Літва, Латвія і Польшча запусцілі альтэрнатыўны «Газпрому» газаправод GIPL
Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы Гітанас Наўседа, Эгілс Левітс і Анджэй Дуда пры ўдзеле еўракамісара па энергетыцы Кадры Сімсан урачыста адкрылі газаправод GIPL. Ён злучае газатранспартную сістэму краін Балтыі з Польшчай і астатнім газавым рынкам Еўрасаюза.
З улікам інтэрканектара паміж Эстоніяй і Фінляндыяй ён можа забяспечыць газам і гэтыя краіны, піша REFORM.by.
Фактычна GIPL пачаў працаваць з 1 траўня. Сёння адбылася ўрачыстая цырымонія пуску. Рашэнне аб будаўніцтве газаправода было прынята ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Актыўнае будаўніцтва стартавала ў 2019 годзе. На ўдзел у ім прэтэндаваў беларускі «Белтрубаправодбуд», але ён быў адхілены ад тэндару, бо такую ўгоду прызналі непрымальнай з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі.
Цырымонія адбылася на фоне спынення «Газпромам» паставак газу Польшчы і Балгарыі пасля таго, як яны адмовіліся плаціць за паліва ў расійскіх рублях у адпаведнасці з указам Пуціна.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адзначыў, што бягучыя падзеі яшчэ раз даказваюць: Расія ніколі не была надзейным партнёрам.
«Таму Літва разам з Польшчай і іншымі балтыйскімі краінамі з упэўненасцю кажа: не — расійскаму газу, не — расійскай нафты, не — фінансаванню агрэсара. Цяпер увесь рэгіён гатовы перадаць такое ж паведамленне. Газаправод GIPL злучае Літву і Польшчу. Дыверсіфікуючы маршруты і крыніцы энергазабеспячэння, ён яшчэ больш умацоўвае наш энергетычны саюз і ўзаемную падтрымку», — сказаў Наўседа.
Ён адзначыў, што ўжо заўтра ЗПГ з ЗША з тэрмінала ў Клайпедзе пачне паступаць у Польшчу. «Гэта найлепшы і самы моцны адказ на дзеянні Расіі ў спыненні паставак газу ў Польшчу і Балгарыю», — падкрэсліў Наўседа.
На яго думку, у хуткім часе газаправод будзе выкарыстоўвацца і для пастаўкі газу ва Украіну.
«Газпром — гэта не кампанія, нацэленая на атрыманне фінансавых выгод, гэта рука гаспадарчая, але і ўзброеная расійскай уладай», — сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Па яго словах, GIPL, а таксама будаўніцтва іншых газаправодаў дазволілі Польшчы спакойна прыняць навіну, што расійскі газ будзе пастаўляцца непасрэдна ў краіну.
«Не атрымалася ў нас шантажаваць. Не ўдалося нас запалохаць», — сказаў Дуда.
Газаправод каштаваў больш за 500 млн еўра. Ён у стане прапампоўваць газ з Літвы ў Польшчу, так і з Польшчы ў Літву. Яго максімальная прапускная здольнасць складае 2,4 млрд кубаметраў у год. Працягласць трубаправода 508 км.
Як заявіў раніцай міністр энергетыкі Літвы Данюс Крэйвіс, польская PGNiG ужо зарэзервавала магутнасці трубаправода пад шэсць судоў, якія можа прыняць тэрмінал ЗПГ у Клайпедзе.