Еўразійская манілаўшчына
Грамадская думка краін СНД спрабуе пераварыць агучаныя на мінскім саміце лідараў Садружнасці пражэкты аб пашырэнні Мытнага саюза за кошт Індыі, Сірыі, Новай Зеландыі, В’етнаму і Турцыі. Прапануем агляд аналітыкі.
На першы погляд, перад намі або манія геапалітычнай велічы, або дыягназ. Якія эканамічныя праекты можна развіваць з Сірыяй, дзе ідзе грамадзянская вайна? Ну, фразу пра ўступленне Сірыі ў МС яшчэ можна спісаць на спробу (няхай і нязграбную) праявіць нейкую салідарнасць на адрас рэжыму Асада. Але як разумець заявы пра Індыю і Турцыю?
Не будзем казаць пра тое, што, як піша «Коммерсант», ідэя ўступлення Анкары ў МС, выказаная Назарбаевым, стала для самога турэцкага боку сюрпрызам. Згадаем, што цяперашняя спроба еўразійскай інтэграцыі ў сваёй дамінуючай палітычнай трактоўцы мае выразную постсавецкую праекцыю. Таму метраполіяй аб’яднання Пуцін бачыць толькі Маскву, а не Дэлі або Анкару. Турцыя ўжо сапраўды не стане безумоўна слухацца Маскву па той простай прычыне, што не мае такой звычкі.
Але тое, што здаецца нелагічным для адных, цалкам нармальна для іншых, у прыватнасці для расійскіх патрыётаў. Рэмарка Пуціна пра Індыю адразу гальванізавала частку расійскіх патрыётаў, якая дасюль марыць памыць боты ў Індыйскім акіяне. «Стварэнне Мытнага саюза многія заходнія аналітыкі лічылі ўтопіяй, але саюз мацнеў, і Захад пачаў глядзець на гэта аб’яднанне з асцярогай. Пасля таго, як да Мытнага саюза вырашылі далучыцца Індыя і В’етнам, яго моц і ўплыў у свеце значна ўзмоцняцца. Дзецішча Уладзіміра Пуціна можа стаць вельмі ўплывовым гульцом на сусветнай арэне. Гэта не проста эканамічная рэінтэграцыя пэўнай часткі постсавецкай прасторы. Еўразійскі саюз здольны ў бліжэйшы час стаць сапраўднай кантынентальнай садружнасцю народаў, узаемаадносіны якіх не дазволяць трэцім бакам гуляць на пэўных супярэчнасцях суседзяў», — піша Сяргей Васіленкаў.
Аднак нават у такой ура-патрыятычнай тусоўцы ідэя ўзбуйнення МС не знаходзіць падтрымкі. У кантэксце нядаўняга Бірулёва шмат хто згадаў пра тое, што прыём новых краін выклікае адпаведныя працэсы. «Калі такія краіны, як Сірыя або Індыя, і сапраўды будуць ўцягнутыя ў МС, то мы вельмі хутка атрымаем новы, велізарны струмень гастарбайтэраў і бежанцаў. Вядома, калі меркаваць разумна, то верагоднасць ўступленне ў МС Турцыі, сур’ёзна ўключанай у працэс еўраінтэграцыі, або самадастатковай у эканамічным плане Індыі не настолькі вялікая. Ім гэта проста не цікава. А вось такая дзяржава-ізгой, як Сірыя, можа і сапраўды пра гэта задумацца. У Сірыі ідзе вайна, прычым там вельмі актыўна ваююць вахабіты з усяго свету, і калі будзе адкрыты свабодны ўезд на тэрыторыю Расіі з Сірыі, то мы атрымаем не толькі сотні тысяч бежанцаў, але і тысячы ісламскіх баевікоў, гатовых зладзіць нам сапраўдны Джыхад», — піша адзін з блогераў.
