Раніцай — дамова, увечары — «брэксіт»
У Вялікабрытаніі Палата абшчын ухваліла папраўку да закона, які забараняе выхад краіны з Еўрасаюза без пагаднення з Бруселем.
Такім чынам, наступны прэм'ер-міністр краіны, незалежна ад таго, хто ім стане, будзе пазбаўлены свабоды дзеянняў у гэтым пытанні. За папраўку свае галасы аддалі 315 дэпутатаў, 274 былі супраць.
Барыс Джонсан, якога называюць фаварытам на пасаду прэм'ера, неаднаразова заклікаў да выхаду з ЕС 31 кастрычніка нават у тым выпадку, калі дамовы дасягнуць не атрымаецца, паведамляе euronews.com:
— Не хочацца называць крайні тэрмін, але скажу, што хацеў бы выйсці з ЕС задоўга да наступных выбараў, а самае галоўнае — не пазней за 31 кастрычніка. Варта абавязкова выйсці з правапарадку Еўрасаюза, а затым весці любыя перамовы наконт пагаднення аб свабодным гандлі. На гэта, як я ўжо казаў, не павінна сысці больш за год ці, можа, пару гадоў, так што выйсці з ЕС трэба задоўга да наступных выбараў.
Між тым, першы намеснік кіраўніка Еўрапейскай камісіі Франс Цімерманс падліў алею ў агонь — насмешліва адгукнуўся пра брытанскіх перагаворшчыкаў у інтэрв'ю, запісаным раней, але ўпершыню апрылюдненым у чацвер, 18 ліпеня:
— Калі я ўпершыню пачуў публічныя заявы Дэвіда Дэвіса і ўбачыў, што ён не прыходзіць, не вядзе перамовы, а выступае дзесьці ў іншым месцы, я падумаў: "О божа, у іх няма плану. У іх няма плану!» Мяне гэта сапраўды ўзрушыла, бо наступствы могуць быць вельмі непрыемныя, калі ў вас няма плану, а час на зыходзе. Гэта нагадала мне паводзіны малодшага капрала Джонса з тэлешоу, які ўвесь час крычыць: «Без панікі, без панікі!» — і носіцца, як ідыёт.
У брытанскім Упраўленні па бюджэтнай адказнасці лічаць, што «брэксіт» без здзелкі з ЕС можа прабіць у дзяржаўным бюджэце дзірку ў 30 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў і пагражае краіне рэцэсіяй — гэта можа стаць аргументам, каб наступны брытанскі прэм'ер перагледзеў сваю пазіцыю наконт «брэксіту».