Каронавірус у свеце: Аўстралія адкрывае межы, у Фінляндыі вакцынуюць норак

Паводле сайта Worldometer, які падае статыстыку ў рэальным часе, на 1 кастрычніка ў свеце зарэгістравана 234,6 млн выпадкаў каронавіруса, памерлі 4,7 мільёна чалавек.

115491324_331040151239058_2037480190913863006_n_logo_1.jpg

Фота Дзмітрыя ДзмітрыеваАўстралія адкрывае межы

З сакавіка 2020 года Аўстраліі дзейнічаюць адны з самых строгіх памежных правілаў у свеце: з краіны забаронена выязджаць і заязджаць, гэта можна зрабіць толькі ў выключных выпадках — па працы ці з-за смерці сваякоў.
З лістапада гэтага года Аўстралія абяцае адкрыць межы, падаўшы сваім цалкам вакцынаваным грамадзянам права на выезд з краіны.
Жорсткая дзяржаўная палітыка, якая ставіла на мэце не дапусціць новых выпадкаў заражэнняў, у цэлым выклікала падтрымку ў насельніцтва, але шматлікія сем'і былі разлучаны амаль на два гады.
За ўсю пандэмію ў Аўстраліі зарэгістравана больш за 1300 смерцяў ад каронавіруса і больш за 107 тысяч заражэнняў.
"Прыйшоў час вярнуць аўстралійцам іх жыцці", — сказаў прэм'ер-міністр Скот Морысан.
Умовай для магчымасці падарожнічаць зноў стане дасягненне ўзроўню 80% цалкам вакцынаваных жыхароў у кожным штаце.
Адкрыццё межаў не азначае аднаўленне турызму. Для замежнікаў межы па-ранейшаму закрытыя, але аўстралійскі ўрад заявіў, што працуе над тым, каб зноў вітаць турыстаў на кантыненце.

У Румыніі ў пажары загінулі дзевяць пацыентаў кавіднага шпіталя
У выніку пажару ў бальніцы ў горадзе Канстанца на чарнаморскім узбярэжжы Румыніі загінулі дзевяць чалавек.
Пажар пачаўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, дзе лячылі пацыентаў з цяжкай формай Covid-19. У аддзяленні былі кіслародныя балоны, якія падарваліся і спрыялі хуткаму распаўсюджванню агню.
Падчас пажару ў бальніцы знаходзілася каля 100 чалавек, дзесяць з іх ляжалі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Каб выратавацца ад агню, людзям даводзілася выскокваць з вокнаў.
Гэта ўжо трэці пажар у Румыніі менш чым за год, ахвярамі якога сталі пацыенты бальніц. Пяць чалавек загінулі ў Бухарэсце ў студзені 2021 года і 10 — у горадзе П'ятра-Нямц на паўночным усходзе краіны ў лістападзе мінулага года.
Пасля пажараў жыхары Румыніі выходзілі на акцыі пратэсту супраць карупцыі і безгаспадарчасці ў сістэме аховы здароўя.

У Сірыі просяць аб дапамозеВыпадкі заражэння ў Сірыі ўзраслі да крытычнага ўзроўню, з якім больш не спраўляюцца бальніцы. У Сірыі практычна няма лекаў і вакцын, асабліва пакутуе рэгіён Ідліб, дзе знаходзяцца каля трох мільёнаў бежанцаў з розных куткоў краіны.
Колькасць новых выпадкаў заражэнняў там рэзка вырасла ў апошнія дні і цяпер перавышае тысячу ў дзень.
"Са жніўня па верасень пацверджаная колькасць выпадкаў заражэння на паўночным захадзе Сірыі вырасла на 144%", — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі Save the Children.
Дабрачынная арганізацыя паведаміла, што ва ўсім рэгіёне засталося каля дзясятка ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, і заклікала да экстранай міжнароднай дапамогі, каб прадухіліць яшчэ большую катастрофу.

"Смерць любога чалавека ад каронавіруса — гэта жудасна. Але калі мы бачым, як паміраюць дзеці і падлеткі — гэта невыносна. Свет не павінен адводзіць вачэй ад таго, што адбываецца ў Сірыі", — кажа Соня Хуш, прадстаўнік Save the Children у гэтай краіне.У Афрыцы цалкам вакцынаваны менш за 2% насельніцтва

Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ў палове афрыканскіх краін вакцынаваны менш за 2% жыхароў.
Толькі ў 15 з 54 краін кантынента атрымалася вакцынаваць не менш за 10% насельніцтва, тым самым дасягнуўшы да 30 верасня глабальнай мэты, пастаўленай Сусветнай асамблеяй аховы здароўя СААЗ.
"Краінам Афрыкі трэба прайсці доўгі шлях, каб дасягнуць мэты па поўнай вакцынацыі 40% насельніцтва да канца года", — сказаў Рычард Міхіга, каардынатар СААЗ па вакцынацыі ў Афрыцы.
Паводле яго слоў, сітуацыя з пастаўкамі вакцын палепшылася, але іх нерэгулярнасць і непразрыстасць планаў пастаўшчыкоў па-ранейшаму з'яўляюцца праблемай нумар адзін, якая стрымлівае масавую вакцынацыю жыхароў Афрыкі.
У верасні ў Афрыку даставілі 23 мільёны доз вакцыны, што ў 10 разоў больш, чым у чэрвені.
У Японіі змякчаюць абмежаванні

На 1 кастрычніка ў Японіі зарэгістравалі ўсяго 200 новых выпадкаў заражэння ў дзень, што з'яўляецца маштабным падзеннем у параўнанні з 5 тысячамі выпадкаў у дзень у жніўні, калі ў краіне бушаваў штам "Дэльта", які паставіў пад пагрозу працу сістэмы аховы здароўя.

