Корсіка. Спеўнае змаганне за волю

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра карсіканцаў, якія захоўваюць свае традыцыі дзякуючы шматгалосым мужчынскім спевам.

2dafd8a7_0713_4d89_8925_e8af6c359602.tmp

Першыя асацыяцыі, якія ўзнікаюць у большасці пры згадцы Корсікі, — мора і пляж. У больш абазнаных у гісторыі — асоба Напалеона. І далёка не кожны ведае пра ўнікальныя карсіканскія спевы. Але калі даведаецца пра гэты сапраўды адметны культурны феномен — памятаць будзеце ўсё жыццё. Дзякуючы даволі спозненаму з’яўленню хрысціянства на выспе карсіканцы здолелі захаваць традыцыю шматгалосых мужчынскіх спеваў. Іх першыя святары на Корсіцы інтэгравалі ў набажэнствы, каб заахвочваць мясцовых жыхароў прымаць хрысціянства.
Корсіка працяглы час была арэнай супрацьстаяння адразу некалькіх цывілізацый і геапалітычных праектаў больш магутных народаў. Гісторыкі лічаць, што продкамі сучасных карсіканцаў былі перасяленцы з Пірэнейскай паўвыспы і паўночнай Афрыкі, якія лацінізаваліся падчас панавання Рымскай імперыі, што выціснула з Корсікі візантыйцаў. Моцны ўплыў на фармаванне мясцовай супольнасці мелі генуэзцы, якія гаспадарылі на выспе з XIV стагоддзя да 1730 года, калі, стаміўшыся ад стагоддзяў бязлітаснай эксплуатацыі рэсурсаў і насельніцтва, карсіканцы ўзнялі паўстанне. Партызанская вайна цягнулася амаль 40 гадоў, пакуль французы, якія выкупілі ў Генуэзскай рэспублікі выспу, не прымусілі карсіканскіх паўстанцаў скарыцца.

Занядбаная Корсіка

Але фактычнай часткай Францыі Корсіка стала толькі ў 1791-м, пасля перамогі рэвалюцыі ў Парыжы. З таго часу дэпутаты і сенатары Корсікі бяруць удзел у працы парламентаў Францыі.
Карсіканцы былі выдатнымі міністрамі, навукоўцамі, генераламі і высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі на «кантыненце». Імператар Напалеон, хаця не быў этнічным карсіканцам, а нашчадкам генуэзскага роду, нарадзіўся на выспе. Карсіканскія салдаты не раз самааддана змагаліся за французскія інтарэсы. Так, на палях бітваў Першай сусветнай вайны загінула 4,2% насельніцтва выспы, у астатняй частцы Францыі — да 3,5%.
Нягледзячы на падпарадкаванне цэнтральнай уладзе, на выспе традыцыйна прымае рашэнні своеасаблівы савет родаў, якія час ад часу варагавалі паміж сабой. Але лінія на супрацоўніцтва з французскімі ўладамі заўжды перамагала. Найбольш моцныя роды ўзбагачаліся, а іншыя карсіканцы вымушаныя былі падпарадкоўвацца традыцыйным для іх супольнасці аўтарытэтам.
Корсіка ўсю французскую частку гісторыі была вельмі эканамічна занядбаным краем, што вымушала моладзь шукаць лепшай долі ў іншых частках свету. Самыя вялікія і ўплывовыя дыяспары сфармаваліся ў Марсэлі, Парыжы і Алжыры.
Паводле некаторых ацэнак, у пачатку мінулага стагоддзя на выспе жыло трохі менш за 300 тысяч чалавек, і прыблізна столькі ж карсіканцаў знаходзілася за межамі радзімы. Разам з уздымам нацыянальных рухаў у пачатку ХХ стагоддзя і карсіканцы прыйшлі да высновы аб неабходнасці дамагацца лепшых эканамічных умоваў, палітычных і культурных правоў для свайго народа, развіцця спартыўнага жыцця на выспе. Істотную ролю ў гэтых працэсах мела дыяспара, якая часткова пазбавілася ўплываў з боку родаў, мела лепшую адукацыю, сучаснейшыя погляды і палітычныя памкненні. Другая сусветная вайна моцна падзяліла нешматлікую супольнасць на выспе. Акупацыя Корсікі італьянскімі войскамі спачатку не сустрэла нейкага істотнага супраціву з боку карсіканцаў. Хаця былі і тыя, хто актыўна падтрымліваў палітыку Мусаліні, у супрацьвагу татальнай франкізацыі працы адміністрацыі, адукацыі і сацыяльнага жыцця.
Менавіта абвінавачванні ў фашызме былі галоўным аргументам супраць прыхільнікаў аўтаноміі і культурнага адраджэння карсіканскай культуры ўжо пасля вяртання французскіх уладаў, што істотна ўскладняла працу аўтанамістаў.
Але далейшая палітыка метраполіі, ці каланізатараў, як называлі парыжскую адміністрацыю аўтанамісты, ужо ў 1950 — 1960 гадах стварыла ў грамадстве неймаверны запыт на адраджэнне культурнага, моўнага і эканамічнага развіцця.


