Малдоўскі кансэнсус

Напэўна, упершыню за апошнія 25 гадоў у малдоўскай палітыцы пануе геапалітычны кансэнсус. Усё дзякуючы былому ўсёмагутнаму алігарху Уладу Плахатнюку, якога ў чэрвені Еўропа, ЗША і Расія разам зрынулі. Ці доўга ўтрымаецца ў краіне такі дзіўны мір? Пра магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў інтэрв’ю «Новаму Часу» распавядае малдоўскі грамадскі актывіст Эдуард Шчупак.

 Фота www.cont.ws

 Фота www.cont.ws

— Напэўна, самая вялікая загадка нядаўняй малдоўскай антыалігархічнай рэвалюцыі — куды падзеўся сам Плахатнюк?

— На гэтае пытанне дакладнага адказу няма. Аднак усё выглядае так, што ён знахо­дзіцца недзе на Захадзе. Часцей за ўсё называюць Жэневу, Лондан і нават Фларыду. На карысць версіі, што Плахатнюк падаўся ў заходнім кірунку, кажуць пэўныя акалічнасці чэрвеньскага перавароту. Улад Плахатнюк, які, па-сутнасці, кантраляваў усю вертыкаль, раптам адмовіўся ад барацьбы пасля 15-хвіліннай размовы з паслом ЗША. Відавочна, што алігарху ў якасці кампенсацыі ад спробаў ухапіцца за ўладу былі дадзеныя нейкія гарантыі асабістай бяспекі. Таму лагічна, што былога ўладара Малдовы трэба шукаць недзе на Захадзе.

— Гэта азначае, што Плахатнюк, якога падазраюць у мностве злачынстваў, не будзе прыцягнуты да адказнасці?

— Не думаю, што Плахатнюк забяспечыў сабе спакойную будучыню. Прынамсі, ужо зараз супраць яго распачатыя тры крымінальныя справы. І гэта не фінал. Чальцы былога атачэння Плахатнюка, баючыся трапіць за краты, актыўна даносяць адзін на аднаго і на свайго былога боса. Так, з’явіліся падставы падазраваць экс-алігарха ў міжнародным гандлі наркотыкамі. Наўрад нехта з заходніх палітыкаў рызыкне надаць такой асобе прытулак.

З іншага боку, магчыма, на лаву падсудных ён трапіць не так хутка. Структуры Плахатнюка могуць спатрэбіцца Захаду для гульні супраць Масквы. Ад пазіцыі фракцыі яго партыі дэмакратаў залежыць, як будзе выглядаць фармат ураду, які, паводле нашай Канстытуцыі, мае больш паўнамоцтваў за прэзідэнта. Пакуль урад складаецца з прамаскоўскіх сацыялістаў прэзідэнта Ігара Дадона і праеўрапейскага тандэму палітыкаў Маі Санду і Андрэя Нэстасэ, якія могуць аддаць перавагу кааліцыі з дэмакратамі.

— Як эмацыйна малдаване ўспрынялі навіну пра крах рэжыму Плахатнюка, які дэ-факта быў некаранаваным каралём Малдовы?

— Сапраўды, гэта было вялікім сюрпрызам. Падавалася, што ў нейкі час Плахатнюк прыдумаў бліскучую камбінацыю, якая забяспечвае яму на доўгі час гарантаваны кантроль над краінай. Ён прасунуў на пазіцыю прамаскоўскага прэзідэнта Ігара Дадона, і палохаў Захад расійскай пагрозай. Пэўны час гэта працавала.

Аднак, як часта бывае, чалавек, доўга застаючыся пры ўладзе, губляе пачуццё рэальнасці. Калі пратэжэ Плахатнюка летась прайграў на выбарах сталічнага мэра, алігарх (прынамсі, так распавядаюць сведкі) без кансультацый з партнёрамі, пад ціскамі эмоцый загадаў кішэнным суддзям адмяніць вынікі галасавання. Для Брусэля гэта быў рубікон — дзяжурны транш фінансавай дапамогі з боку ЕС быў замарожаны. Аднак усё роўна не верылася, што пачаўся адлік апошніх дзён алігархічнай дыктатуры. Плахатнюк кантраляваў суды, міністэрствы, у тым ліку сілавыя. Мог заўжды за кошт грошай мабілізаваць людзей на плошчу. Аднак прадбачыць дамову паміж такімі антаганістамі, як Захад і Масква, яму не ўдалося.

— У падзеях апошняга часу практычна не свяціліся партыі, якія выступаюць за інтэграцыю Малдовы ў склад Румыніі, хаця яшчэ год таму, падчас святкаванняў сотай гадавіны румынскай анексіі Малдовы, гэты план усур’ёз абмяркоўваўся. Няўжо ў Бухарэсце адмовіліся ад праекту Вялікай Румыніі?

— Румынія падтрымлівала і, напэўна, будзе падтрымліваць прарумынскія сілы ў Малдове. Аднак не падобна на тое, што нехта ў Бухарэсце сапраўды гатовы заключаць Малдову ў гарачыя абдымкі. Еўрасаюз, сябрам якога з’яўляецца Румынія, ніколі не дасць згоды на перагляд існуючых межаў. Пасля гэтага крытыка Пуціна за Крым страціць нейкі сэнс. Не кажучы пра тое, што Румыніі як адной з самых бедных краін ЕС, гэта проста не пад сілу эканамічна. Бухарэсцкія палітыкі за кошт абяцанняў аб’яднання з Малдовай папросту намагаюцца прыцягнуць галасы малдаван — уладальнікаў румынскіх пашпартоў.

— У кантэксце мірнага пакту паміж Захадам і Масквой шмат кажуць пра магчымую федэралізацыю краіны. Больш за тое, мяркуюць, што вяртанне Прыднястроўя на правах аўтаномнай адміністратыўнай адзінкі ў склад Малдовы павінна выглядаць як рэпетыцыя сцэнару вырашэння праблемы Данбасу.

— Пытанні такога ўзроўню, калі і будуць вырашацца, то на больш высокім узроўні. Калі Захад і Масква знойдуць кансэнсус па Прыднястроўі, то малдоўскіх палітыкаў проста паставяць перад фактам. Дарэчы, не­зразумела, якія палітыкі будуць на той час. Справа ў тым, днямі Плахатнюк выклаў у сеціва кампрамат на Дадона — запіс красавіцкай сустрэчы, на якой прэзідэнт просіць прафінансаваць сваіх сацыялістаў з разлікамі прыкладна 700 тысяч долараў на месяц. Сваю просьбу ён аргументуе таксама і тым, што Масква адмовіла яму. Думаецца, гэта відэа ўразіла не толькі шараговых сацыялістаў, якія такіх велізарных сумаў грошай у жыцці не бачылі, аднак і Крэмль. Цяпер скандал, развязкай якога можа быць нават імпічмент Дадона або забарона дзейнасці сацыялістаў, толькі набірае ход.