Туркменістан: Культ асобы і сабакі

Выхад кнігі кіраўніка Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава «Туркменскі алабай», прысвечанай мясцовай пародзе сабакі, стаў падзеяй агульнанацыянальнага маштабу. Урачыстасці з гэтай нагоды працягваліся ў краіне практычна тыдзень.

Фота www.ria.ru

Фота www.ria.ru

У траўні гэтага года дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Туркменістана паведаміла прыемную навіну: Гурбангулы Бердымухамедаў распачаў працу над новай кнігай. Гэтым разам яго літаратурны геній вырашыў раскрыць феномен сабакаў пароды алабай, гістарычна распаўсюджанай сярод сярэднеазіяцкіх народаў. Сабакі гэтай пароды гадуюцца галоўным чынам чабанамі для аховы статку.

На напісанне кнігі туркменскаму лідару спатрэбілася два месяцы і 18 дзён. Пра тое, што праца завершаная, стала вядома яшчэ 4 жніўня. Нарэшце 13 верасня на пасяджэнні ўрада краіны Бердымухамедаў падараваў кнігу міністрам і прачытаў ім уласны верш пра сабак. Пісьменнік папрасіў прысутных чыноўнікаў уважліва прачытаць твор і сумленна распавесці пра яго недахопы.

6d8dbab2a849923bcb4e95a0a1b5a.jpg

Кніга, мяркуючы па першых рэцэнзіях, змяшчае факты пра станоўчыя рысы алабаеў, гістарычныя дадзеныя, археалагічныя і этнаграфічныя звесткі. Але ёсць на яе старонках і вельмі арыгінальныя блокі. «Культурны феномен алабая стаіць у адным шэрагу з такімі нацыянальнымі сімваламі, як ахалтэкінскі конь, дыван або дыня», — разважае Аркадаг (мянушка туркменскага гаранта). Цікавым з’яўляецца тэзіс аўтара пра тое, што старажытныя туркмены прылічвалі сабак-алабаеў да класа «ваяроў» і хавалі іх з усімі пашанамі — як герояў.

Таксама сцвярджаецца, што ў часы СССР алабай стаў сапраўдным рэсурсам Туркменіі. Наймацнейшая сабака свету павінна была стаць галоўным абаронцам жывёлы ў савецкіх калгасах. Кожнаму калгасу ў Туркменістане «зверху» спускалі разнарадкі на адпраўку лепшых туркменскіх алабаеў у Расію, Украіну, Беларусь, на Каўказ. Алабаі вывозіліся з Туркменістана цэлымі эшалонамі. Часам гэта выклікала сапраўдныя асабістыя трагедыі: людзі не хацелі аддаваць сваіх улюбёнцаў, аднак іх пратэсты ігнараваліся.

Афіцыёз вітаў кніжную навінку ды адзначыў яе актуальнасць. «У апошнія гады цікавасць да алабая значна ўзмацнілася і ў свеце», — пішуць дзяржаўныя СМІ. Паводле іх, «твор пра сабакаў будзе мець вялікае значэнне ў далейшай папулярызацыі ў свеце нацыянальнай спадчыны туркменскага народа ў цэлым». З гэтай мэтай, дарэчы, былі надрукаваныя руская і англійская версіі кнігі.

Літаральна на наступны дзень з творам пачалі знаёміць простых туркменаў. Праходзіла гэта ў рамках шматлікіх прэзентацый. Спачатку кнігу прадставілі парламентарам, чальцам міністэрстваў і ведамстваў. Затым прыйшла чарга актыву грамадскіх арганізацый, навукоўцам і прадстаўнікам працоўных калектываў. Мерапрыемствы не абышліся без урачыстых канцэртаў, на якіх у тым ліку выканалі песні на вершы правадыра. Асобна гучала песня «Туркменскі алабай», напісаная на верш гаранта. Мясцовыя музыканты прыдумалі пад яе музычную дарожку ўсяго за адзін (!) дзень.

1516245101160618615.jpg

Падчас прэзентацый выступоўцы адкрывалі самыя незвычайныя якасці сабакі. Так, адкрываючы спецыяльны гадавальнік для сабакаў гэтай пароды, нейкі губернатар заявіў, што алабай на пэўным этапе гісторыі стаў фактычна сябрам і родным туркмена. А навукоўцы, якія прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях, высветлілі, што праз тэму сабакі «раскрываецца філасофія жыцця туркменаў, непарыўна звязаная з роднай прыродай, спасціжэннем глыбінных асноў быцця».

Што да рэакцыі звычайных туркменаў на культ сабакі, то яна, на жаль, не вядомая. Праз фактычную забарону ў краіне інтэрнэту, звонку цяжка маніторыць настроі суайчыннікаў Бердымухамедава. Адзіны канал інфармацыі на гэты конт — каментары туркменаў, якія па розных прычынах знаходзяцца па-за межамі краіны. Як правіла, яны іранічныя. Прагназуюць, што калі кіраўнік туркменаў уласнаручна будзе ткаць дыван, то святкаванні ў краіне расцягнуцца на месяц. Спачуваюць таксама школьнікам, якіх, хутчэй за ўсё, прымусяць вучыць верш пра алабая. А вось каментатары Расіі і Беларусі баяцца, што туркменскі прыклад будзе заразлівым для кіраўнікоў іншых дзяржаў СНД.

У прынцыпе, маштабныя ўшанаванні сабакі — не самая змрочная для туркменаў падзея. Хаця б таму, што з-за алабая туркменскіх бюджэтнікаў не прымусілі адлічыць частку свайго заробку на карысць дзяржавы. Праслаўленне алабая не запатрабавала ўдзелу ў масоўках або нейкіх цырымоніях, падрыхтоўка да якіх патрабуе шматлікіх рэпетыцый. Але раскашэліцца туркменам, напэўна, усё ж такі давядзецца. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Туркменістана дало ясна зразумець, што «гэтая кніга — выдатны падарунак да Дня незалежнасці Туркменістана», які адзначаецца 27 верасня.

Застаецца дадаць, што Бердымухамедаў за гады свайго кіраўніцтва выпусціў ужо больш за 40 кніг і, па яго словах, не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У яго арсенале ўжо ёсць выданні пра туркменскія кухню і дываны, пра музыку і прыказкі, пра спорт ды вайскоўцаў. Цікава, чаму будзе прысвечаны наступны «бестселер» Аркадага?