Міхаіл Саакашвілі. Віктар Юшчанка. Мануэль Нар’ега
Міхаіл Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі
У Грузіі раскрылі чарговую шпіёнскую змову. На базе дакументаў спецыяльных
службаў суд Тбілісі даў згоду на затрыманне на два месяцы двух прадстаўнікоў армянскай грамады Грузіі як шпіёнаў і кантрабандыстаў зброі. Шпіянажам і кантрабандай, калі верыць суду, тыя займаліся,
каб аддзяліць ад Грузіі Джавахеці. Джавахеці — раён кампактнага пражывання армян на поўдні краіны. Тут налічваецца прыкладна 240 тысяч чалавек, палова з якіх — этнічныя армяне.
Сацыяльная сітуацыя ў краі зараз вельмі складаная, асабліва пасля таго, як расійская армія пакінула мясцовую вайсковую базу, на якой трымалася ўся інфраструктура. Таму ў Джавахеці шмат тых, хто
незадаволены рэжымам. Менавіта іх, на думку афіцыйнага Тбілісі, спрабуюць выкарыстоўваюць замежныя разведкі. Грузінскі МУС сцвярджае, што некаторыя мясцовыя няўрадавыя арганізацыі фінансуюцца
замежнымі разведкамі з мэтай стварэння атмасферы нацыянальнай напружанасці з перспектывай патрабавання выхаду Джавахеці са складу Грузіі. У якасці доказу спецслужбы прадстаўляюць замежныя тэлефонныя
размовы затрыманых актывістаў. Расправа над армянскімі дзеячамі выклікала гучны рэзананс у суседняй Арменіі. Некаторыя сябры армянскага парламенту выступілі ў падтрымку асуджаных. Таксама на бок
“серапатыстаў сталі некаторыя сябры грузінскай апазіцыі. Апаненты Саакашвілі лічаць, што прэзідэнт наўмысна раздувае нацыяналістычную істэрыю, каб адцягнуць увагу грамадства ад
апошняй ініцыятывы апазіцыі: яе сябры прынялі агульную дэкларацыю, у якой патрабуюць правядзення датэрміновых прэзідэнціх і парламенцкіх выбараў.
Віктар Юшчанка
Гарант украінскай канстытуцыі выступіў з незвычайным праектам. Ён прапанаваў афіцыйна
адзначаць Дзень абаронцаў айчыны не 23 лютага, а 29 студзеня. Гэта дата звязана з падзеямі 29 студзеня 1918 года. У гэты дзень каля вёскі Круты на Чарнігаўшчыне 150 кіеўскіх студэнтаў спрабавалі
прыпыніць наступленне 6 тысяч вайскоўцаў Чырвонай арміі, якая змагалася супраць Украінскай народнай рэспублікі (УНР). Бой, які, натуральна, закончыўся перамогай бальшавікоў, з часам стаў часткай
украінскага нацыяналістычнага міфу. Украінская супольнасць вельмі крытычна ўспрыняла прапанову прэзідэнта. Па-першае, трэба шчыра прызнаць, што адным актам нельга знішчыць традыцыю святкавання 23
лютага. Па-другое, нават украінскія нацыяналісты мяркуюць, што існуюць лепшыя даты для святкавання Дня абаронцы Украіны. Аргументы наступныя: улетку 1917 года на вернасць УНР прысягнулі каля 300
тысяч вайскоўцаў арміі Расіі (мова пра выхадцаў з Украіны). Аднак з-за правальнай палітыкі Кіева на пачатку 1918 года Цэнтральная рада была ў стане выставіць на фронт толькі 150 студэнтаў.
“Хіба гэта падстава для святкавання? — кажуць украінцы.
Мануэль Нар’ега
У 1990 годзе дыктатара Панамы, які на дзяржаўным узроўні
дапамагаў кантрабандыстам наркотыкаў, узялі ў палон марскія пехацінцы ЗША. Аперацыя такога кшталту супярэчыла ўсім існуючым прававым нормам, аднак міжнародная супольнасць і нават ААН заплюшчылі на
гэта вочы. Пасля дастаўкі ў ЗША, Нар’егу асудзілі да 40 гадоў турмы. Дзякуючы добрым паводзінам і рознага кшталту амністыям яму скарацілі тэрмін да 17 гадоў. Цяпер яму час выходзіць, аднак
з’явіліся іншыя жадаючыя пабачыць панамца за кратамі. Мова пра Францыю, чый суд завочна асудзіў Нар’егу на дзесяць гадоў за адмыванне грошай. Натуральна, адвакаты Нар’егі
просяць памілаваць свайго кліента. Тым больш, што фармальна ад яго імя тады разлічвалася жонка Мануэля, якая цяпер не хоча мець нічога агульнага з былым мужам. Апошняе рашэнне будзе за новым
дзяржаўным сакратаром ЗША Хілары Клінтан. Аднак калі яна і адмовіць Парыжу, Нар’егу чакаюць цяжкія часы. Яму, як вольнаму чалавеку, прыйдзецца шукаць краіну, якая пагодзіцца дазволіць яму
пражыванне. Між тым, нават у Панаме ідуць размовы пра тое, каб пазбавіць Нар’егу грамадзянства.