Крах аперацыі «напаўтранзіт»

Хапіла некалькіх месяцаў, каб у Казахстане скончыўся эксперымент, калі былы прэзідэнт пасля фармальнай адстаўкі фактычна захоўвае ўплыў на палітычныя рашэнні.

Нурсултан Назарбаеў і Касым ЖамартТакаеў. Фота www.zonakz.net

Нурсултан Назарбаеў і Касым ЖамартТакаеў. Фота www.zonakz.net


Роўна дзесяць гадоў таму Нурсултан Назарбаеў нечакана запатрабаваў ад мясцовых навукоўцаў мегапрарываў у галіне працягласці жыцця, заклікаўшы, у прыватнасці, прыдумаць эліксір бессмяротнасці. Свой капрыз ён тлумачыў універсальнымі праблемамі чалавецтва, хаця ўсе цудоўна разумелі: правадыр марыць адтэрмінаваць аперацыю «пераемнік» — момант перадачы ўлады іншай асобе з-за фізічнай няздольнасці самому выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы.

Нягледзячы на ўсе намаганні навукоўцаў, рэцэпту цудоўнага эліксіру дасюль няма. Затое ў адміністрацыі Назарбаева прыдумалі рэцэпт, як можна максімальна доўга заставацца пры ўладзе фактычна, фармальна будучы ў ценю. Рэцэпт вельмі просты: на пасаду кіраўніка прызначаецца чыноўнік, які павінен займацца ўсімі бягучымі праблемамі. Між тым, прыкрываючыся тытулам пажыццёвага старшыні Савета бяспекі — органа, які кантралюе ўсе сілавыя структуры, — Назарбаеў працягвае вызначаць курс дзяржавы.

Адпаведная аперацыя, што ў прэсе атрымала назву «напаўтранзіт», адбылася ў сакавіку гэтага года. Пасаду кіраўніка дзяржавы фармальна ўзначаліў былы дыпламат Касым Жамарт Такаеў.

Спачатку ўсё ішло паводле плану. Пайшлі нават плёткі, што казахстанскі сцэнар можа быць імпартаваны ў Расію і ў Беларусь. Такаеў паводзіў сябе вельмі дысцыплінавана, не выходзіў за «чырвоныя сцяжкі», якія паставіў Назарбаеў. Нават выступіў супраць вывешвання сваіх партрэтаў у афіцыйных установах. Галоўным чынам Такаеў засяродзіўся на рэалізацыі сацыяльна-эканамічных пытанняў.

Гармонія паміж лідарам краіны і кіраўніком Саўбезу нечакана скончылася 21 кастрычніка, калі грамадскасць азнаёмілі з падпісаным Такаевым указам. Згодна з ім, прэзідэнт Казахстана павінен абмяркоўваць і ўзгадняць прызначэнні на некаторыя дзяржаўныя пасады.

Прэс-служба казахстанскага гаранта сцвярджае, што гэта — толькі дзяжурнае рашэнне. Аднак шмат каму ў вочы кінуліся дзіўныя дэталі. Дакумент быў падпісаны 9 кастрычніка, але з’явіўся ў адкрытым доступе толькі праз пару тыдняў. Шэраг афіцыйных СМІ, якія спачатку апублікавалі навіну аб пашырэнні паўнамоцтваў Назарбаева, пасля выдалілі паведамленні, каб не дражніць грамадскасць. Нарэшце, цяжка назваць «дзяжурным рашэннем» пастанову, згодна з якой Такаеву давядзецца ўзгадняць з Назарбаевым практычна ўсе галоўныя дзяржаўныя пасады: ад кіраўніка Камітэта нацбяспекі і генпракурора да начальніка службы сваёй аховы. На падставе гэтага некаторыя эксперты робяць выснову: Назарбаеў не жадае сыходзіць з улады.

На іх думку, такі вынік быў прадказальны. Частка дзяржаўнага апарату сапраўды пачала асцярожна перабудоўвацца пад Такаева. Гаворка пра тую фракцыю чыноўнікаў, якая ўсведамляе, што палітычная кансервацыя ўнутры краіны не мае перспектыў, асабліва на фоне глабальных геапалітычных трансфармацый. Тыя зрухі, у сваю чаргу, выклікалі боязь у старой гвардыі, прадстаўнікі якой уяўляюць сябе толькі ў старой матрыцы. Яна, дарэчы, у тым ліку гарантавала ім выхад да бюджэтнай кармушкі. Нібыта фракцыя рэтраградаў змагла пераканаць Елбасы, што Такаеў пад яго капае.

Назарбаеў мог прыслухацца да такіх сігналаў і праз тое, што Такаеў быў вымушаны заняцца інвентарызацыяй іміджавых праектаў мінулай улады накшталт Дня Астаны, які святкуецца ў дзень нараджэння Назарбаева, або праграмы пераходу краіны на лацінку. Усе гэтыя праекты вельмі дорага каштавалі дзяржаве, а іх бюджэт патрабуе карэкцыі. Аднак Елбасы мог успрыняць крокі Такаева як рэвізію яго геніяльнай спадчыны, што ў яго вачах паступова стварае глебу для дэсакралізацыі фігуры Лідара нацыі з усімі негатыўнымі наступствамі для яго клану.

Іншыя заклікаюць не нада­ваць асаблівай увагі версіі пра раскол унутры казахстанскай эліты. На іх думку, у дадзеным выпадку сваю ісціну давяла прыказка пра тое, што «гарбатага магіла выправіць». Дапускаюць, што Елбасы, які руліць краінай аж з канца 1980-х гадоў, ужо амаль на генна-малекулярным узроўні зросся з пасадай прэзідэнта, і нават не можа ўяўляць сябе ў новых рэаліях. Сапраўды, інстынкт вечнага кіраўніка праяўляўся ў яго раз-пораз. Нядаўна, напрыклад, Елбасы ў ручным рэжыме правёў пасяджэнне кіраўніцтва праўладнай партыі «Нур Атан» і, насуперак статуту, раздаў яе сябрам свае мудрыя ўказанні.

У глабальным маштабе ўсё выглядае вельмі кепска для тых, хто марыць пра альтэрнатывы транзіту ўлады. Атрымліваецца, што любы пераемнік аўтарытарнага правадыра, выконваючы агульныя дамоўленасці падчас транзіту, усё роўна вымушаны выбудоўваць эксклюзіўную палітыку. Аднак у сілу слабасці палітычнай культуры ў постсавецкіх краінах такая спроба будзе ўспрынятая патронам як замах на яго асабістую ўладу.

Зрэшты, некаторыя палітолагі спрабуюць разглядаць апошнія падзеі як нейкую аператыўную карэктыву мадэлі па ходзе яе абкаткі. На іх думку, Назарбаеў проста хоча быць упэўненым, што ў Такаева не будзе сваёй каманды і шырокай сеткі прыхільнікаў у цэнтры і на месцах, што выключае магчымасць паўзучага перавароту. З іншага боку, такі падыход стварае перадумовы да таго, што прызначаныя Елбасы чыноўнікі будуць сабатаваць загады прэзідэнта, бегаючы за інструкцыямі да старога гаспадара, што дакладна разбалансуе вертыкаль. У гэтым плане вынікі аперацыі «напаўтранзіт» для краіны могуць абсалютна непрадказальныя.

Адгукнуцца падзеі ў Казахстане і нам. Відавочна, што пад уплывам навінаў з Астаны схема перадачы ўлады пераемніку пры захаванні часткі паўнамоцтваў у экс-гаранта ўжо наўрад ці магчымая.