Радыкалізацыя карсіканскіх аўтанамістаў

Сярод шэрагу грамадскіх аб’яднанняў найбольш знакавым лічыцца Акцыя Рэнесансу Корсікі, якая за некалькі гадоў прайшла шлях ад гуртка студэнтаў-інтэлектуалаў да радыкальных актывістаў.
Такая трансфармацыя была абумоўленая адразу некалькімі прычынамі.
Дэкаланізацыя Алжыра выклікала дэмаграфічны выбух на Корсіцы. Каля 18 тысяч французаў перасяліліся з поўначы Афрыкі на выспу. Карсіканскія актывісты вінавацілі ўрад у наўмыснай спробе змяніць этнічны склад Корсікі. Фермеры з Алжыра французскага паходжання атрымлівалі зямлю пад вінаграднікі па льготных цэнах. У той час як мясцовыя жыхары і карсіканцы-рэпатрыянты нават страчвалі працу, бо дзяржаўныя органы прымалі на працу алжырскіх французаў.
Іншым аспектам для радыкалізацыі аўтанамістаў былі экалагічныя праблемы.
Чыноўнікі ў Парыжы пачалі праводзіць выпрабаванні атамнай зброі на Корсіцы пасля таго, як Францыя пазбавілася палігонаў у Афрыцы. Што выклікала масавую незадаволенасць карсіканцаў, якія спадзяваліся на рост даходаў ад развіцця турыстычнага сектара.
Да гэтай праблемы дадалося сістэматычнае забруджванне мора адкідамі італьянскай хімічнай вытворчасці, якія транспартавалі з партоў Ліворна, на думку актывістаў, па дамоўленасці з цэнтральным французскім урадам.
Шматлікія масавыя пратэсты не давалі плёну, грамадства не было задаволенае рэакцыяй уладаў. Таму група найбольш радыкальных актывістаў у верасні 1973 года падарвала ў Ліворна адзін з караблёў, які дастаўляў адкіды да карсіканскага ўзбярэжжа.
Французскія ўлады пасля пачатку ўзброенай барацьбы і паўстання вялікай колькасці ўзброеных фармацый спрабавалі змагацца з палітычным абуджэннем карсіканцаў забаронамі і рэпрэсіямі.
Але такая тактыка прывяла да моцнага нацыянальнага ўздыму непакорных жыхароў выспы. Шмат стагоддзяў барацьбы продкаў і традыцыі кроўнай помсты, жорсткі нораў традыцыйнай супольнасці даліся ў знакі. Менавіта ў пачатку 1970-х традыцыйныя шматгалосыя спевы пачалі адраджацца ў фармаце пратэснага выканання на шматтысячных маніфестацыях. Гісторыкі адзначаюць, што папулярызацыя спеваў ішла поруч з развіццём карсіканскага рэнесансу. Стагоддзямі гэта былі касцельныя ці пахавальныя спевы. Разам з адраджэннем яны ператварыліся ў сімвал змагання за незалежнасць Корсікі. Карсіканцы пачалі выконваць старыя песні паўстанцаў у шматгалосым стылі. Шматлікія канцэрты і сходы, якія сталі папулярнымі на выспе, такім чынам заўжды ператвараліся ў своеасаблівыя спеўныя патрыятычныя мітынгі.
Карсіканскае грамадства, нягледзячы на непапулярныя метады, падтрымлівала тэрарыстычную дзейнасць шматлікіх узброеных групаў. Па ўсёй выспе некалькі дзясяткаў гадоў гучалі выбухі. На мэце былі адміністрацыйныя забудовы, вілы французаў, замежныя гатэлі, прамысловыя прадпрыемствы.
Нягледзячы на тое, што карсіканскія тэрарысты заўжды імкнуліся пазбягаць чалавечых ахвяраў, самай гучнай акцыяй стала менавіта забойства. У 1998 годзе быў забіты прэфект Корсікі.
Радыкалы некалькі разоў прыпынялі сваю актыўную дзейнасць, але праз некалькі гадоў вярталіся да тэрору. Галоўныя падставы — гэта, на іх думку, працяг каланіяльнай палітыкі Францыі. Спевы, канцэрты і фальклорныя гурткі не забараняюцца. Але мова ў цяжкім становішчы. Толькі 10%, па неафіцыйных звестках, карыстаюцца стала карсіканскай (афіцыйна праводзіць сацыялагічныя даследаванні па гэтай тэме ў краіне нельга). Мова вывучаецца толькі ў пачатковай школе альбо на курсах для дарослых. Вышэйшай адукацыі на карсіканскай мове няма.
На думку нацыяналістаў, Францыя працягвае палітыку змены этнаграфічнага складу на выспе, а таксама выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы злачынным, каланіяльным спосабам. Таму найбольш адыёзная групоўка, Фронт вызвалення Корсікі, час ад часу заяўляе пра сябе традыцыйнымі для сябе метадамі. Нават у 2020 годзе тэрарысты здзейснілі некалькі падрываў паліцэйскіх будынкаў, патрабуючы свабоды для Корсікі і палітзняволеных.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by