Год папраўчых работ — за абліты фарбаю бюст Леніна
Год папраўчых работ і 15 працэнтаў з заробку за абліты фарбаю бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна атрымаў жыхар Малеча Віталь Шылінец.
Дзяржаўны абвінаваўца Якубец запатрабавала пакараць Шылінца па крымінальнаму артыкулу двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку.
Паводле выраку суддзі Бярозаўскага суда Наталлі Вакульчык, Шылінец пакараны годам папраўчых работ з адлічэннем 15% з заробку.
Віны сваёй па крымінальнаму артыкулу абвінавачаны не прызнаў. Ён лічыць, што помнікі злачынцу Леніну не павінны стаяць на беларускіх плошчах.
Шылінец адзначае:
— Ленін разагнаў заканаўчы канстытуцыйны орган — Устаноўчы сход. Бальшавікі расстралялі мірную дэманстрацыю, якая была нязгодная з гэтым разгонам, што прывяло да грамадзянскай вайны і да мільёнаў-мільёнаў ахвяраў… Не было такога чалавека, хто б сказаў, што я зрабіў нешта не так. Многія выказвалі салідарнасць са мной.
Па словах намесніка дырэктара па гаспадарчай часці аграфірмы “Малеч” Віталя Дзюка, бюст не стаіць нідзе на балансе, паставілі дзесьці ў 80-м годзе. Да гэтага бюст ніхто не чапаў. Таму мальчукі былі абураны ўчынкам Шылінца.
Але ніякага асуджэння не было, пагаварылі і ўсё, сказаў адзін з жыхароў Малеча:
— Гэта вёска — тут усё абмяркоўваюць. Не тое што помнік Леніну абліць, можна было і дзверы абліць, і таксама абмяркоўвалі б, бо гэта ж вёска.
Паводле Віталя Шылінца, ён намераны абскардзіць прысуд Бярозаўскага суда. Беларускае Радыё Рацыя