Калі медаль не ў радасць
Алімпіяда ў Лондане стала для Казахстана самай лепшай у гісторыі. Аднак усё гэта амаль толькі за кошт легіянераў, што заканамерна выклікала дыскусію, ці патрэбны нацыі такія перамогі. Прапануем
агляд казахскай блогасферы і аналітыкі.
Сем залатых, адзін срэбны і пяць бронзавых медалёў. Адпаведна, 12-е месца ў камандным заліку. У пераліку на колькасць насельніцтва гэта лепшы вынік сярод краін СНД. Здавалася, казахскі патрыёт
можа толькі радавацца і ганарыцца алімпійцамі. Нічога падобнага. Трыумфальнае шэсце алімпійцаў Казахстану выклікала незадаволенасць значнай часткі грамадства. Прычына — сярод шасці залатых
прызёраў гульняў да апошняга дня не было ніводнага прадстаўніка казахскага этнасу.
«Чыноўнікі, каб задаволіць свае апетыты, купляюць на народныя грошы легіянераў, што не ёсць правільна. Калі гнілы рэжым затрашчыць па швах — будзе перагледжана палітыка. А пакуль
акрамя нур-атанаўцаў (Нур Атан — праўладная партыя ў Казахстане), ніхто асабліва не цешыцца гэтымі алімпійскімі перамогамі. Простаму народу не да іх», — адзначыў блогер
Агай.
Нават чыноўнікі прызналі перакос наконт колькасці легіянераў. Прэзідэнт Федэрацыі студэнцкага спорту Казахстана Кайрат Закір’янаў адзначыў: «Вынік у параўнанні з Алімпіядай у
Пекіне, вядома, каласальны, але я лічу, што гімн Казахстана павінен гучаць у гонар казахаў. У нас з сямі залатых медалёў толькі адзін заваяваў этнічны казах. Дух спорту і патрыятызму ахапіў увесь
Казахстан, мы ж жылі Алімпіядай усе гэтыя дні, але ў большасці гэта заслуга легіянераў. Я не прыхільнік чужых спартоўцаў, у далейшым нашу краіну павінны прадстаўляць тыя, для каго Казахстан
з’яўляецца радзімай».
Feuerdrachen піша: «Імпарт замежных спартоўцаў прывядзе толькі да ўзмацнення міжнацыянальнай варожасці. Гэтак жа, як і імпарт кітайскай працоўнай сілы прыводзіць да адчування казахамі сваёй
непатрэбнасці ва ўласнай краіне».
Здаецца, так і адбываецца, паколькі ў інтэрнэце ўзнікла тэорыя пра тое, што спартыўны дух змагання супярэчыць казахскаму менталітэту. «Правільна сказана, «што пасееш, тое і
збярэш». Кожны атрымлівае медалі па сваёй працы. Ні для каго не сакрэт, што лянота — якасць, уласцівая большасці нашых казахаў, да таго ж вядомая карумпаванасць сярод саміх казахаў
(гэта значыць, сярод трэнераў). А так у нас нямала здольных барцоў, баксёраў, што могуць заваяваць золата... Таму не маюць сэнсу такія дурныя пытанні: «Чаму не казахі?» —
піша нехта Жулдыз Абдыльда.
Як і трэба было чакаць, некаторыя думаюць, што ўлады натуралізавалі так шмат замежных спартсмена, каб любым коштам адцягнуць інтарэс публікі ад судовай расправы над удзельнікамі рабочых пратэстаў у
Жанаазене.
Нарэшце, шмат казахскіх патрыётаў пабачылі ў поспехах легіянераў пагрозу асіміляцыі карэннай нацыі. Справа ў тым, што некаторыя аналітыкі трактавалі ў большасці пазітыўную рэакцыю грамадства на
перамогі ў Лондане як прыкмету гатоўнасці казахаў прыняць так званую грамадзянскую, а не нацыянальную формулу казахскага нацыяналізму.
«Падчас Алімпіяды выразна выяўляліся прыкметы грамадзянскага нацыяналізму. Гэта значыць, жыхары Казахстана не акцэнтавалі ўвагу на нацыянальнасці пераможцаў і прынялі перамогу прызёраў як
агульную для ўсіх. Алімпіяда паказала, што ў Казахстане існуе мадэль грамадзянскага нацыяналізму, — піша палітолаг Рустэм Кадыржанаў.
