Казахстан. Дэмакратызацыя ад Такаева

Кіраўнік Казахстана Касым-Жамарт Такаеў запусціў дэмакратызацыю краіны, падпісаўшы 25 траўня адпаведны пакет законаў. Аднак у лагеры апазіцыі асаблівай эйфарыі не назіраецца.

75tass_ts0aeefb.jpg


Цяпер для рэгістрацыі новай партыі неабходна сабраць 20 тысяч подпісаў замест ранейшых 40 тысяч. Каб правесці ў Казахстане мітынг, больш не трэба пытацца дазволу ўладаў, дастаткова толькі паведаміць у мясцовы выканаўчы орган. Прычым зрабіць гэта можна ўсяго за пяць дзён, а адрэагаваць улады павінны за тры дні.

Згодна з новай версіяй закона, пляцоўкі правядзення мітынгаў павінны знаходзіцца ў цэнтральнай частцы гарадоў і вёсак. А пікеты могуць праводзіцца ўвогуле практычна паўсюль, у тым ліку каля будынкаў дзяржорганаў. У новым законе няма таксама пункта аб праве ўладаў на спыненне мітынгу з-за неправамерных дзеянняў яго асобных удзельнікаў.

Афіцыёз разглядае рэформы Такаева як сапраўдную дэмакратычную рэвалюцыю. «Гэта перазапуск правілаў палітычнай канкурэнцыі, якія могуць і павінны стварыць пазітыўны фон і кантэкст перад будучымі выбарамі», — кажа адзін з праўладных палітолагаў.

Аднак у лагеры апазіцыі асаблівай эйфарыі не назіраецца. Крытыкі рэжыму называюць «перазапуск» касметычным рамонтам з мэтай нарасціць легітымнасць Такаева ў вачах міжнароднай супольнасці. Гэта ўзмоцніць пазіцыі прэзідэнта напярэдадні сыходу Назарбаева і пачатку барацьбы за ўладу. Апазіцыянеры звяртаюць увагу на тое, што папраўкі не паслабілі кантроль улады над рэгістрацыяй кандыдатаў, што дазволіць ёй і ў будучыні захоўваць статус-кво.