Людзі на балоце супраць дыктатуры
Наўздагон Сусветнаму дню водна-балотных угоддзяў (ён адзначаўся 2 лютага) прапануем успомніць пра трагедыю балотных арабаў, якія ў свой час кінулі выклік дыктатуры Садама Хусэйна
Аказваецца, фраза «людзі на балоце» можа прымяняцца не толькі да герояў вядомай кнігі Івана Мележа. Падобным чынам у Іраку называюць жыхароў балот на паўднёвым усходзе краіны. Таксама ўжываюцца назвы «мааданы» і проста «арабы на балоце».
Унікальная цывілізацыя мааданаў узнікла ў выніку заняпаду старажытных цывілізацый, калі на месцы сельскагаспадарчых угоддзяў з'явіліся цяжкадаступныя забалочаныя тэрыторыі. Некаторыя нават лічаць балотных арабаў нашчадкамі старажытных шумераў, цывілізацыя якіх налічвае 5000 год. Традыцыйна іракскія людзі на балоце жывуць у адасобленых вёсках у трысняговых хатках. Да тых вёсак часта можна дабрацца толькі на лодцы. Лоўля рыбы, вырошчванне рысу, развядзенне вадзяных буйвалаў з'яўляюцца асновамі іх эканомікі. Як правіла, мааданы вызнаюць шыізм.
Будучы практычна ізаляванымі балоты нярэдка станавіліся прыстанішчам для паўстанцаў і крыміналу, што відавочна паўплывала на стаўленне абарыгенаў да цэнтральнай улады. У гэтым плане нядзіўна, што ў 70-я гады, падчас станаўлення дыктатуры Садама Хусэйна, у балотах сталі хавацца праціўнікі рэжыму. Многія з іх аказаліся ў авангардзе паўстання 1991 года, трыгерам якога стала фіяска іракскай арміі ў Кувейце. Параза лагічна выклікала ў многіх думку, што дыктатура вось-вось абрынецца.
Таксама паўстанцы спадзяваліся на дапамогу ЗША. Менавіта ірацкая секцыя Радыё Свабоды напярэдадні капітуляцыі перадала паведамленне з заклікам паўстаць і зрынуць Садама. «Дастойныя сыны Тыгра і Еўфрата, у гэтыя вырашальныя моманты вашага жыцця ў вас няма іншага выбару, акрамя як пакласці канец дыктатару і яго злачыннай групоўцы», — казаў дыктар.
На працягу першых двух тыдняў выступу большасць іракскіх гарадоў і правінцый перайшла пад кантроль паўстанцаў. Садаму, які абапіраўся на суніцкіх арабаў, удалося захаваць кантроль над сталіцай Багдадам. Аднак неўзабаве ён перайшоў у наступ, паступова ліквідуючы зоны паўстання, не грэбуючы пры гэтым нават выкарыстаннем хімічнай зброі. Частка інсургентаў у выніку вырашыла зноў схавацца сярод балотных арабаў.
У гэты час Садам, напэўна, і ўспомніў пра старыя планы асушэння месапатамскіх балотаў для перанакіравання вады на патрэбы земляробства. Падобныя пражэкты былі дэталёва распрацаваны яшчэ брытанскай каланіяльнай адміністрацыяй у пачатку 1950-х. Іх выцягнулі з архіваў і пачалі ажыццяўляць. У 1991 годзе дыктатар абвясціў пра маштабны праект па асушэнні балот. Мясцовыя жыхары згодна з планам падлягалі высяленню.
Рэалізацыя праекта была для балотных арабаў сапраўднай гуманітарнай катастрофай. Вёскі на балотах падвяргаліся нападу ўрадавых войскаў з верталётаў і часам проста спальваліся, а іх насельніцтва дэпартавалася. Напрыклад, толькі за адзін месяц са снежня 1991 па студзень 1992 года было разбурана больш за 70 вёсак і больш за 50 000 жыхароў былі выселены са сваіх дамоў. Паведамлялася таксама, што ваду вакол вёсак, жыхары якіх супраціўляліся дэпартацыі, жаўнеры наўмысна атручвалі.
Экалагічны кошт асушэння вялізарны. Да канца 1990-х цалкам высахла прыкладна 80 працэнтаў балот, прычыніўшы самую сур'ёзную шкоду жывёльнаму свету. Асушванне месапатамскіх балот з часам была расцэнена Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый як «трагічная чалавечая і экалагічная катастрофа». Эколагі ўвогуле разглядаюць яе як адну з самых страшных экалагічных катастроф ХХ стагоддзя.
Мааданы былі вымушаны масава пакінуць свае родныя мясціны. Да канца праўлення Садама Хусэйна на балотах з 200 тысяч чалавек засталося ўсяго 20 тысяч. Астатнія перасяліліся ў суседнія гарады і пасёлкі, частка перабралася ў Іран, дзе знайшла прытулак ў лагерах бежанцаў.
Калі ў 2003 годзе ЗША і іх саюзнікі ўварваліся ў Ірак, балотныя арабы, натхнёныя навіной, зноў пачалі паўстанне. Былі ўзарваныя дамбы, а тыя, хто з'ехаў, паспрабавалі вярнуцца на сваю былую тэрыторыю.
Але асушванне не прайшло для экасістэмы балот бясследна. У многіх месцах весці гаспадарку як раней аказалася ўжо цяжка. Акрамя таго, балоты значна пацярпелі ад змянення ўмоў надвор'я і працяглых засух. Усе гэтыя фактары прывялі да таго, што насельніцтва балот няўхільна скарачаецца. Паводле ацэнак спецыялістаў, да 2003 года толькі 1600 мааданаў жылі на сваёй радзіме, ведучы традыцыйны лад жыцця.
Зрэшты, фіксуецца і нейкі аптымізм. Пасля падзення Садама многія насыпы і дрэнажныя збудаванні былі дэмантаваны, і балоты пачалі паступова аднаўляцца. На месцы асушаных тэрыторый з'явілася коўдра з азёр.
Адзначана вяртанне некаторых відаў рыб і птушак.
У дакладзе агенцтва Злучаных Штатаў па міжнародным развіцці адзначаецца, што некаторыя балотныя арабы, якіх выселілі адсюль у 90-я, вырашылі вярнуцца на радзіму. Аднак для адраджэння самабытнага свету балотных арабаў, якія сталі ахвярай дыктатуры, відавочна спатрэбіцца яшчэ вельмі шмат часу.