Madonna go home!

Напярэдадні канцэрту Мадонны ў Варшаве ў краіне актывізаваўся рух супраць выступу вядомай спявачкі.

Канцэрт Мадонны прызначаны на 15 жніўня. Продаж квіткоў пачаўся яшчэ ў лютым. Спачатку ніякага рэзанансу ў асяроддзі каталіцкіх фундаменталістаў запланаванае культурнае мерапрыемства не выклікала. Толькі прыблізна напачатку лета яны паглядзелі ў каляндар — і ў іх заняло мову. Канцэрт прызначаны ў вельмі важны для каталіцкіх вернікаў дзень — Узняцце на неба найсвяцейшай Панны Марыі (Мадонны).



d79aac075930c83c2f1e369a511148fe.jpg

Напярэдадні канцэрту Мадонны ў Варшаве ў краіне актывізаваўся рух супраць выступу вядомай спявачкі.
Канцэрт Мадонны прызначаны на 15 жніўня. Продаж квіткоў пачаўся яшчэ ў лютым. Спачатку ніякага рэзанансу ў асяроддзі каталіцкіх фундаменталістаў запланаванае культурнае мерапрыемства не выклікала. Толькі прыблізна напачатку лета яны паглядзелі ў каляндар — і ў іх заняло мову. Канцэрт прызначаны ў вельмі важны для каталіцкіх вернікаў дзень — Узняцце на неба найсвяцейшай Панны Марыі (Мадонны).
Таму заўзятыя каталікі вырашылі: канцэрт мусіць быць забаронены, а яго ініцыятараў трэба прыцягнуць да адказнасці. Праўда, трэба прызнаць, што такую пазіцыю займае толькі фракцыя польскіх каталікоў. Афіцыйна Касцёл ніяк не каментуе запланаваны канцэрт. Аднак сярод тых, хто кажа «non possimus» (лац.: «не дазволім»), знайшлося дастаткова шмат вядомых асобаў, каб праблема Мадонны выйшла на першыя старонкі польскіх газет. Напрыклад, сярод пратэстуючых Станіслаў Макоўскі, былы капелан прафсаюзу «Салідарнасць». Пратэст падтрымаў і Лех Валенса.
Варта нагадаць, што пратэсты супраць выкарыстання рэлігійных сімвалаў у масавай культуры ў Польшчы ўжо сталі традыцыйнымі. У 1994 годзе часопіс «Wprost» на першай старонцы апрануў на твар Маці Божай Чэнстаховай маску як сімвал дрэннага стану экалогіі. Каталіцкая грамада гэтага не прабачыла. Справа супраць рэдакцыі дайшла нават да Камісіі па правах чалавека ў Страсбургу. Праўда, канчатковае рашэнне было ўсё ж на карысць журналістаў.
Шмат разоў у краіне адмяняліся выставы, дзе прысутнічалі элементы хрысціянскага культу. Не кажучы ўжо пра фільмы. Забараніць «Код да Вінчы» патрабавалі некалькі парламентарыяў.
Аднак вернемся да Мадонны. Непасрэдны арганізатар і лідэр антымаданістаў — Мар’ян Брудзіньскі (44 гады), былы сябра правай Лігі польскіх сямей. 13 чэрвеня ён стварыў камітэт «Pro Polonia», які каардынуе акцыі пратэстаў супраць выступу Мадонны.
Прэса піша, што касцяк камітэту складаюць людзі, якія арганізавалі акцыю ў Быдгашчы, дзе група каталікоў у мінулым снежні сарвала спектакль-канцэрт па матывах Бібліі. Кульмінацыяй той імпрэзы павінен быў стаць зварот да публікі акцёра, які іграў Понція Пілата. Пілат, які судзіў Хрыста, хацеў прапанаваць гледачам самім, шляхам SMS-галасавання, вырашыць: адпраўляць Хрыста на крыж або памілаваць. Вернікі здзек з біблейскага сюжэту не дапусцілі.
Цяпер Брудзіньскі і яго прыхільнікі бамбардзіруюць лістамі адміністрацыю прэзідэнта і сталічную ратушу, патрабуючы забароны канцэрта з рэлігійных прычынаў. Акрамя таго, кожны дзень сябры камітэта ходзяць па цэнтру Варшавы з перапынкамі на малітвы і збор подпісаў. Кампанія Брудзіньскага мае відавочны поспех. Мар’ян ужо паспеў перасварыць паміж сабой усіх правых палітыкаў, якія вымушаны неяк каментаваць праблему Мадонны і тым самым ставіць сябе ў вельмі нязручнае становішча: Мадонна — мегазорка, што мае сотні тысяч прыхільнікаў, якія таксама ходзяць на выбары. З іншага боку, губляць каталіцкі электарат таксама не хацелася б. Хаця, як сведчаць апытанні, большасць палякаў супраць палітызацыі творчасці спявачкі. Тым больш, хапае прыкладаў, калі музыкі ўжо выступалі ў каталіцкія святы ў Польшчы.
Чаму фундаменталістам не падабаецца менавіта Мадонна? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба ўзгадаць творчы шлях артысткі.
Уся кар’ера Мадонны — гэта паслядоўная правакацыя. Пачынаючы ад яе першага кліпу «Like a Virgin», які паказалі на MTV у 1984 годзе. Песня выклікала скандал. З таго часу правакацыі на глебе сексу сталі візіткай Мадонны. Дастаткова ўзгадаць яе пацалунак з Брытні Спірс падчас уручэння ўзнагарод на канале MTV у 2000 годзе.
Аднак гэтага ёй было мала. Хутка Мадонна адкрыла для сябе тэму рэлігіі. У кліпе «Like a prayer», запісаным у 1989 годзе, яна цалуецца з чарнаскурым Ісусам. Калі яна рабіла глабальны канцэртны тур у 2005 годзе (так званы Сonfession tour), Мадонна спявала на фоне вялікага чырвонага крыжа. Праўда, сама яна сцвярджала, што не збіралася крыўдзіць хрысціян. Для яе спевы на фоне крыжу былі сродкам прыцягнуць увагу грамадства да праблемы СНІДу.
Польскія правыя аглядальнікі кажуць, што Мадонна абавязкова выкіне які-небудзь антыхрысціянскі нумар у Варшаве. Хаця, калі меркаваць па папярэдніх канцэртах Мадонны ў рамках яе туру «Sticky Sweet Tour 2009», цяпер стаўка робіцца на тое, каб шакаваць публіку непрыстойнымі сексуальнымі позамі на сцэне. Можа, такой харэаграфіяй усё і абмяжуецца.
«З іншага боку, што вы хацелі ад Мадонны. Каля 80–90 працэнтаў зорак шоу-бізнесу атэісты, і антырэлігійныя правакацыі заўсёды былі часткай іх творчасці», — пішуць ліберальныя каментатары. Яны прапануюць Брудзіньскаму і кампаніі не замінаць Мадонне, а арганізаваць альтэрнатыўны канцэрт.