Такую пазіцыю падтрымалі нават некаторыя лібералы. Так, казахская служба Радыё «Свабода» цытуе аднаго з мясцовых праваабаронцаў. Ён сцвярджае: «Алімпійскія перамогі
аб’ядналі казахаў, далі нам магчымасць адчуць сябе адзінай паспяховай нацыяй. Зараз грамадству трэба накіраваць сілы на перамогі ў рэалізацыі правоў чалавека, на дэмакратызацыю палітычнай
сістэмы і стварэнне адзінай грамадзянскай нацыі».
Такі падыход да вынікаў Лондана–2012 яшчэ больш насцярожыў нацыяналістаў. Праблема ў тым, што гэта рыторыка пра грамадзянскі нацыяналізм вельмі моцна нагадвае нядаўнюю ініцыятыву ўраду
наконт стварэння новай нацыі «казахстанцы», што лагічна патрабуе знішчэння ў пашпарце графы «нацыянальнасць» і тэрміна «казах». Справа ў тым, што
ў Казахстане праблема нацыянальнага дуалізму. Рускамоўныя называюць сябе «рускімі», а казахі — «казахамі». Каб аб’яднаць грамадства, і прыдумалі
новы народ «казахстанцы».
У спрэчках наконт «казахстанцаў» моцна гучалі галасы пратэсту прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія ўбачылі тут намер асіміляцыі казахаў як асобнага этнасу. У выніку пратэстаў (адзін
пісьменнік нават абвясціў галадоўку) ад ідэі стварэння «казахстанцаў», здаецца, адмовіліся. І вось цяпер улада дзякуючы спорту атрымала шанец зноў рэанімаваць стары план. Прычым на
гэты раз пры падтрымцы ліберальнай часткі апазіцыі.
Такая перспектыва папросту раз’юшыла свядомых казахаў. «Соплі распусціў? Казахскую мову лепш вучы. Не трэба ісці супраць плыні... а свае тэрміны, накшталт
«ура-патрыятызму», пакінь для іншых краін і народаў. Тут Казахстан, а не Амерыка. Нам, казахам, не трэба даказваць, што мы — казахі, і што тут зямля нашых продкаў.
Флэш-мобы пакіньце сабе... Не трэба тут жаргон — а-ля дэмакратыя — разводзіць. Казахстан — гэта старажытная зямля са старажытнымі традыцыямі. І вы не ў сілах гэта змяніць,
як бы вы ні імкнуліся, тут не Еўропа. Так, я ў адрозненне ад цябе, гарадскога мігранта, капаўся ў гноі ўсё дзяцінства, прыбіраў за каровамі, баранамі, канямі, я — працоўны чалавек, я з аула.
Казахстан — толькі па шляху ўмацавання казахскай дзяржаўнасці. Калі табе гэта не падабаецца, гэта твая праблема. Не стой на шляху ў табуну коней...» — піша нехта Алдаспан
на адным з форумаў.
Лібералы ў сваю чаргу кажуць, што іншага выйсця, каб забыць пра графу «нацыянальнасць», у Казахстана, калі ён хоча быць дэмакратычнай сучаснай дзяржавай, папросту няма. Блогер
Астана піша: «Нідзе ў свеце так пытанне не ставіцца. Толькі ў Казахстане, як заўсёды, пачынаюць выцягваць соплі з ноздраў. Якая розніца, якой нацыянальнасці чалавек. Галоўнае, што ён
грамадзянін краіны. Паглядзіце на каманду ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. Галоўным чынам негры прадстаўлены ў гэтых камандах. Але ніхто так пытанне там не ставіць. Час нам пазбаўляцца ад гэтых
комплексаў, калі мы жадаем стаць цывілізаванай дзяржавай».
Пакуль што спрэчкі казахаў вакол Лондану–2012 працягваюцца, аднак нават не ведаючы іх фіналу можна казаць пра тое, што пагоня за медалямі згуляла дурны жарт з Астаной. Замест эйфарыі і ўгару
лаяльнасці і патрыятызму, улады атрымалі яшчэ большы раскол грамадства па нацыянальнаму пытанню і садзейнічалі такой з’яве, як адчужэнне людзей ад дзяржавы, што, з улікам мясцовай спецыфікі,
часта спрыяе росту інтарэсу да радыкальных тэорый ісламу.
Хаця нехта Ергенекон ужо прыдумаў хітры план, як замірыць рускіх і казахаў: «Туркі нас завуць KAZAKiSTAN, разумеючы, што мы казакі, а не казахі. Мне здаецца, што пераход на саманазву
«КАЗАК» будзе вітацца нашымі рускімі — яны могуць заганарыцца і сказаць: «Нашу гістарычную назву «казак» нам вярнулі
цюркі-казахі».