Мара педафіла

У чылійскай турме памёр Пауль Шэфер — нацыст, педафіл, заснавальнік сумна вядомай калоніі Дыгнідад.



4dd9cec1c21bc54eecb53786a2c5fa09.jpg

У чылійскай турме памёр Пауль Шэфер — нацыст, педафіл, заснавальнік сумна вядомай калоніі Дыгнідад.
Дабрачыннае і адукацыйнае грамадства «Дыгнідад» (ісп. годнасць) — такім была поўная афіцыйная назва нямецкай калоніі ў Чылі, якая існавала з 1961 па 1995 год. Дыгнідад вядомы перш за ўсё па дзвюх прычынах. Хадзілі чуткі, што менавіта тут хаваліся нацысцкія злачынцы, уключна з Марцінам Борманам. Акрамя таго, у 1970–1980 гадах кіраўніцтва калоніі шчыльна супрацоўнічала з Піначэтам. У калоніі дзейнічаў цэнтр катавання апазіцыянераў. Да гэтага часу не высветлена, колькі тут было забіта людзей.
Менш вядома пра структуру арганізацыі жыцця ў Дыгнідад, хаця гэты аспект здаецца вельмі цікавым. Дыгнідад — адзін з самых жудасных сацыяльных эксперыментаў у гісторыі.
Увогуле, сваім з’яўленем Дыгнідад шмат у чым абавязаны землятрусу ў Чылі 1961 года. Пасля катастрофы ў краіне з’явілася так шмат бяздомных дзяцей, што ўрад быў рады ініцыятыве групы грамадзян ФРГ заснаваць на пустым ранча сядзібу, дзе акрамя іншага аказвалася дапамога дзецям — ахвярам катастрофы. Інакш чылійскія чыноўнікі, думаецца, як мінімум запыталі б у амбасадзе ФРГ пра нямецкіх філантропаў і не падтрымалі б іх ініцыятыву. Хаця б па той прычыне, што на заснавальніка праекта «Дыгнідад» Пауля Шэфера на радзіме была заведзена крымінальная справа.
Паўля Шэфера, 1921 года нараджэння, шукалі за педафілію. Гэта быў ужо не першы выпадак, калі былы ветэран СС, вайсковы доктар быў западозраны ў вычварэннях. Адразу пасля вайны ён працаваў у дзіцячым садку пры евангельскай царкве, адкуль яго выгналі за сексуальныя дамаганні да дзяцей. Той выпадак лічыцца пераломным у жыцці Шэфера. Ён быццам бы ўсвядоміў свой грэх, пачаў цікавіцца Бібліяй, заняўся прапагандай біблейскай літаратуры. Ягоныя выступы мелі поспех. Паступова вакол чалавека са шкляным вокам (вока ён страціў яшчэ юнаком, спрабуючы з дапамогай відэльца развязваць шнуркі) склалася групоўка прыхільнікаў. Галоўным чынам гэта былі ўдовы і маці забітых на вайне салдат Вермахту, а таксама выхадцы з занятай Саветамі Усходняй Прусіі.
Аднойчы Шэфер заявіў, што яны ўсе абраныя Богам, і прапанаваў заснаваць нешта накшталт царкоўнай грамады. Умовы сяброўства ў грамадзе былі простыя: штодня хадзіць на споведзь да Шэфера і кожны месяц аддаваць 10 працэнтаў заробку. Здавалася, усё ішло добра, аднак старая хвароба ўзяла верх. Дзве маці паскардзіліся на тое, што іх дзеці сталі ахвярамі сексуальнага гвалту з боку Шэфера. Быў выпісаны ордэр на яго арышт. Аднак прапаведнік паспеў збегчы за мяжу і хутка апынуўся ў Чылі.
Атрымаўшы дазвол на заснаванне калоніі, Шэфер выклікаў з ФРГ першых дзесяць паплечнікаў. А ў 1963 годзе калонія налічвала ўжо 230 чалавек. Пасля былі яшчэ дзве хвалі эмігрантаў з ФРГ. Плюс каланісты бралі да сябе чылійскіх дзяцей, якіх вучылі нямецкай мове. Такім чынам, у калоніі жылі прыкладна 300 чалавек.
 Каланісты абавязаны былі ведаць нямецкую мову і насіць уніформу. Апранацца па сучаснай модзе меў права толькі Пауль Шэфер, што падкрэслівала ягоны асаблівы статус.
Усе каланісты былі апантаныя ідэяй асабістага выратавання перад Богам. У сваіх лекцыях Шэфер праводзіў думку пра тое, што кожны чалавек пастаянна становіцца грахоўным. Змыць грэх можна працай і падпарадкаваннем правілам, якія ён прыдумаў.
Уся грамада была падзелена на ўзроставыя групы. Кожная мела свае адзнакі і нават сцяг. Хлопчык, які нараджаўся ў калоніі, праводзіў першыя гады не з бацькамі, а ў спецыяльным дзіцячым садку. У шэсць гадоў яго пераводзілі ў групу «Крыжы», у 15 гадоў — у групу «Армія выратавання». Прыблізна ў 35 гадоў каланіст атрымліваў статус «Стары служка». І, нарэшце, у 50 гадоў яго запісвалі ў катэгорыю «Камэлас» (тэрмін, які не мае дакладнага перакладу або значэння). Падобныя структуры існавалі і для дзяўчынак. На працягу жыцця яны былі сябрамі ўзроставых арганізацый — «Драконы», «Палевікі», «Жаночая група», «Бабулі».
