Лідэр нацыі або Біч Божы

На пасяджэнні казахскага парламента група дэпутатаў унесла на разгляд законапраект пра наданне Назарбаеву статуса «лідэр нацыі». Пра казахскі аўтарытарызм журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з праваабаронцам з Алма-Аты Андрэем Грышыным.

— Што канкрэтна прапанавалі дэпутаты?



53f0d7c537d99b3824f0f99d62ea2428.jpg

На пасяджэнні казахскага парламента група дэпутатаў унесла на разгляд законапраект пра наданне Назарбаеву статуса «лідэр нацыі». Пра казахскі аўтарытарызм журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з праваабаронцам з Алма-Аты Андрэем Грышыным.
— Што канкрэтна прапанавалі дэпутаты?
— Працытую заяву аднаго з аўта­раў законапраекту: «Прапанаваныя папраўкі прадугледжваюць дадатковыя гарантыі недатыкальнасці першага прэзідэнта РК, яго маёмасці, яго сямейнікаў». Паводле прапанаваных паправак, Назарбаеў не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўчынкі, зробленыя ім у перыяд ажыццяўлення паўнамоцтваў першага прэзідэнта Рэспублікі Казахстан. Пры гэтым, па словах ініцыятараў, новае заканадаўства не надае Назарбаеву статус пажыццёвага прэзідэнта.
— Такім чынам, новага спецыяльнага закона пра «лідэра нацыі» не будзе?
— Як кажуць у парламенце, дастаткова шэрагу паправак у прыняты ў 2001 годзе Закон аб першым прэзідэнце Казахстана. І ў гэтым праяўляецца першая супярэчнасць ідэі. Той закон фактычна гарантуе Назарбаеву пажыццёвае праўленне, даючы яму права абірацца бясконцую колькасць разоў. Акрамя таго, першы прэзідэнт, паводле закону, можа быць асуджаны выключна за здраду радзіме. Нашто патрэбна яшчэ нейкі закон? Нелагічныя і спасылкі на міжнародную практыку. Дэпутаты ахвотна прыводзяць у прыклад Джэральда Форда, які спецыяльным указам прыпыніў крымінальнае следства супраць свайго папярэдніка Рычарда Ніксана, што папаўся на скандале «Уотэргейт». Аднак нават не дасведчаны ў амерыканскім праве чалавек не разумее такіх аргументаў: рашэнне пра недатыкальнасць Ніксана прымаў не ён сам, а новы прэзідэнт. Было б лагічна, каб Назарбаеў атрымаў такой статус ад наступнага прэзідэнта.
— Ці магла такая заканадаўчая ініцыятыва з’явіцца без санкцыі Назарбаева?
— Увогуле, казахскі парламентарызм — цікавая рэч. У парламенце засядаюць выключна прадстаўнікі прэзідэнцкай партыі, мала вядомыя выбаршчыкам. Каб неяк засведчыць сваё дэпутацтва, яны перыядычна прапаноўваюць дзіўныя законапраекты. Аднак рабіць піяр на імені прэзідэнта вельмі небяспечна. Нават калі спісаць усё на тое, што нейкая група вырашыла праявіць сябе напярэдадні 70-годдзя Назарбаева, да якога рыхтуецца ўся краіна. Ініцыятыва атрымала ўхваленне на самім версе. Пра гэта кажа рэакцыя дзяржаўнай прэсы. Вось што піша адна з афіцыйных газет: «Бясспрэчна тое, што Нурсултан Абішавіч Назарбаеў з’яўляецца агульнанацыянальным лідэрам, таму ініцыятыва шэрагу дэпутатаў па прыняцці законапраекта пра «лідэра нацыі» правільная і зразумелая. Гэта шчырае імкненне пазначыць сапраўды гістарычную ролю першага прэзідэнта».
— Якая рэакцыя на гэта грамадства і апазіцыі?
— Апазіцыя знайшла ў сабе мужнасць выступіць з рэзкай крытыкай ініцыятывы. Так, сацыял-дэмакраты назвалі прапанову дэпутатаў «звычайным падхалімствам». Указваецца, што ў законе папросту няма такога тэрміну, як «лідэр нацыі», не прапісаны ягоныя функцыі. Адпаведна, трэба прымаць новы закон. Што да простых людзей, то яны не разумеюць паняцце «лідэр нацыі». Ні ў адной канстытуцыі свету няма такой катэгорыі. Хіба што ў Лівіі Кадафі носіць тытул «лідэр рэвалюцыі». Увогуле, стаўленне ў масах да ініцыятывы адмоўнае. Хіба ў краіне іншых праблем няма? Застаецца дадаць, што Захад ніяк не каментуе законапраект.
— Ці не паўплывалі на ініцыятыву дэпутатаў апошнія падзеі ў Кыргызстане?
— Цікава, што Ермухамет Ертысбаеў, дарадца прэзідэнта, спецыяльна падкрэсліў: кіргізская рэвалюцыя ніяк не паўплывала на ініцыятыву дэпутатаў. Аднак большасць экспертаў бачаць у гэтым менавіта следства падзей у Бішкеку. Прэзідэнт намагаецца перастрахавацца на будучыню, каб не апынуцца ў такой сітуацыі, як Бакіеў, супраць якога ў Бішкеку распачата крымінальная справа. Пра кіргізскі след сведчыць і апошні выступ Назарбаева. 1 мая ён вельмі эмацыянальна казаў пра «бандытызм, які адбываецца ў Кыргызстане». У той жа дзень міліцыя разагнала мітынг апазіцыі ў Алма-Аце. Да гэтага часу зачыненая мяжа з Кыргызстанам.
— Ці вырашыць інстытут «лідэра нацыі» праблему перадачы ўлады ў Казахстане?
— З пункту гледжання захавання ўлады і перадачы яе нашчадкам Назарбаева пытанне застаецца адкрытым. Паперкай нельга заблакаваць кіргізскі варыянт, які цалкам магчымы як мінімум у эканамічна дэпрэсіўных рэгіёнах краіны. Хутчэй за ўсё, факт узнікнення падобнага закона гаворыць пра тое, што фінансавых рэсурсаў у Астаны засталося няшмат. З другога боку, такі закон накіраваны на стварэнне юрыдычнай асновы для падаўлення народных выступаў. Як бачым, рэжым робіць выснову з кіргізскіх падзей, аднак яны абсалютна супярэчаць здароваму сэнсу. Папросту дамінуюць страх і інстынкт самазахавання. Аднак нельга выключаць, што «лідэр нацыі» спатрэбіўся для канстытуцыйнай рэформы. Атрымаўшы падобны статус, Назарбаеў можа зрабіць наступны крок — пачаць пераход да канстытуцыйнай манархіі. Думаю, трэба пачакаць да 25 чэрвеня. У гэты дзень спецыяльны камітэт зробіць заключэнне па ініцыятыве.
— Звычайна, грамадскасць у аўтарытарных краінах, не маючы магчымасці ўплываць на падобныя ініцыятывы, кампенсуе ўсе жартамі і смехам.
— Хапае і жартаў. Напрыклад, на адным з форумаў я бачыў прапанову назваць Назарбаева ў дадатак «лідэрам планеты Зямля» і «Бічом Божым». Смяюцца з таго, што хутка Назарбаева давядзецца называць «спадар лідэр нацыі». Аднак я б не сказаў, што настрой занадта вясёлы. Хутчэй, сорамна за краіну.