«Калядная разня». У Нігерыі мусульмане забілі амаль 200 хрысціян
Колькасць ахвяр разні ў хрысціянскіх вёсках у Нігерыі дасягнула 198 чалавек. У нападзе падазраюць жывёлагадоўцаў-мусульман.
Колькасць ахвяр масавай разні, якая адбылася ў населеным пераважна хрысціянамі нігерыйскім штаце Плато ў перадкалядныя дні, дасягнула 198 чалавек. Як паведамляе «France 24» са спасылкай на мясцовыя ўлады, 148 сельскіх жыхароў былі забіты ў раёне Бакас, яшчэ па меншай меры 50 ахвяр налічылі ў раёне Баркін-Ладзі.
Губернатар Плато Калеб Мутфванг паведаміў, што 23-24 снежня нападу падвергліся 17 населеных пунктаў, большасць дамоў у іх былі спалены. Пры гэтым некаторыя мясцовыя жыхары паведамілі журналістам, што праваахоўныя органы больш за 12 гадзін не рэагавалі на паведамленні аб нападах.
Ніводная групоўка пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за разню. Мяркуецца, што за забойствамі стаяць пастухі-мусульмане з племя фулані. Прадстаўнікі гэтага племя неаднаразова здзяйснялі напады і масавыя забойствы ў паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах Нігерыі. У гэтых раёнах назіраецца шматгадовы этнарэлігійны канфлікт, які пагаршаецца спрэчкамі паміж фермерамі-хрысціянамі і жывёлагадоўцамі-мусульманамі за зямельныя і водныя рэсурсы.
«Reuters» паведамляе са спасылкай на відавочцаў, якія выжылі,
што баевікі былі ўзброены агнястрэльнай зброяй і мачэтэ.
Як піша нігерыйская газета «Daily Post», барацьба з падобнымі нападамі была ключавым перадвыбарным абяцаннем прэзідэнта Нігерыі Бола Цінубу (мусульманіна паводле веравызнання), які прыйшоў да ўлады ў траўні. Кіраўнік «Amnesty International» у Нігерыі Іса Санусі заявіў, што адміністрацыя Цінубу, як і папярэднія, не змагла прыняць адчувальныя меры для абароны жыхароў і пакарання злачынцаў. Нігерыйскія праваабаронцы назвалі разню ў Плато спланаваным актам генацыду.
Тое, што адбылося, стала самым масавым забойствам у Нігерыі з 2018 года, калі былі забіты больш за 200 чалавек.
Нагадаем, Нігерыя не з’яўляецца монарэлігійнай краінай. Дамінуючыя рэлігіі ў дзяржаве, дзе пражывае звыш 213 мільёнаў чалавек, іслам (яго вызнае каля 50% жыхароў) і хрысціянства (каля 48%).
Паводле theins.ru.