«Калі вынікі вашае працы, даследаванняў ці творчасці сёння ў небяспецы, памятайце пра Скарынаўку!»

Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане абвясціла пра стварэнне электроннага архіву «Беларуская палітыка і грамадства» і запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў, творцаў і арганізацыі.

skarinaka_logo_1.jpg


Скарынаўка была створаная людзьмі, якія мусілі пакінуць Беларусь у выніку Другой сусветнай вайны. Яны ратавалі не толькі ўласныя жыцці. Яны захоўвалі таксама кнігі, рукапісы, творы мастацтва і рамяства, архівы. Яны скупалі іх у букіністычных крамах і на аўкцыёнах. І стваралі асяродкі, якія маглі б памнажаць тыя здабыткі. Яны верылі, што Беларусь будзе жыць.
Пры садзеянні лонданскай бібліятэкі былі апублікаваныя сотні беларусазнаўчых кніг і артыкулаў на розных мовах свету, сабраны архіў, створаныя музей і калекцыя твораў беларускага мастацтва. Лонданскі асяродак быў істотным фактарам у развіцці англамоўнага беларусазнаўства ў XX стагоддзі. І ўсё гэта – без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі.
Чарговым праектам бібліятэкі сёлета стане супрацоўніцтва з Ivy Plus Libraries Confederation для разбудовы электроннага архіву “Беларуская палітыка і грамадства”. Ivy Plus Libraries Confederation яднае бібліятэкі самых прэстыжных універсітэтаў ЗША.
“Суайчыннікі – трымаймася, не знеахвочваймася! Беларусь там, дзе нашыя сэрцы, галовы і рукі, – заклікаюць “скарынаўцы”. – Калі вынікі вашае працы, даследаванняў ці творчасці сёння ў небяспецы, памятайце пра Скарынаўку, якая дзесяцігоддзямі карпатліва збірала й захоўвала тое, што знішчалася ў Савецкай Беларусі. Яна давала даследчыкам доступ да таго, што хавалася ў савецкіх спецхранах. Цяпер ужо новыя пакаленні працягваюць працу, пачатую паваеннай дыяспарай. Мы будзем радыя супрацоўнічаць з усімі даследчыкамі й творцамі, з навуковымі, культурнымі, адукацыйнымі і іншымі асяродкамі дзеля агульнай справы — лепшай будучыні для Беларусі і нашага народу”.
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане згадвае, што ў гэтую нядзелю, 30 студзеня, будзе адзначацца Дзень беларускай навукі. Таксама мы святкуем стагоддзе Інбелкульту – папярэдніка Акадэміі навук. З гэтай нагоды бібліятэка перадае віншаванні калегам у навуковай, культурнай і адукацыйнай сферах працы.
“Асаблівыя вітанні адрасаваныя тым, хто, нягледзячы на небяспеку, трымаецца праўды і сумлення ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Мы, вашыя суайчыннікі за мяжой, ганарымся вамі. Ваш ціхі голас чуваць грамчэй, чым можа здавацца ў гармідары, што дзеецца ў краіне. 
Беражыце сябе. Мы салідарныя з усімі, хто страціў працу, здароўе, жыллё, свабоду, і хто мусіў пакінуць Беларусь пасля жніўня 2020 г. Прыкра, што гісторыя стваральнікаў і супрацоўнікаў Інбелкульту паўтараецца зноў”.