Канец адной мары

У Грузіі назіраецца працэс масавага расчаравання ўладай, якая прыйшла на змену адміністрацыі Саакашвілі. Аднак перспектыва вяртання ва ўладу Мішы пасля парламенцкіх выбараў усё ж спрэчная, распавядае ў размове з журналістам НЧ Алегам Новікавым грузінскі актывіст Мурат Жванія. 



photo_67406.jpg

— У 2013 годзе ў Грузіі закончылася эра Саакашвілі. Архітэктар рэформаў нават вымушаны быў збегчы з краіны, якая раней вітала прыход да ўлады кааліцыі «Грузінская мара». Як можна ацаніць вынікі яе праўлення?

— Асабліва камандзе Бідзіны Іванішвілі (алігарх, які стаіць за «Грузінскай марай») ганарыцца няма чым. Пра гэта можа сведчыць хуткае скарачэнне сяброў яе парламенцкай фракцыі, якія відавочна клапоцяцца пра сваю палітычную будучыню. На падзенне даверу да дзеючай адміністрацыі ўплываюць некалькі прычын. Гэта не выкананыя выбарчыя сацыяльна-эканамічныя абяцанкі, якія шырока раздаваліся. Кожнай вёсцы абяцаліся мільённыя інвестыцыі, а сярэднія заробкі мелі вырасці да 400 долараў. Па-другое, гэта відавочнае праяданне ўсяго, што зрабіў Міша. Пасля яго сыходу ніякіх буйных праектаў урад не рэалізуе. Нарэшце, працягваецца эканамічны крызіс. Калі Саакашвілі пакідаў пасаду прэзідэнта, долар каштаваў паўтары лары. Цяпер ён цягне амаль на два з паловай, а памеры заробкаў і пенсій практычна не змяніліся. Тых грошай, што атрымліваюць пенсіянеры або занятыя ў бюджэтнай сферы, часта папросту не хапае на фізічнае выжыванне. Напрыклад, звычайна пенсія складае 150 лары, а настаўніца ў сярэднім атрымлівае 250 лары.

— Адным з галоўных дасягненняў Саакашвілі была рэформа паліцыі. Якое месца займае МУС у палітыцы «Грузінскай мары»?

— Новая паліцыя, безумоўна, была прарывам для Грузіі. Дастаткова казаць, што пасля той рэформы ўпершыню паводле сацыялагічных апытанняў большасць грузінскіх дзяцей перасталі марыць быць «злодзеямі ў законе» надаючы перавагу службе ў паліцыі. Паліцыя атрымала вялікі заробак, шмат ільготаў і, як следства, яе перасталі цікаваць хабары. Спачатку было вельмі дзіўна, паколькі раней хабарніцтва ў МУС было звычайнай справай, не кажучы пра поўнае прававое бязмежжа.

Пасля Мішы паліцыя заставалася вельмі паважаным інстытутам у грамадстве, аднак не ў вачах улады. Хапае выпадкаў, калі паліцэйскіх, якія затрымлівалі родных або каханкаў чыноўнікаў, праз нейкі час звальнялі. Важна таксама нагадаць, што пратэсты супраць Саакашвілі падтрымаў вельмі добра арганізаваны грузінскі крыміналітэт. Не дарма адным з першых крокаў новай улады стала амністыя для злачынцаў аж да вызвалення вядомых наркадылераў. Гэта, дарэчы, кепска паўплывала на крымінальную статыстыку. Паступова вяртаюцца часы, калі ўначы лепш не выходзіць на вуліцу.

— Іванішвілі ішоў на выбары пад лозунгам паляпшэння адносінаў з Расіяй, а яго галоўны канкурэнт — Саакашвілі — знайшоў прытулак у постмайданаўскай Украіне. Ці існуе пагроза, што Грузія будзе вяртацца пад крыло Масквы?

— Як вы бачыце, ніякіх асаблівых зменаў у расійска-грузінскіх адносінах за год не было. Хіба што градус напружанасці паміж краінамі не такі моцны. Іванішвілі абяцаў вярнуць даваенныя квоты для грузінскіх прадуктаў на расійскім рынку, аднак гэта таксама аказалася нерэалізаваным перадвыбарчым лозунгам. Агульных маштабных геапалітычных ініцыятыў таксама няма. У прынцыпе, такая млявасць дзеянняў характэрная для ўсіх сфераў працы ўраду. Пасіў­насць МЗС у расійскім напрамку спрабуе выкарыстаць палітык Ніно Бурджанадзэ, якая шмат часу праводзіць у Расіі і публічна прызнала анексію Крыму і г.д. Аднак замеры папулярнасці паказваюць, што прамаскоўская сіла мала запатрабаваная сярод грузін. У Бурджанадзэ ўсяго 8–10 працэнтаў падтрымкі. Абсалютная большасць грузін, і перш за ўсё моладзь, арыентаваная на Еўропу.

— Ці сочаць у Грузіі за палітычнай кар’ерай Саакашвілі ва Украіне, і наколькі магчымы варыянт вяртання яго на радзіму? Як людзі ставяцца да такога сцэнару?

— У Саакашвілі, або, хутчэй, у яго прыхільнікаў, захаваліся медыйныя рэсурсы, якія рэгулярна інфармуюць аб тым, што робіць ва Украіне былы прэзідэнт. У дадатак ён падтрымлівае сталыя кантакты са сваёй партыяй «Нацыянальны рух». Сам ён кажа, што вернецца, калі гэтага будзе патрабаваць грузінскі народ. Што тычыцца простых грузін, то нават пры ўсіх правалах курсу «Грузінскай мары», вяртанне Саакашвілі падтрымліваюць не ўсе. Баяцца, што ён і яго адна­думцы пачнуць помсціць.

— Калі падарожнічаць па Грузіі, можна пабачыць гатэльныя комплексы, аўтатрасы, шпіталі, якія «пабудаваў Міша». Гэта дасягненні, якія так ці інакш выглядаюць лепшай, а галоўнае — рэальнай альтэрнатывай цяперашняму «застою». Хіба ўжо гэтага не дастаткова, каб нацыяналы перамаглі ў наступным годзе?

— Нацыяналы могуць перамагчы за кошт міфу пра Саакашвілі, плюс, натуральна, за кошт пратэстнага галасавання. Аднак гульня будзе больш складанай, паколькі ніхто так проста аддаваць уладу не збіраецца. Напрыклад, апошнім часам з экранаў не сыходзіць асоба былога міністра абароны ў кабінеце «Грузінскай мары», які пайшоў у адстаўку з-за флірту Іванішвілі з Масквой. Ён выглядае як ідэальная фігура для таго, каб гуляць на запытах большасці грузінаў, будучы адначасова і супраць «Грузінскай мары», і супраць Мішы. На маю думку, хутка мы пабачым, як пад яго будзе стварацца нейкая новая палітычная сіла.