Каму закон СССР не пісаны?

Ужо хутка ва Украіне можна будзе сеяць індыйскія каноплі і не вучыць рускую мову. Гэтыя і многія іншыя практыкі будуць легалізаваныя дзякуючы запланаванай на май адмене ўсіх (!) законаў савецкага часу.

 Фота www.focus.ua

 Фота www.focus.ua

Ідэю адмяніць усе законы, якія былі прынятыя да 1991 года, высунуў кіраўнік Мінюста Павел Пятрэнка (партыя «Народны фронт»). Яго падтрымаў прэм’ер-міністр Гройсман. «Дэкамунізацыя» нарматыўна-прававой базы прызначаная на гэты месяц, а дакладней — на 16 мая, калі збярэцца парламент, якому прапануюць адпаведны законапраект.

Непасрэдна праект закона прадугледжвае страту дзеяння на працягу 6 месяцаў усіх падзаконных актаў міністэрстваў, ведамстваў, камісій, прэзідыумаў, якія былі прынятыя да здабыцця Украінай незалежнасці. На працягу года з моманту набыцця моцы згаданага закона адмяняюцца ўсе законы УССР і СССР, якія дзейнічаюць ва Украіне. Нарэшце, на працягу яшчэ трох гадоў страцяць сілу ўсе савецкія кодэксы. Усяго пад закон патрапяць каля 5700 актаў.

Навошта спатрэбілася такая радыкальная рэформа? Па-першае, сапраўды, у прававых рэестрах вельмі шмат анахранізмаў і кур’ёзаў. Напрыклад, ва Украіне да гэтага часу дзейнічае норма пра прымусовае лячэнне і працоўнае перавыхаванне хранічных алкаголікаў, наркаманаў і… дармаедаў. Адзін з законаў патрабуе ад кожнага ўкраінца абавязковага вывучэння рускай мовы. Да экзатычных законаў савецкай мінуўшчыны адносіцца і пастанова, якая забараняе сеяць на тэрыторыі Украіны чуйскія і індыйскія каноплі.

Па-другое, аўтары законапраекту лічаць, што яго прыняцце дасць магчымасць «паставіць кропку ў каланіяльным мінулым прававой сістэмы Украіны, якая арыентавалася на працягу 25 гадоў незалежнасці яшчэ на імперскія акты, прынятыя савецкім рэжымам».

Прапанову Пятрэнкі ўспрынялі неадназначна нават у лагеры прыхільнікаў Майдана. Некаторыя непакояцца, што суседнія краіны, скарыстаўшыся «законам Пятрэнкі», атрымаюць дадатковы козыр для прад’яўлення тэрытарыяльных прэтэнзій Украіне або іскаў аб рэстытуцыі. Законы і ўказы аб уваходжанні ў склад Украіны Букавіны, Заходняй Украіны, Закарпацця прымаліся Вярхоўнымі Саветамі СССР і УССР.

У дадатак ініцыятары закону заклікаюць разглядаць Украіну як нашчадка Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР), якая існавала ў кароткі час у гады Грамадзянскай вайны. Фішка ў тым, што нават на этапе кульмінацыі дзяржаўнага будаўніцтва УНР яе мяжы не ўключалі Крым. Іншымі словамі, дзякуючы «закону Пятрэнкі» Кіеў аднабакова адмаўляецца ад сваіх прэтэнзіі на паўвостраў. Як адзначае папулярны палітолаг Руслан Бортнік, «адмена ўсіх савецкіх законаў будзе азначаць юрыдычны калапс нашай дзяржаўнасці». Каб супакоіць грамадскасць, ва ўрадзе Гройсмана загадзя адзначаюць, што рашэнне аб дэкамунізацыі права не азначае адмены ратыфікацыі міжнародных дамоў, якія падпісваліся да незалежнасці Украіны.

Іншыя крытыкі законапраекта звяртаюць увагу на тое, што яго прыняцце можа выклікаць татальны хаос у заканадаўстве. У сувязі з гэтым нават многія прыхільнікі дэкамунізацыі (напрыклад, палітолаг Уладзімір Фясенка) заклікаюць быць з ініцыятывай Пятрэнкі максімальна акуратнымі. Фясенка, напрыклад, не разумее, што рабіць у будучым з дыпломамі, якія выдаваліся ў савецкі перыяд.

З улікам таго, што закон прымаюць хутка, у сеціве паўстала канспіратыўная тэорыя пра тое, што «закон Пятрэнкі» лабіруе адзін з алігархічных кланаў. Украіна знаходзіцца на парозе прыняцця закона пра прыватызацыю зямлі. Сусветна вядомы ўкраінскі чарназём — велізарны куш, за які ўжо зараз разгортваюцца баталіі. Адмена законаў СССР і УССР, якія ў тым ліку рэгламентуюць межы раёнаў, дазволіць чыноўнікам, якія прымаюць кіраўнічыя рашэнні, адвольна тлумачыць нарматыўна-прававыя акты. Галоўны профіт пры такім сцэнары атрымае партыя ўлады — клан Пятра Парашэнкі, які кантралюе вертыкаль.

Яшчэ адна версія — нехта ў Мінюсце марыць распілаваць бюджэт. Працэс дэкамунізацыі Украіны абышоўся падаткаплацельшчыку ў 200 мільёнаў долараў, а на поўную перазагрузку прававой базы спатрэбіцца ніяк не менш.

З іншага боку, наяўнасць матэрыяльнага падтэксту ў законапраекце Пятрэнкі — гарантыя таго, што закон у парламенце, дзе хапае лабістаў іншых алігархаў, чакае няпросты лёс. Раней дэпутаты заблакавалі законапраект таго ж «Народнага фронту» пра «папярэднія канфіскацыі», які дазваляў канфіскоўваць без суда актывы ўсіх падазраваных у сувязях з Януковічам.

Нягледзячы на вялікі рэзананс у прэсе, пакуль перспектыва з'яўлення такога закона здаецца сумнеўнай, — каментуе для НЧ кіеўскі журналіст Юрый Палянін. — Савецкая нарматыўна-прававая база — гэта яшчэ і розныя дробныя нарматывы: стандарты якасці, тэхнічныя рэгламенты аж да правілаў пажарнай бяспекі і правілаў карыстання ліфтам. Акрамя таго, ёсць негатыўны досвед. Адмена шэрагу савецкіх нарматываў пра лясную службу ўвесну 2014-га да восені прывяла да хвалі лясных пажараў.

Гэтая ініцыятыва ўпісваецца ў цяперашнюю падрыхтоўку ўсіх партый да пазачарговых парламенцкіх выбараў, калі ўрадавыя партыі спрабуюць спадабацца электарату, адцягнуць увагу грамадства ад неэфектыўнага кіравання і іншых правалаў, — лічыць Палянін. — Асаблівая праблема ў «Народнага фронту», рэйтынг якога вагаецца ў межах аднаго працэнту. А тут яшчэ патэнцыйныя канкурэнты з «Блока Пятра Парашэнкі» рыхтуюць на май супершоў — завочны суд над Януковічам, які закліканы вярнуць БПП імідж вядучай партыі Майдану. Хутчэй за ўсё, падчас дэбатаў у парламенце пераможа падыход: каб адмяніць старыя ўказы і законы, спачатку трэба, як мінімум, прыдумаць новыя.