Каму кіраваць Александрэтай?
Цяперашні ўсплёск напружанасці ў адносінах паміж Турцыяй і Сірыяй можа пахаваць амаль адзіны ў сучаснай гісторыі прыклад мірнага ўладкавання міжнацыянальнага канфлікту на Блізкім Усходзе.
Той, хто бачыў афіцыйную карту Сірыі, можа лёгка заўважыць, што контуры краіны на ёй трошкі не падобная на тыя, што выяўлены на мапах іншых дзяржаў. Гэта адбылося за кошт турэцкай тэрыторыі, якую
сірыйскія картографы прымалявалі да Сірыі. Правінцыя Александрэта (малая Александрыя, або па-турэцку Скандэрун, Іскандэрун) — старадаўні яблык разладу не толькі паміж Турцыяй і Сірыяй, аднак
таксама паміж Турцыяй і арабскім светам. Напрыклад, Эль-Рыяд дасюль дазваляе выхадцам з гэтага рэгіёну падарожнічаць у Саудаўскую Аравію без візаў, як бы даючы зразумець: Александрэта —
арабская тэрыторыя.
Канфлікт паўстаў у 1920-я гады, калі пасля Першай сусветнай вайны паводле канферэнцыі ў Сан-Рэма вызначаліся кардоны паміж Турцыяй і Францыяй. Апошняй па выніках Версальскай дамовы дастаўся мандат на
Сірыю. А Александрэту ўключылі ў склад сірыйскага мандату, што не вельмі спадабалася туркам. У 1923 годзе Атацюрк выступіў са спецыяльнай прамовай, у якой падкрэсліў, што Александрэта —
акупаваная іншаземцамі частка турэцкай айчыны.
Паралельна ішоў працэс станаўлення арабскага і сірыйскага нацыяналізму, бацька якога Антун Саадэх увесь час падкрэсліваў ролю гэтай зоны для Сірыі. Па яго словах, кантроль над Александрэтай мусіў
гарантаваць бяспеку не толькі для Сірыі, аднак для ўсяго арабскага свету.
У 1936 годзе ў правінцыі ўспыхнулі міжэтнічныя беспарадкі, якія далі нагоду для Анкары патрабаваць у Лігі Нацый перагляду статусу Александрэты. Францыя пагадзілася прызначыць выбары ў мясцовую
Асамблею, якая павінна была вызначыць лёс краю. Праз год пачалася рэгістрацыя выбаршчыкаў у тутэйшы парламент. Рэгістрацыя выклікала пратэсты з боку арабаў, паколькі турэцкія ўлады загадалі туркам
— жыхарам памежных правінцый, пераходзіць кардон і рэгістравацца ў выбарчых участках на тэрыторыі Александрэты. Адпаведна, вынікі выбараў былі на карысць турэцкага выбарчага спісу —
22 з 40 месцаў у Асамблеі дасталася прадстаўнікам турэцкай грамады.
Так пачалася паступовая інкарпарацыя краю ў склад Турцыі, пераходным этапам якой было стварэнне незалежнай дзяржавы. 2 верасня 1938 года Асамблея абвясціла пра стварэнне новай дзяржавы —
Рэспублікі Хатай, якая знаходзілася адначасова пад патранатам Турцыі і Францыі. Так паўстала адна з самых цікавых дзяржаўных фармацый у гісторыі, прычым прызнаная міжнароднай супольнасцю. Нават назву
новай дзяржавы давялося прыдумваць з чыстага ліста. Назва Хатай паходзіць ад слова “хеты. Хеты — індаеўрапейскі народ, які ў бронзавы век жыў на паўночным захадзе Блізкага
Усходу.
Хаця Рэспубліка Хатай фармальна знаходзілася пад пратэктаратам як Францыі, так і Турцыі, усім запраўлялі туркі. Так, прэзідэнтам новай дзяржавы стаў былы дэпутат турэцкага парламенту. Турэцкая ліра
была прызнаная ў Рэспубліцы Хатай дзяржаўнай валютай. Нават сцяг быў прыдуманы асабіста Атацюркам. Затое Рэспубліка Хатай актыўна друкаваў свае маркі, якія з’яўляюцца цяпер пярлінай
у калекцый любога калекцыянера.