Адначасова частка эканамістаў лічыць, што ў выпадку рэалізацыі агучанага ў Мінску плана галоўным бенефіцыярам ад еўразійскай інтэграцыі стане Турцыя. «Скончыцца ўсё гэта толькі адным: тым, што РФ стане велізарным рынкам збыту для турэцкіх і індыйскіх тавараў — і сыравіннай правінцыяй маладых індустрыяльных краін. Як калісьці брытанцы зрабілі Індыю рэгіёнам для продажу прадукцыі тэкстыльнага Манчэстэра. Гэтак жа будзе і з турэцкім легпрамам, які атрымае магчымасць гандляваць тут бяспошлінна. Ну, а там падыдзе і больш складаная прадукцыя: у адрозненне ад РФ, Турцыя змагла зацягнуць да сябе вытворчасць еўрапейскай бытавой электронікі. Потым яшчэ і турэцкія садавіна-гародніна рушаць услед: яны так Грузію скарылі. Прыкладна гэтак жа спрацуюць і індыйцы, калі атрымаюць права бяспошліннага гандлю тут. Сюды пойдуць не толькі тэкстыль і гародніна (індыйскія агуркі, скажам), але і лекі, і электроніка, і нават аўтамабілі. Кажуць, Турцыя пакуль не пацвердзіла словы Назарбаева. Дзякуй Богу. А то Пуцін, быццам, не супраць. Чорт, а раптам Анкара возьме ды і пагодзіцца?» — піша Міхаіл Калашнікаў.
Калі з практычнага боку ідэя пра прыём Турцыі і Індыі ў склад МС ёсць амаль утопія, што тады рухала лідарамі МС? Ёсць думка, што Пуцін гэта робіць пад уплывам унутрыпалітычных абставінаў. Яму трэба падтрымліваць свой рэйтынг, які будуецца на яго іміджы «збіральніка былых савецкіх рэспублік».
Больш папулярная версія — Пуцін папросту даў волю эмоцыям. Як кажа дырэктар Савета па нацыянальнай стратэгіі Валерый Хамякоў, выказванне расійскага прэзідэнта падобна на чыстую чалавечую праяву крыўды: «Заявы пра тое, што Індыя, Сірыя і Турцыя хочуць уступіць у Мытны Саюз, выглядаюць як спроба знайсці адказ на пастаўленае Пуціным самому сабе пытанне, як ён цяпер застанецца без Украіны. Рэзкае адштурхванне Украіны Пуціным мяне здзівіла. Падобна на крыўду. Маўляў, амаль дзесяць гадоў апекаваўся і песціў Януковіча, а той выконвае праграму, з якой на выбары ішоў Юшчанка».
Так ці інакш, тэма пра тое, што Турцыя можа замяніць Украіну ў МС, яшчэ больш раз’юшыла ўкраінцаў і пашырыла кола еўрафілаў. Як вядома, Турцыя — адна з першых краін, якія падпісалі дамову з ЕС аб вольным гандлі, аналагічную той, якую ў лістападзе плануе падпісаць Кіеў. Атрымліваецца, што Турцыі з такім статусам можна ў МС, а Украіне — не.
Аднак, магчыма, эмоцыі тут не пры чым. Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета выявіла адну вельмі важную рэч: нягледзячы на публічна заяўленыя агульныя мэты і погляды на інтэграцыйныя працэсы, у кожнай з краін-удзельніц ёсць і будуць свае, адрозныя ад іншых партнёраў стратэгічныя інтарэсы. Да гэтых інтарэсаў адносіцца і нежаданне цалкам ператварацца ў шасцёркі Масквы. Каб аслабіць яе ўплыў, Мінск і Астана паспрабуюць прыцягнуць у МС хоць Антарктыду.
Казахскі палітык Серыкжан Мамбеталін слушна адзначае: «Мэта прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна — адрадзіць Савецкі Саюз пад шыльдай спачатку Мытнага, а затым Еўразійскага саюза. Гэта разумеюць ужо ўсе, уключаючы Назарбаева. Таму ён і прапануе такія хады, як уключэнне Турцыі ў склад Мытнага саюза».
Безумоўна, за ўсімі прыёмамі хаваецца больш глабальная праблема. Юрый Крупноў, кіраўнік Інстытута дэмаграфіі, міграцыі і рэгіянальнага развіцця (Расія) адзначае: «Існуючую блытаніну ў еўразійскай інтэграцыі цалкам адлюстроўваюць вылучаныя Казахстанам і Расіяй прапановы аб пашырэнні Мытнага саюза за кошт Турцыі і Індыі... Гэта паказвае, што сённяшняя штучная інтэграцыя прасоўваецца з вынікамі, невядомымі для яе ініцыятараў. Гэта азначае, што праект Мытнага саюза і АЭП носіць павярхоўны ідэалагічны характар».
А вось газета «Свободная пресса» піша: «Асноўным стымулам для еўразійскай інтэграцыі з’яўляецца непрыхаванае жаданне трох аўтарытарных кіраўнікоў бясконца працягваць свае паўнамоцтвы з нязменнай спасылкай на карысць для насельніцтва, пазбаўленага права выбіраць».