Новыя лічбы прымусілі ўрад загаварыць аб адмене шэрагу абмежаванняў, якія дзейнічаюць у краіне апошнія паўгода.

У прыватнасці, гаворка ідзе аб дазволе на продаж алкаголю ў барах і рэстаранах да 8 вечара. У цяперашні час продаж алкагольных напояў унутры ўстаноў Японіі быў цалкам забаронены.

Рэстаратары такое рашэнне вітаюць, а вось прадстаўнікі медыцынскай галіны асцерагаюцца новага росту інфекцый.

"Пасля доўгага надзвычайнага становішча, якое дзейнічае ў краіне, будзе шмат жадаючых выйсці ў людзі, і гэта можа прывесці да росту колькасці заражэнняў. У мінулым годзе, калі не было вакцыны, адскок звычайна адбываўся праз тры тыдні пасля адмены абмежаванняў. Цяпер, калі каля 60 % японцаў вакцынаваны, сітуацыя можа быць лепшай, але мы ўсё роўна асцерагаемся абвастрэння ў лістападзе", — кажа Кодзі Вада, прафесар грамадскай аховы здароўя ў Міжнародным універсітэце здароўя і сацыяльнага забеспячэння ў Токіо.

Merck заяўляе, што стварыла эксперыментальную таблетку ад Covid-19

Фармацэўтычная кампанія Merck & Co. заявіла, што яе эксперыментальная таблетка ад Covid-19 знізіла колькасць шпіталізацыі і смерцяў удвая сярод людзей, нядаўна заражаных каронавірусам. Кампанія збіраецца атрымаць дазвол ад чыноўнікаў аховы здароўя ў ЗША на яе выкарыстанне.

Калі гэта адбудзецца, прэпарат Merck стане першай таблеткай, паказанай для лячэння Covid-19. Гэта вялікі крок наперад па барацьбе з пандэміяй, бо да гэтага часу ўсе метады лячэння, дазволеныя ў ЗША, патрабуюць унутрывеннага ўвядзення прэпаратаў.

Кампанія Merck і яе партнёр Ridgeback Biotherapeutics заявілі, што пацыенты, якія атрымлівалі прэпарат пад назвай малнупіравір на працягу пяці дзён пасля з'яўлення сімптомаў Covid-19, у два разы радзей паміралі і траплялі ў шпіталь, чым пацыенты, якія атрымлівалі плацэба.

У даследаванні ўдзельнічала 775 дарослых, заражаных каронавірусам. Пацыенты знаходзіліся ў станах рознай ступені цяжкасці, у тым ліку тыя, хто лічыцца больш схільным рызыцы цяжкага цячэння захворвання з-за спадарожных захворванняў.

Таблетка Merck уздзейнічае на фермент, які каронавірус выкарыстоўвае для капіявання свайго генетычнага кода і самапрайгравання.

Урад ЗША кажа, што закупіць 1,7 мільёна доз прэпарата, калі гэта будзе дазволена рэгулятарам. Merck заявіла, што гатова ажыццявіць 10 мільёнаў доз да канца года.

У Фінляндыі пачнуць прышчапляць норак

У Фінляндыі пачнуць выкарыстоўваць эксперыментальную вакцыну для жывёл, каб прышчапляць норак. Навукоўцы выявілі, што гэтыя жывёлы, якіх у краіне разводзяць дзеля футра, схільныя асаблівай рызыцы заражэння каронавірусам.

Норка — пакуль адзіная выяўленая жывёла, здольная перадаваць вірус чалавеку.

Данія, якая раней з'яўлялася найбуйнейшым экспарцёрам скурак норкі ў Еўропе, сутыкнулася з крызісам футравай прамысловасці пасля таго, як у лістападзе мінулага года мутаваны штам віруса распаўсюдзіўся па норкавых фермах. Усяго ў краіне тады было забіта каля 15 мільёнаў норак.

"Цяпер мы падрыхтавалі каля паўмільёна доз, якіх павінна хапіць, каб вакцынаваць усіх жывёл двойчы", — кажа Юсі Пеура, дырэктар па даследаваннях Фінскай асацыяцыі звераводаў, якая распрацавала вакцыну разам з даследнікамі з Хельсінкскага ўніверсітэта.

Паколькі клінічныя выпрабаванні гэтай вакцыны яшчэ не праводзіліся, то яе пакуль можна выкарыстоўваць пад строгім кантролем рэгулятараў толькі на зверафермах Фінляндыі. Эксперыментальная вакцына пакуль не дазволена да продажу ў іншыя краіны ЕС.

Паводле ВВС