Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў распавёў пра працу па «беларускім следзе» ў забойстве Шарамета
Ва Украіне вядуцца следчыя дзеянні ў сувязі з інфармацыяй пра магчымую датычнасць беларускіх спецслужб да забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта 2 сакавіка распавёў у інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.
Паводле слоў Авакава, пытанне, чаму забілі Шарамета і хто быў заказчыкам забойства, «заўсёды ў гэтай справе вісела». Калі справа па абвінавачаных у выкананні забойства ўжо ў судзе, то справа па заказчыках выдзелена ў асобную крымінальную вытворчасць. І пасля з’яўлення інфармацыі пра магчымы «беларускі след» пачатыя адпаведныя следчыя дзеянні, паведамляе REFORM.by.
«Мы ўвесь час задаём пытанне: а які матыў? Вось мы ўбачылі адзін з [магчымых] матываў: калі беларускія спецслужбы палічылі, што ўсё ж Шарамет з’яўляецца нязручным чалавекам. Былі праведзены следчыя дзеянні, не так даўно, ужо пасля Новага года. Прыязджаў сюды гэты таварыш, ён даў паказанні. Паказанні цікавыя. І яшчэ ў нас там будзе два вельмі цікавыя следчыя дзеянні. А потым генеральны пракурор вырашыць, ці можна гэтую інфармацыю рабіць публічнай і што з ёю рабіць далей», — распавёў кіраўнік МУС Украіны.
Нагадаем, у пачатку года быў апублікаваны аўдыёзапіс, зроблены, як сцвярджае яго ўладальнік, былы сілавік Ігар Макар, у кабінеце кіраўніка КДБ. На ім чуваць абмеркаванне сілавой ліквідацыі крытыкаў Лукашэнкі, якія жывуць у эміграцыі за мяжой, у тым ліку Паўла Шарамета. Незалежная фаналагічная экспертыза прыйшла да высновы, што голас на запісе сапраўды належыць тагачаснаму кіраўніку КДБ Вадзіму Зайцаву.
Неўзабаве стала вядома, што запіс «выцек» яшчэ ў 2012 годзе і быў перададзены заходнім спецслужбам, а ў снежні 2020-га Ігар Макар перадаў яго і ўкраінскай паліцыі. Паведамлялася, што з ім распачаты следчыя дзеянні.
Вядомы журналіст Павал Шарамет быў выхадцам з Беларусі і пастаянным крытыкам палітыкі Лукашэнкі. З канца 1990-х ён працаваў у Маскве, і ў 2010-м улады Беларусі пазбавілі яго грамадзянства РБ. Ва Украіну ён пераехаў пасля анэксіі Крыма і пачатку вайны ў Данбасе, працаваў у вядучым выданні «Украінская праўда» і на радыё. Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля, які належаў кіраўніцы «Украінскай праўды» Алене Прытула. Вельмі хутка на відэазапісах з камер назірання былі выяўленыя людзі, якія, як мяркуецца, заклалі выбухоўку ў аўто.
Падазраваных затрымалі толькі праз тры гады, у 2019-м. Усяго былі затрыманы пяць чалавек, да суду падазраваных засталося трое. Праваахоўнікі падазраюць у забойстве ваеннага, валанцёра і музыку Андрэя Антоненку, хірурга і валанцёра Юлію Кузьменка і ваенную медсястру Яну Дугар. Матывам падазраваных следчыя лічаць жаданне дэстабілізаваць сацыяльна-палітычную сітуацыю ва Украіне. У другой палове 2020 года справа была перададзеная ў суд. Яна ўсё яшчэ разглядаецца судом прысяжных. Пры гэтым заказчыкі забойства невядомыя.