Колькі Зяленскіх трэба, каб заваліць аднаго Трампа?

Як жартуюць сёння ўкраінскія журналісты, Уладзімір Зяленскі можа ўвайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт Украіны, праз якога адбыўся імпічмент прэзідэнта ЗША.

15694158875d8b62cf6f0de3.59384770.jpg


Для прэзідэнта Украіны сённяшняя сустрэча з амерыканскім лідарам у Нью-Ёрку адначасова можа стаць як самым вялікім поспехам у яго палітычнай кар’еры, так і абсалютным правалам.

Напярэдадні сустрэчы Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага ўжо некаторы час набірае абароты грандыёзны скандал. Сутнасць скандалу звязаная з падазрэннямі ў магчымым ціску на Зяленскага ў тэлефоннай размове 25 ліпеня. У прыватнасці, лічыцца, што Трамп вымушаў Зяленскага аднавіць расследаванне інцыдэнту ў дачыненні да былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго сына Хантэра. У выпадку адмовы прэзідэнт Украіны рызыкаваў пазбавіцца $400 млн дапамогі па лініі Мінабароны. Улічваючы, што Байдэн-старэйшы выглядае найбольш верагодным супернікам Трампа на выбарах у 2020 годзе ад дэмакратычнай партыі, гэта выглядае, сапраўды не вельмі прыстойна.

У выніку ў Кангрэсе імкліва расце цікавасць да запісу размовы. Асабліва ў святле таго, што, калі будзе даказаны факт ціску на Зяленскага, можна дапусціць магчымасць імпічменту для Трампа. Старшыня камітэта па разведцы палаты прадстаўнікоў, прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Адам Шыффа згадаў, што ў такім выпадку «імпічмент можа стаць адзіным выхадам з сітуацыі». А лідар большасці ў Кангрэсе Нэнсі Пэласі, якая раней аспрэчвала любыя прапановы калегаў-аднапартыйцаў пра імпічмент амерыканскаму прэзідэнту, заявіла раніцай 25 верасня пра пачатак працэдуры. Хоць пакуль няма падстаў меркаваць, што гэта нешта большае, чым «новая стадыя расследавання». Сенатар-рэспубліканец Міт Ромні таксама прапанаваў паглядзець стэнаграму запісу.

Трамп лаканічна тлумачыць, што падчас тэлефоннай размовы з Зяленскім абмяркоўваў карупцыю. Менавіта і толькі ў гэтым кантэксце быў згаданы яго будучы супернік на выбарах у 2020 годзе – Джо Байдэн. Пра гэта, па паведамленнях USA Today, Трамп заявіў перад паездкай у Тэхас і Агаё.

Для Зяленскага ў такой далікатнай сітуацыі ёсць свае козыры. Мабыць, гэта першы выпадак за ўсю гісторыю ўкраінска-амерыканскіх адносін, калі ў двух прэзідэнтаў ёсць інтарэсы, якія перакрыжоўваюцца. Украінскі прэзідэнт часова перайшоў з катэгорыі «вечных прасіцеляў матэрыяльнай падтрымкі» у катэгорыю «гіпатэтычнага партнёра». Тым не менш, трэба дакладна разумець, што абсалютна любое неабачлівае выказванне Зяленскага ў дадзенай сітуацыі, — неважліва, ці пацвердзіць ён факт ціску на яго з боку Трампа альбо абвергне такі факт, — ставіць украінскага прэзідэнта ў аднолькава двухсэнсоўнае становішча.

mceclip0_254_crm_250919.png


З аднаго боку, нішто не здольна затармазіць лакаматыў амерыканскага ўнутрыпалітычнага канфлікту, які ўжо сышоў з рэек. З іншага боку, неасцярожныя выказванні могуць парушыць доўгатэрміновыя адносіны Кіева і Вашынгтона. А палітычна прадбачлівым варыянтам было б захаванне маўчання, і, такім чынам, нейтралітэту і парытэту ў адносінах з усімі палітычнымі сіламі, са стратэгічным партнёрам, якім з’яўляюцца ЗША для Украіны.

Усё пытанне палягае ў тым, ці зможа Зяленскі як малады і неспрактыкаваны палітык сысці ад спакусы скарыстацца спрыяльнай сітуацыяй у сваіх асабістых мэтах і паступова перанесці камунікацыі выключна ў практычную сферу. Можа і не. Зяленскі ўжо заявіў 24 верасня аб сваім жаданні запрасіць Дональда Трампа наведаць Украіну. «Я чакаю, што ў нас будуць вельмі стромкія адносіны з ЗША. ... Я хацеў бы, каб лідары краін прыязджалі і бачылі, якая добрая Украіна», — дадаў прэзідэнт. Ёсць рызыка, што Украіна ў сваіх пошуках «падтрымкі на геапалітычным узроўні ды інвестыцыйнай падтрымкі», можа стаць простай разменнай пешкай у амерыканскіх ўнутрыпалітычных гульнях глабальнага маштабу.