Усе сябры групы жылі разам — па шэсць чалавек у адным пакоі. Дазвалялася мець невялікі набор асабістых рэчаў — піжама, адзенне для адпачынку, ніжняя бялізна. Кожнай раніцай група збіралася на калектыўны сняданак. Адсюль ішлі на працоўныя месцы. Яны працавалі па 12 гадзін на дзень. Увесь заробак ішоў у казну калоніі, якой распараджаўся Шэфер. Акрамя таго, Шэфер нелегальна гандляваў зброяй.
Правадыр асабіста кантраляваў увесь працэс вызвалення ад грахоў. Перш за ўсё шляхам абавязковых для кожнага споведзяў. Здаецца, што тыя споведзі былі адзінай формай камунікацыі. «Калі размаўляюць двое — іх абараняе Ісус. Калі размаўляюць трое — яны пад кантролем д’ябла», — любіў казаць Пауль. Падчас ланчу ён збіраў мужчын калоніі і абвяшчаў, хто з прысутных зрабіў які-небудзь грэх. Той, хто правініўся, павінен быў публічна пакаяцца.
Жаночая сексуальнасць, паводле пераканання Шэфера, паходзіць ад д’ябла. Таму жанчыны жылі асобна ад мужчын. Прымітыўныя, падобныя на мяхі сукенкі, павінны былі хаваць жаночыя формы. Праблемы лібіда вырашаліся за кошт напружанай працы. Калі ж падавіць сексуальныя пачуцці было цяжка, каланіст звяртаўся да правадыра з просьбай даць яму жонку. Пры гэтым выбар Шэфера заўсёды падаў выключна на жанчын, якія ўжо не маглі мець дзіця. Адмоўнае стаўленне Шэфера да нараджэння дзяцей дасюль застаецца загадкай. За ўсю гісторыю ў калоніі нарадзілася ўсяго 60 дзяцей. Пры гэтым з 1975 па 1989 год увогуле не нарадзілася ні адно немаўлятка.
Неяк Шэферу вельмі не спадабалася, што дзеці любяць Санта-Клаўса больш за яго. І ён прыдумаў цікавае рашэнне. Вывеў усіх дзяцей на рэчку сустракаць Санта-Клаўса, а калі той з’явіўся (гэта быў пераапрануты каланіст), забіў яго з пісталета. Цяпер, на думку Пауля, дзеці павінны былі перастаць верыць у дзядулю з белай барадой. Пасля гэтага выпадку ўсе святкаванні ў Дыгнідад былі забароненыя. У календары застаўся толькі адзіны чырвоны дзень — дзень нараджэння Шэфера.
Шэфер стварыў пры сабе інстытут пасыльных — групу маладых хлопчыкаў, якія лічыліся ягонымі вучнямі. Яны таксама аказвалі гаспадару спецыфічныя інтымныя паслугі. Трапіць у спіс пасыльных або ў ахову лагера было вельмі прэстыжна.
На іншым полюсе знаходзіліся так званыя «мяцежнкі» — тыя, хто неяк правініўся перад адміністрацыяй. Яны насілі чырвоныя кашулі — сімвал ганьбы, працавалі да трох гадзін ночы і жылі ў турме пры шпіталі, дзе ім у дадатак давалі розныя псіхатропныя прэпараты. Адзін з мяцежнікаў, які здолеў збегчы з Дыгнідаду, жыў у такіх умовах аж 31 год.
Яшчэ горш было апазіцыянерам, якіх пасля перавароту 1972 года прывозіла ў Дыгнідад ахранка Піначэта. Перад тым, як іх забіць, апазіцыянераў катавалі з дапамогай сабак і электрычнага току.
Шэфер увесь час казаў каланістам, што не сёння — заўтра прыйдуць камуністы. Ён нават фальсіфікаваў навіны на тэлебачанні, каб падтрымліваць у лагеры істэрычны стан. Каланісты час ад часу выводзіліся на пошукі ў суседніх гарах агента камуністаў, якога быццам бачылі побач.
Цяпер гэта ўсё ў мінулым. Дыгнідад даўно перастаў быць дзяржавай у дзяржаве. Зараз тут спрабуюць развіваць экалагічны турызм. Памёр нарэшце і Шэфер.
Дыгнідад, здаецца, застаўся цікавым толькі для псіхолагаў, якія ахвотна размаўляюць з былымі каланістамі, спрабуючы зразумець, як чалавек можа апраўдаць і дазволіць такі здзек з сябе. Псіхолагі кажуць, што жыццё ў калоніі не было пабудавана выключна на дыктаце. Значна большую ролю адыгрывала эмацыйная сувязь з Шэферам, культ ягонай асобы, страх перад навакольным светам.