Калумбія. Боснія і Герцагавіна. Ісландыя. Германія

Калумбія  

Калумбія

Партызанская групоўка “Вайсковыя рэвалюцыйныя сілы Калумбіі (FARC) у аднабаковым парадку пачала маштабную аперацыю. Па сваёй волі FARC выпусціла шэсць заложнікаў — пяць палонных паліцэйскіх і аднаго салдата. FARC — мааісцкай арганізацыя, якая кантралюе значную частку краіны. Захоп шэсць гадоў таму Інгрыд Бетанкур — грамадзянкі Калумбіі і Францыі, кандыдата ў прэзідэнты, якую вызвалілі толькі ў мінулым годзе, вельмі негатыўна паўплываў на імідж FARC і адвярнуў ад арганізацыі былых саюзнікаў (прафсаюзы, левыя партыі) і часткова спонсараў (Венесуэла і Куба). Цяпер, каб вярнуць пазітыўны вобраз, FARC паступова выпускае заложнікаў. Больш таго, як заявіў кубінскі сенатар-камуніст, які кантактуе з FARC, хутка будуць вызваленыя ўсе заложнікі. Вызваленне пройдзе ў тры этапы. Усяго FARC да гэтага часу ўтрымлівае 700 заложнікаў з трох тысяч, якія былі захоплены за 40 гадоў вайны ўладаў і паўстанцаў.

Боснія і Герцагавіна

Боснія і Герцагавіна — краіна, якая ўзнікла ў 1995 годзе пасля вайны на Балканах як дзіўны кангламерат з сербскай, мусульманскай і харвацкай зонаў. Праз 14 гадоў мясцовыя палітыкі палічылі такі фармат не самым аптымальным. Напрыканцы студзеня паміж вядучымі партыямі трох этнічных камунаў была падпісана дамова аб новай формуле дзяржаўнай арганізацыі. Такім чынам, бліжэйшым часам край будзе складацца з чатырох адміністратыўных адзінак: мусульманскай, сербскай, харвацкай і федэральнай зонаў (сталічны горад Сараева). Акрамя таго, мусульмане і харваты сфармуюць дадатковую адміністратыўную адзінку ў межах федэрацыі. Хаця афіцыйна ўсе падпісанты сцвярджаюць, што сэнс новай схемы — аптымізаваць дзейнасць дзяржаўнага апарату. Шматлікія эксперты кажуць, што з падпісаннем дакументу пачаўся падзел краю як мінімум на дзве часткі: сербскую і мусульманска-харвацкую. Прычым падзел можа адбыцца хутчэй, чым думаюць некаторыя. 23 лютага ў горадзе Мастар пройдзе новая сустрэча партый з гэтай нагоды. У той жа дзень можа пачацца пахаванне Босніі і Герцагавіны.

Ісландыя

Для Ісландыі, якая апынулася ў крызісе, адзінае выратаванне — гэта ўступленне ў Еўрасаюз. Так думаць усё больш ісландцаў, якія доўгі час круцілі носам, калі мова ішла пра магчымае ўступленне краіны ў склад ЕС. Цяпер настроі ў грамадстве абсалютна іншыя. Крыніцы ў дзяржаўных структурах Рэйк’явіка кажуць, што заяўка будзе пададзена ў маі, пасля датэрміновых выбараў у парламент. Паколькі ўзровень жыцця і стан дэмакратычных інстытутаў краіны не выклікае сумневаў, прыём Ісландыі ў структуры будзе справай хутчэй тэхнічнай. Праўда, Олі Рэён, еўрапейскі камісар па справах пашырэння, кажа, што ЕС звычайна не прымае краіны паасобку. Таму калі Ісландыя і ўступіць у Саюз, то разам з іншай краінай. Цяпер галоўны кандыдат на сяброўства ў Еўрасаюзе — Харватыя, якую павінны прыняць у 2011 годзе. Дарэчы, нягледзячы на той факт, што ў Ісландыі дэмакратыя ўзнікла раней, чым у шматлікіх краінах Еўропы, некаторыя партыі ў ЕС выступілі супраць ісландскіх амбіцый. Мова пра кансерватараў Нідэрландаў, якія лічацца самымі заўзятымі праціўнікамі прыняцця ў ЕС Турцыі. Кансерватары баяцца, што краіна з дэфолтам нацыянальнай валюты — не вельмі добры падарунак для эканомікі ЕС.

Германія

Да 2014 года ў Лейпцыгу павінен з’явіцца манумент адзінству і свабодзе ў памяць пра мірную рэвалюцыю ў былой ГДР у 1989 годзе. Пра гэта паведаміў міністр культуры Германіі Бернд Нойман.

Лейпцыг быў адным з цэнтраў пратэстаў супраць парушэння грамадзянскіх правоў у ГДР. Федэральны ўрад гатовы выдзеліць на ўзвядзенне помніка да пяці мільёнаў еўра.

Раней бундэстаг ужо прыняў рашэнне пра стварэнне помніка адзінству на палацавай плошчы ў Берліне.