Гульня ў незалежнасць Рэспублікі Хатай цягнулася прыкладна год. Хутка Анкара пачала патрабаваць ад Парыжу цалкам адмовіцца ад Рэспублікі Хатай. У абмен кемалісты абяцалі падтрымку Францыі ў выпадку
магчымай пагрозы яе суседнім калоніям з боку Італіі і Германіі (апошнія праводзілі тады вельмі агрэсіўную палітыку ва ўсходняй частцы Міжземнага мора). Парыж пагадзіўся. У чэрвені 1939 года дэпутаты
Асамблеі Рэспублікі Хатай прагаласавалі за аб’яднанне з Турцыяй. Навіна выклікала шок сярод прадстаўнікоў мясцовай армянскай грамады, якія памяталі генацыд 1915 года, калі ў Асманскай Турцыі
было забіта каля 3 мільёнаў армян. Армяне і шматлікія арабы масава эмігравалі ў Сірыю.
З самага пачатку было відавочна, што трактат пра перадачу Александрэты быў вельмі супярэчлівым. Справа ў тым, што статус падмандатных тэрыторый забараняў перадачу іх часткі нейкай іншай краіне.
«Уладальнік мандату (Францыя) бярэ на сябе адказнасць за тое, каб ніводная частка тэрыторыі Сірыі і Лівана не перайшла пад кантроль іншаземнай сілы», — гаварылася ў
адпаведнай дыпламатычнай дамове.
Праўда, вядучыя краіны Антанты на той час гэты пункт Версальскай дамовы мала цікавіў. Напрыклад, брытанцы абяцалі сіяністам выдзеліць частку падмандатнай Палесціны для стварэння яўрэйскай дзяржавы. А
вось арабы такога кроку Парыжу не прабачылі. У Дамаску і іншых буйных арабскіх гарадах прайшлі маніфестацыі супраць здзелкі. Нічога дзіўнага, што ў 1946 годзе абвешчаная незалежнай Сірыя з першага
дня свайго існавання адмовілася прызнаваць факт прыналежнасці да Турцыі тэрыторыі Рэспублікі Хатай.
З часам праблема стала вельмі важнай і балючай для Анкары, паколькі атрымаць пропуск у Еўрасаюз Турцыя магла выключна ў тым выпадку, калі не будзе мець тэрытарыяльных спрэчак з краінамі-суседзямі.
Акрамя таго, Дамаск, каб у тым ліку адпомсціць туркам за Хатай, пачаў падтрымліваць курдскіх сепаратыстаў.
Аднак у 2005 годзе напружанасць вакол пытання былой Рэспублікі Хатай нечакана пачала падаць. Пасля ўзаемных візітаў лідараў Сірыі і Турцыі, хутчэй за ўсё, быў дасягнуты негалосны кампраміс. Дамаск
паступова аслабіў тон патрабаванняў вярнуць Александрэту. Як казаў тагачасны міністр замежных спраў Сірыі ў інтэрв’ю агенцтву «France Presse»: «Гэта пытанне, якое
не мае вялікага значэння цяпер, будзе вырашана ў будучыні, калі клімат узаемнага даверу дазволіць зрабіць гэта без цяжкасцяў. Пытанне будзе вырашана, аднак зараз яму не трэба надаваць вялікага
значэння».
Ізраільская прэса ў той час цытавала кіраўніка Цэнтра стратэгічных даследаванняў у Дамаску, які прызнаваў: «Нягледзячы на тое, што ў Сірыі і далей друкуюцца карты, у якіх Хатай
адлюстроўваецца як частка Сірыі, наступныя пакаленні сірыйцаў павінны будуць паступова пазбавіцца мары пра тое, што Александрэта калісьці стане сірыйскай».
Цікавасць ізраільцян да лёсу Рэспублікі Хатай не дзіўная. У Тэль-Авіве даўно думаюць, як зрабіць так, каб Галанскія высоты — акупаваная ізраільцянамі ў 1967 годзе частка Сірыі, якая мае
стратэгічнае значэнне, — былі фармальна прызнаныя часткай Ізраілю. На думку ізраільскіх дыпламатаў, прызнанне Сірыяй поўнага суверэнітэту над тэрыторыяй былой дзяржавы Хатай магло б стварыць
прэцэдэнт, якія дазволіць пачаць мірныя перамовы пра паступовы пераход пад апеку Ізраіля Галанскіх высотаў.
Зараз Турцыя амаль адкрыта падтрымлівае сірыйскую апазіцыю, што ў сваю чаргу ставіць крыж на мірным дыялогу з афіцыйным Дамаскам. Такім чынам, у любы момант зноў можа быць узнятае старое пытанне:
каму на самай справе павінна належаць Александрэта? Гэта можа адкінуць міратворчы працэс на Блізкім Усходзе на некалькі дзесяцігоддзяў назад.