Лацінка на Басфоры
1 лістапада Турцыя адсвяткавала юбілей алфавітнай рэвалюцыі. Роўна 85 гадоў таму ў гэты дзень Атацюрк прапанаваў суайчыннікам пісаць выключна на лацінцы. Па словах сучаснікаў, тая прэзентацыя алфавіту была адной з самых незвычайных прамоваў стваральніка турэцкай дзяржавы.
Перад тым як перайсці непасрэдна да справы, Атацюрк доўга разважаў пра ролю ўніверсітэтаў, пра свае рэформы і нават пра тое, чаму прахадны бар’ер для партый у парламент павінен складаць роўна 10 працэнтаў. Магчыма, палітык сам баяўся — вось так узяць і адным словам разарваць ланцужок тысячагадовай культурнай традыцыі.
Больш за тысячу гадоў туркі пісалі арабска-персідскай графікай, хаця адаптаваная да турэцкай мовы яна была слаба. Лінгвісты прызнаюць, што турэцкая мова больш багатая на гукі, чым арабская. Больш за ўсё турэцкая інтэлігенцыя была доўгі час заклапочаная тым, што ў арабскай транскрыпцыі адсутнічалі належныя формы выражэння гукаў — Q, W і X. Іх вяртанне ў алфавіт, дарэчы, Атацюрк адзначыў асобна.
Аднак наўрад ці прычынай рэформы 1928 года была ідэя аднаўлення фанетычнай справядлівасці. Змена алфавіта разглядалася як частка мадэрнізацыі краіны, сродак уніфікацыі і пашырэння ўсенароднай адукацыі. Як вядома, вучыць мовы з лацінскай графікай прасцей, чым з арабскай (змена алфавіту ішла адначасова з рэформай школьнай і ўніверсітэцкай сістэмаў).
Для пераменаў быў таксама важны тэхнічны матыў: з-за рукапіснай прыроды арабскага правапісу машынкі для друку на арабскай прыдумалі дастаткова позна. Мелі месца праблемы і з перадачай тэксту па тэлеграфу. Не дзіўна, што яшчэ ў 1860-х гадах нават пры двары султана ўздымалася пытанне неабходнасці ўвядзення новага алфавіту.
У час Атацюрка гэта праблема разглядалася больш глабальна. Пераход на лацінку быў важным элементам у стварэнні новай празаходняй ідэнтычнасці для Турцыі. Як прызнавалі пазней гісторыкі, маладыя туркі, якія вучыліся толькі на лацінцы, былі ў сваёй талерцы пры кантактах з заходняй культурай. Але былі зусім не ў стане ўзаемадзейнічаць з культурай Блізкага Усходу. Важна адзначыць, што гэта быў яшчэ і разрыў з усходняй палітычнай думкай. Тыя, хто вучыўся на лацінцы, ужо не разумелі тэкстаў, паводле якіх ідэальны грамадска-палітычны лад — абсалютная манархія. Таксама ім была недаступная для разумення рэлігійная літаратура.
Вялікім штуршком для фармавання працы над новым алфавітам у Турцыі сталі працэсы 1920-х гадоў у цюркскіх рэспубліках СССР. Яшчэ ў пачатку 1920-х з арабскай графікі на лацінку перайшлі татары. За імі рушылі казахі, азербайджанцы. Праўда, у выніку з прыходам Сталіна іх усіх ледзь не гвалтоўна перавялі на кірыліцу.
Так ці інакш, у савецкай дыскусіі 1920-х гадоў наконт пераходу цюркскіх моваў на лацінку бралі ўдзел і турэцкія лінгвісты. Найбольш паўплывала на Анкару рашэнне аб пераходзе на лацінку ў Азербайджане ў 1926 годзе. Пад уплывам навінаў з Баку Атацюрк абвясціў “алфавітную мабілізацыю” — заснаваў камісію па рэформе правапісу і задаў ёй вельмі кароткія тэрміны працы. Кемаль Атацюрк патрабаваў ад міністраў, каб яны на працягу 5–10 дзён навучыліся чытаць тэксты ў новай транскрыпцыі.