Добры, дрэнны Байдэн

З гісторыяй пра былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго сына далёка не ўсё адназначна. 12 мая 2014 года Хантэр Байдэн быў прызначаны членам праўлення англійскага холдынгу Burisma, які займаецца здабычай газу ва Украіне. Уладальнік холдынгу — экс-міністр экалогіі і прыродных рэсурсаў часоў Януковіча Мікалай Злачэўскі.

Асноўная частка агучаных Трампам прэтэнзій да Байдэна-старшага заключаецца ў тым, што ў 2016 годзе тагачасны віцэ-прэзідэнт настойваў на адстаўцы былога ўкраінскага генеральнага пракурора Віктара Шокіна каб абараніць свайго сына ад абвінавачванняў у карупцыі. Але многія ўкраінцы лічаць, што карупцыйная рэпутацыя Шокіна была шырока вядомая грамадскасці, і Байдэн проста падтрымаў намаганні ўкраінскіх рэфарматараў, каб пазбавіцца ад яго.

Валянцін Налівайчанка, былы кіраўнік украінскага разведвальнага ўпраўлення і дэпутат украінскага парламента, тлумачыць, што сваімі тагачаснымі дзеяннямі Байдэн дэманстраваў асуджэнне ўкраінскай карупцыі. «Ён чалавек вострых і свежых думак, ён не баяўся павярнуцца тварам да Урада, нашага прэм’ер-міністра і высокапастаўленых палітыкаў і сказаць: «У вас карупцыя на высокім узроўні». Больш за тое, Налівайчанка кажа пра віцэ-прэзідэнта ЗША як пра аднаго з самых «адважных» украінскіх сяброў, якія прыехалі з Вашынгтона ў першы самы жорсткі год збройнага канфлікту на Данбасе.

Выканаўчы дырэктар Цэнтра па барацьбе з карупцыяй Дар’я Каленюк адзначае, што «ціск з боку Джо Байдэна быў насамрэч тады неабходным, яго тады віталі з удзячнасцю, і зараз ізноў сфармаваная каманда пракурораў павінна вярнуцца да расследавання».

Міжнародныя эксперты, якія працуюць ва Украіне, таксама добра памятаюць, як Байдэн пачаў аказваць ціск на Украіну, каб звольніць галоўнага пракурора Віктара Шокіна ў 2016 годзе. «Праваахоўныя органы ЗША моцна падтрымалі намаганні па звяржэнні Шокіна ў той час, працуючы з грамадзянскай супольнасцю», – заявіў Дональд Баузер.

Джо Байдэн-старшы

Джо Байдэн-старшы


У 2016 годзе група Баузера кансультавала нацыянальнае антыкарупцыйнае агенцтва Украіны (НАБУ). Напрыклад, дзеючы рэспубліканскі кангрэсмен Браян Фіцпатрык з Пенсільваніі быў прыкамандзіраваны ФБР ў Кіеве падчас спробы зрынуць Шокіна, ён дапамагаў у барацьбе з карупцыяй.

З іншага боку, раптам аказваецца, што на Зяленскага як быццам таксама ніхто не ціснуў увогуле. Новая каманда ініцыявала новыя расследаванні ў праваахоўных органах, таму што гэта знаходзіцца ў рамках выканання перадвыбарчага абяцання прэзідэнта па-сапраўднаму ачысціць Украіну. Мяркуецца, што новая каманда незалежных пракурораў адновіць расследаванне мінулых спраў і адкажа на пытанні аб карупцыі ў пострэвалюцыйнай Украіне за апошнія пяць гадоў.

Справа аб карупцыі ў газавай кампаніі Burisma, дзе сын Байдэна працаваў у праўленні, якая была адкрыта і спынена спачатку генеральным пракурорам Віктарам Шокіным, а потым генеральным пракурорам Юрыем Луцэнкам, будзе перагледжана ў рамках працэсу рэфармавання судовай сістэмы.

Несумненна адно: праваахоўнікі Украіны працягнуць займацца справамі, пра якія згадваў Трамп у сваёй ліпеньскай тэлефоннай гутарцы з Зяленскім. Гэта, у прыватнасці, пацвердзіў адзін з дэпутатаў украінскага парламента ў сваім каментары амерыканскаму аналітычнаму інтэрнэт-выданню The Daily Beast. Але ўсё не абавязкова пойдзе па прапанаванай Трампам праграме, і не абавязкова нашкодзіць суперніку Трампа Джо Байдену. Расследаванні і магчымыя судовыя пераследы, калі яны пачнуцца, будуць праводзіцца ў кантэксце новага закона, падпісанага Зяленскім незадоўга да яго ад’езду на Генеральную Асамблею ААН у Нью-Ёрку. Менавіта там 25 верасня Зяленскі сустрэўся з Трампам у першы раз.

І апошняе. Уладзімір Зяленскі – чалавек вельмі разумны: дурні звычайна прэзідэнтамі не становяцца, асабліва ў такой складанай краіне, як Украіна. Але як палітык, ён зусім неспрактыкаваны. І цяпер ён апынуўся цацкай у руках інтрыганаў куды больш значнага маштабу. Застаецца пажадаць яму ўдала выблытацца з гэтай калатнечы.