў Астане кіруюцца нейкімі прагматычнымі матывамі. Якімі? Пошук адказу на гэта пытанне — любімая справа
казахскіх экспертаў і ўдзельнікаў палітычных інтэрнэт-форумаў.
Шмат хто звяртае ўвагу на наступны фрагмент спіча Нарышкіна, які не вельмі цытуюць у мясцовых СМІ: «У недалёкай перспектыве Еўразійскі парламент можа стаць сапраўдным дэмакратычным органам,
абіраным прамым галасаваннем грамадзян».
Наўрад ці казахскія эліты зацікаўленыя ў такой перспектыве, нават калі гаворка ідзе пра імпарт у Казахстан расійскай мадэлі галасавання, гэта падрывае легітымнасць мясцовай улады.
Па словах экспертаў, маштаб фальсіфікацый на выбарах у Расіі складае каля 20 працэнтаў, між тым як у Казахстане — амаль усе сто. У тутэйшым парламенце даўно ўжо няма ніводнага
апазіцыянера.
Яшчэ больш небяспечны момант для Астаны палягае ў тым, што ў выпадку дэмакратыі грамадзяне могуць забраць у Назарбаева манаполію на ідэю інтэграцыі. Аналітык Аляксандр Караваеў піша: «У
якасці прыкладу можна ўзгадаць праект выдавецтва «Альпіна нон-фікшн», якое плануе выдаць зборнік вершаў казахскага паэта, філосафа і асветніка Абая Кунанбаева. Яго помнік на
бульвары Чыстыя Пруды ўжо становіцца культавым палітычным месцам. Такім чынам, грамадзяне могуць забраць у Пуціна з Назарбаевым сімвалічны элемент інтэграцыі. Хаця Абай Кунанбаеў лічыцца прыхільнікам
збліжэння з рускай культурай, апазіцыйная інтэлігенцыя можа «дастаць» іншую частку яго спадчыны і разгарнуць гэту постаць у якасці знака нацыянальнага суверэннага будаўніцтва на
постсавецкай прасторы, без множання на бюракратычную манаполію безальтэрнатыўнай інтэграцыі».
Некаторыя лічаць, што Астана папросту падхапіла ў Беларусі моду прадаваць суверэнітэт часткамі і як мага даражэй. Так, згадваюць, як раней доўга і заўзята Астана прапанавала зрабіць рэзідэнцыю
Еўразійскага парламента ў Астане. Крэмль на гэта даў зразумець, што альтэрнатывы Маскве няма. Казахстан быццам праглынуў крыўду, каб цяпер ледзь не пахаваць ідэю парламента. І адразу Масква пайшла на
саступкі. Спікер парламента Валянціна Матвіенка хуценька зрабіла заяву: «Асабіста я лічу, што еўразійскі парламент павінен дыслакавацца менавіта ў Астане, бо Казахстан сёння, бясспрэчна,
матор еўразійскай інтэграцыі». Цяпер застаецца пачакаць, які бонус за падтрымку праекту парламенту Еўразіі запатрабуе Мінск.
Калі меркаваць па тым, што Масква гатова саступіць Казахстану ў пытанні парламенцкай сталіцы, можна прагназаваць, што еўразійскі парламент усё ж будзе створаны. Збіранне савецкіх земляў —
самы амбіцыйны геапалітычны бзік ВВП. Аднак наколькі такі орган будзе сапраўды прадстаўляць інтарэсы народаў, калі нават устаноўчыя рашэнні прымаюцца вельмі кулуарна? На думку аглядальнікаў газеты
«Politru», у лепшым выпадку на базе Еўразійскага парламенту будзе створана дыскусійная платформа для экспертаў. У горшым — паўторыцца гісторыя надпарламенцкіх структур
Саюзнай дзяржавы з некаторай папраўкамі: дэпутаты сапраўды будуць абірацца наўпрост, аднак па мясцовых непразрыстых выбарчых правілах, што пахавае ідэю еўразійскага парламентарызму апрыёры.
Не дарма нават фанатыкі еўразійскай інтэграцыі скептычна ставяцца да будучага парламента. Напрыклад, Юры Кофнер, лідар руху «Маладая Еўразія», якога ахвотна цытуе казахская газета
«Голас рэспублікі», на нядаўняй вераснёўскай канферэнцыі маладых еўразістаў у Маскве прызнаў, што толькі праз парламент моладзь Беларусі, Казахстану і Расіі не аб’яднаць. А
таму, на яго думку, неабходна адраджаць будаўнічыя атрады, рабіць іх агульнымі еўразійскімі. Гэта значыць, мяркуе ён, што аб’яднаць моладзь можна толькі праз адукацыю і сумесную працу.