Дасье ў карыкатурах: імпічмент усіх імпічментаў
Імпічмент Трампа, пра які так доўга казалі дэмакраты, пачаўся! Спікер Палаты Кангрэсу Нэнсі Пэласі ініцыявала расследаванне дзеянняў прэзідэнта. Прычына — падчас тэлефоннай размовы з Зяленскім Трамп дамагаўся ад украінскага візаві адкрыцця ва Украіне расследавання супраць сына Джо Байдэна — найбольш верагоднага суперніка Трампа на выбарах 2020-га. Вынікам расследавання можа стаць рашэнне аб імпічменце — адхіленні ад пасады 45-га прэзідэнта краіны.
Зрэшты, як паказвае гісторыя, імпічмент — рэч няпростая. Па-першае, імпічменту папярэднічае складаная і працяглая працэдура, якая можа зацягнуцца не на адзін месяц. Па-другое, для гэтага трэба згода абодвух палатаў Кангрэсу. Прычым у Сенаце прызнаць прэзідэнта вінаватым у нейкім злачынстве павінна дзве траціны прысутных. Магчыма таму пакуль ні адзін прэзідэнт ЗША так і не патрапіў пад імпічмент, хаця спробы мелі месца.
Упершыню імпічмент пагражаў у 1845-ым годзе Джону Тайлеру, які, дарэчы, лічыцца самым кепскім прэзідэнтам у гісторыі (у часы яго кадэнцыі амерыканцы нават зрывалі прэзідэнцкія партрэты ў афіцыйных установах). Таксама Тайлер стаў першым прэзідэнтам, які ўступіў на пасаду, не будучы абраным на выбарах, а як віцэ-прэзідэнт пасля скону дзеючага кіраўніка дзяржавы. На пасадзе прэзідэнта Тайлер палаяўся з уласнай партыяй вігаў, накладаючы вета на рашэнні парламента, дзе яны мелі большасць. Вігі ў сваю чаргу ўбачылі тут парушэнне канстытуцыі і замуцілі імпічмент. Усё ішло да адстаўкі Тайлера, аднак на парламенцкіх выбарах вігі страцілі адну з палат і на гэтым працэс затармазіўся. Застаецца дадаць, што прэзідэнцтва Тайлера стала пачаткам агоніі партыі вігаў, якая раней была адной з дзвюх галоўных партый краіны. Драму вігаў (іх сімвалам быў лось), на думку шмат каго, хутка паўтораць цяперашнія дэмакраты і рэспубліканцы. Малюнак часопіса Democracy Journal.
А бліжэй за ўсіх да імпічменту, мабыць, быў Эндру Джонсан, які стаў прэзідэнтам выпадкова, таксама, як і Тайлер. Пасля забойства Лінкальна ў 1865-ым, ён як віцэ-прэзідэнт па законе заняў пасаду кіраўніка дзяржавы. Пры гэтым па поглядах Джонсан быў хутчэй антаганістам Лінкальна: не хацеў караць кіраўнікоў рабаўладальніцкай Канфедэрацыі, сабатаваў папраўкі ў канстытуцыі паўднёвых штатаў аб вызваленні рабоў і г.д. Такімі дзеяннямі Джонсан настроіў супраць сябе парламент, які ініцыяваў імпічмент за парушэнне шэрагу пунктаў Акту аб рэканструкцыі Поўдня. Слуханні наконт імпічменту ператварыліся ў грандыёзнае шоу. Жадаючых паглядзець на дзейства было так шмат, што прыходзілася разыгрываць месцы для гледачоў у латарэю. Здавалася, Джонсана чакае незайздросны фінал. Невыпадкова карыкатурысты, напрыклад, выдання Harper's Weekly, малявалі выявы, як прэзідэнта расстрэльваюць гарматай пад назвай кангрэс. Аднак у выніку для імпічменту не хапіла ўсго аднаго голасу парламентарыя.
Насуперак распаўсюджанаму міфу, не патрапіў пад імпічмент фармальна і Рычард Ніксан. Прэзідэнт па сваёй ініцыятыве датэрмінова спыніў выкананне абавязкаў, не чакаючы вынікаў галасавання ў Сенаце па імпічменце. Працэдура імпічменту, як вядома, была запушчана з-за адмовы гаранту азнаёміць Кангрэс са зместам запісаў гутарак у Авальным кабінеце, калі ён даваў інструкцыю шпіёніць за апазіцыянерамі. Гэтая гісторыя стала ўрокам для ўсіх наступных прэзідэнтаў. Не выпадкова ў сваёй акутальнай карыкатуры мастак Дэйв Грандул заўважыў у аблоках над Белым Домам абрысы Ніксана.
«Монікагейт», «Левінскігейт», «Сексгейт» і г.д. Гэта назвы славутага скандалу 1998-1999-га, які ледзь не каштаваў Клінтану прэзідэнцкага мандата. Увесь сыр-бор, як вядома, з-за таго, што Клінтан заявіў на судзе, што «меў непрыстойныя фізічныя адносіны са сваім сакратаром Монікай Левінскі». Аднак раней, у іншым судовым працэсе, Клінтан сцвярджаў, што не меў сексуальных адносін з той жа Монікай. Гэта паслужыла падставай для абвінавачвання Клінтана ў хлусні суддзям, што дазваляла запусціць механізм імпічменту. Сітуацыя Клінтана была ахавая. Дэпутаты-рэспубліканцы, якія складалі большасць у абедзвюх палатах, схіляліся да таго, каб паставіць крыж на кар’еры Біла. Аднак у выніку галасоў у Сенаце не хапіла. Зрэшты, справа Левінскі можа ў любы момант зноў павярнуцца бумерангам. Свет перажывае бум руху #MeToo супраць сексуальных дамаганняў, і Клінтан — проста ідэальная мішэнь для яго актывістаў. Пра гэта намякае карыкатурыст The Columbus Dispatch. На яго думку, рух #MeToo не менш пагрозлівы для Біла, чым славутая пляма на сукенцы Монікі
І вось зараз на гарызонце 5-ая спроба імпічмэнту ў гісторыі Штатаў. Зрэшты, пакуль шанцаў сапхнуць Трампа няшмат. Хутчэй, мы маем справу з элементам выбарчай кампаніі дэмакратаў. Можна прагназаваць, што Трампа да самых выбараў будуць паласкаць у блізкай да дэмакратаў прэсе. Гэта паспрыяе мабілізацыі свайго электарату, перацягванню на свой бок тых, хто вагаецца і як мінімум унясенню разброду і хістанняў у шэрагі выбаршчыкаў-рэспубліканцаў. Зрэшты, у гаспадара Белага Дома таксама ёсць сваё «вундэвафэ». Гэта тое самае права сына Байдэна, дасье на якога паабяцаў яму Зяленскі. Хаця пакуль дэмакраты вераць у перамогу. Сімпатызуючы ім мастак Барт ван Леўен нават выявіў цяперашняга прэзідэнта ў выглядзе кансервы «Заімпічмены Трамп».