Нарэшце праект закону нумар 1353 “Аб адаптацыі новага турэцкага алфавіту” быў падрыхтаваны і ўрачыста прадстаўлены на суд грамадскасці. Паводле закону, туркам давалі пяць пераходных гадоў, каб дасканала асвоіць лацінку. Цікава, што ў школах (прычым не ва ўсіх) спачатку запусцілі пілотную праграму вывучэння. Толькі ў наступны школьны год усе вучні пачалі вучыць новы алфавіт. Затое дарослую частку насельніцтва адразу пагналі ў так званыя Millet Mektepleri — народныя школы, каб яны на працягу года прайшлі адпаведны курс.
Гісторыкі кажуць, што важную ролю ў папулярызацыі лацінкі згуляў сам Атацюрк, які ў лістападзе 1928-га зрабіў спецыяльны тур па краіне. На месцах у размовах з чыноўнікамі, імамамі і насельніцтвам ён падкрэсліваў значэнне рэформы. Як пішуць гісторыкі, суразмоўцы скептычна глядзелі на новыя літары, якія прэзідэнт асабіста крэмзаў на дошцы. Аднак усе разумелі: як Кемаль скажа, так і будзе. Натуральна, да рэалізацыі планаў быў падключаны і адміністратыўны рэсурс. Уводзіліся штрафы за надпісы арабскай вяззю. Ледзь не паралельна закону 1353 уступілі ў сілу новыя правілы для друку, якія абмяжоўвалі друк і рэкламу на армянскай і грэчаскай мовах.
Рэформа была дастаткова паспяховай. Ужо наступная генерацыя туркаў не мела праблем з новым алфавітам. Магчыма, правядзенню рэформы спрыяў той факт, што большая частка жыхароў краіны на той час увогуле была непісьменная. Як след, людзі не мелі вялікіх комплексаў перад новымі літарамі. Ілюстрацыяй паспяховасці рэформы стала праблема, якая вынікла пазней — цяперашнія туркі не могуць прачытаць старыя дакемалісцкія тэксты.
Праўда, пратэсты супраць лацінкі таксама мелі месца. Перш за ўсё пратэставала кансерватыўная частка грамадства. Праўда, з-за магчымых палітычных рэпрэсій пратэставала яна арыгінальна — пісала арабскай вяззю. Прыкладна да пачатку 1960-х адзначаюцца выпадкі, калі перапіска або дзённікі вяліся арабскай вяззю.
Як ужо гаварылася, алфавітная рэформа павінна была цалкам уніфікаваць моўную сітуацыю. Так, у рамках рэформы 1928 года курдская мова была ўвогуле забароненая. Таму курдскія нацыяналісты разглядалі ўвядзенне лацінкі як фрагмент асіміляцыі і нейкі час працягвалі ўжываць арабскі алфавіт на знак сімвалічнага пратэсту.
Самую незвычайную частку алфавітнай апазіцыі прадстаўлялі прыхільнікі літаратуразнаўцы Ахмеда Байтурсуна. Ён лічыў, што лацінка павінна выкарыстоўвацца для афіцыйнай перапіскі, у прэсе, законах, і г.д. Аднак літаратурныя тэксты павінны і далей складацца з дапамогай арабскіх літар, каб не разрываць сувязь з багатай літаратурнай спадчынай Усходу. Цікава, што частка турэцкіх пісьменнікаў дасюль намагаецца пісаць так, як пісалі ў часы султана.
Аднак найбольш гучна крытыкавалі і дасюль крытыкуюць закон 1353 філолагі. На іх думку, алфавіт узору 1928 года мае выразны валюнтарысцкі характар, быў прыдуманы ў фарсіраваным парадку і не адпавядае турэцкай фаналогіі. Гэтая апазіцыя на адрас алфавітнай рэвалюцыі Атацюрка, думаецца, ніколі не знікне.