Марка з Біяфры

40 гадоў таму ў студзені 1970 года ў Нігерыі закончылася вайна за Біяфру — самая крывавая і самая невядомая вайна ў сучаснай гісторыі Чорнага кантынента.

Нігерыя — развітая краіна Чорнай Афрыкі. Як і ў любой афрыканскай краіне, там час ад часу здараюцца форс-мажоры. Не ў апошнюю чаргу з-за вельмі стракатага насельніцтва (больш 300 этнасаў), аб’яднанага ў федэратыўную дзяржаву.

40 гадоў таму ў студзені 1970 года ў Нігерыі закончылася вайна за Біяфру — самая крывавая і самая невядомая вайна ў сучаснай гісторыі Чорнага кантынента.
Нігерыя — развітая краіна Чорнай Афрыкі. Як і ў любой афрыканскай краіне, там час ад часу здараюцца форс-мажоры. Не ў апошнюю чаргу з-за вельмі стракатага насельніцтва (больш 300 этнасаў), аб’яднанага ў федэратыўную дзяржаву.
Існуюць тры асноўныя этнічныя групы. Гэта хауса (мусульмане, на поўначы), йоруба (напалову мусульмане, напалову хрысціяне, на паўднёвым захадзе), і ігбо (хрысціяне, на паўднёвым усходзе). Сярод апошніх, дарэчы, ёсць нават група, якая лічыць сябе габрэямі.
Пасля здабыцця незалежнасці (ад Вялікабрытаніі ў 1960 годзе) у Нігерыі быў сфармаваны кааліцыйны ўрад з партыяў хауса і йоруба. Ігбо засталіся ў пабітага карыта, нягледзячы на другое месца ў краіне з дэмаграфічнага пункта гледжання. І ў гэты самы момант у дэльце ракі Нігер, дзе жывуць ігбо, знайшлі нафту!
І калі дагэтуль сепаратысцкія настроі былі распаўсюджаны на мусульманскай поўначы (дзе жылі за кошт здабычы прыродных рэсурсаў, у супрацьлегласць сельскагаспадарчаму Поўдню), то зараз ажывіліся ігбо.
У палітыкаў партый ігбо з’явіліся падазрэнні, што ўсе шалёныя грошы, якія Нігерыя пачне зарабляць на нафце, здабытай на іх тэрыторыі, будуць размяркоўвацца паміж Поўначчу і Захадам, а Паўднёваму Усходу дастануцца толькі шматкі з панскага стала.
У выніку 15 студзеня 1966 года група малодшых афіцэраў (большай часткай з ігбо) робіць спробу перавароту. І, нягледзячы на тое, што пераварот не атрымаўся, сярод іншых этнічных груп успыхвае “любоў да ігбо (у абвостранай форме) — па ўсёй краіне пачынаюцца пагромы тых, хто належыць да гэтага этнасу.
29 ліпеня адбываецца новы пераварот, і паўночнікі з хауса прыводзяць да ўлады падпалкоўніка Якуба Гавона.
На фоне пагромаў, вайсковы паўднёва-ўсходні губернатар палкоўнік Адумегву Аджукву (ігбо) абвясціў 30 мая 1967 года пра стварэнне незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Біяфра. Назва краіны паходзіла ад назвы заліву (дарэчы, пасля вайны, каб знішчыць памяць пра спробу ігбо дабіцца незалежнасці, заліву дадуць новае імя).
Рэспубліка Біяфра была дастаткова цікавай краінай хаця б таму, што яе афіцыйным гімнам быў абраным гімн Фінляндыі (натуральна, у перакладзе на англійскую мову).
Па канстытуцыі Нігерыі, усходняя вобласць мела права выйсці з федэрацыі, але Гавон, не жадаючы губляць багатыя радовішчы нафты, заявіў, што пытанне будзе вырашана сілай.
Біяфра звярнулася да міжнароднай супольнасці, аднак расклад сіл быў не на яе карысць. Нягледзячы на агульныя сімпатыі з боку Еўропы, афіцыйна Біяфру прызналі толькі Мікранезія, Саламонавы выспы, Габон, Гаіці, Бераг Слановай Косткі, Танзанія і Замбія. ААН адмовілася прызнаваць новую дзяржаву. У верасні 1968 года Арганізацыя афрыканскага адзінства заклікала Біяфру адмовіцца ад ідэі незалежнасці.
Затое Біяфры аказвалася таемная вайсковая дапамога з боку Паўднёвай Афрыкі, Ізраілю і Францыі. У сваю чаргу, Нігерыю забяспечвалі зброяй Брытанія і СССР.
У жніўні 1967 года Нігерыя пачала “паліцэйскую аперацыю супраць сепаратыстаў. Барацьба ішла з пераменным поспехам. Спачатку поспех быў на баку федэралаў, пасля фартуна ўсміхнулася сепаратыстам: іх войскі стаялі ўсяго ў 200 кіламетрах ад нігерыйскай сталіцы Лагас. Пасля ініцыятыва зноў перайшла да Цэнтра. Так ці інакш, Нігерыя вырашальнай перамогі дасягнуць не змагла, і пачалася пазіцыйная вайна.
Галоўнай зброяй федэралаў была блакада (у тым ліку паветраная і марская), у выніку якой насельніцтва Біяфры стала імкліва скарачацца (ад голаду і хвароб). Увогуле, колькасць ігбо паменшылася за час вайны на 2 мільёна, большасць з якіх памерлі ад голаду. Гэта і той факт, што ігбо былі хрысціянамі, выклікала салідарнасць на Захадзе. Сярод тых, хто выступіў у падтрымку Біяфры, былі Джон Ленан і Поль Сартр. Аднак не толькі вядомыя асобы левых поглядаў крытыкавалі Нігерыю. У Біяфру з Конга тайна прыбыла група французскіх легіянераў, якія раней змагаліся за самастойнасць Катангі (штучна створаная пры дапамозе бельгійскіх кампаній дзяржава, якая супрацьстаяла сацыялістычнаму ўраду Патрыса Лумумбы).
А вось у СССР пра трагедыю інфармавалі мала. Масква падтрымлівала федэралаў і, натуральна, была не зацікаўлена расказваць пра зверствы сваіх саюзнікаў.
У выніку голад сказаў сваё слова. 15 студзеня 1970 года мяцежныя войскі склалі зброю. Грамадзянская вайна закончылася. Сам лідэр Рэспублікі Біафра генерал Аджукву адправіўся ў выгнанне. Пасля шматлікіх гадоў эміграцыі ён быў амніставаны і вярнуўся ў Нігерыю. Узначальваў партыю Агульны прагрэсіўны вялікі альянс, якая абараняе інтарэсы ігбо. Праўда, больш за тры працэнты ён на выбарах не збіраў.
Аднак сама ідэя незалежнасці Біяфры не знікла. На ўсходзе Нігерыі нелегальная дзейнічае “Рух за аднаўленне суверэннай дзяржавы Біяфра, які сваім саюзнікам лічыць “Рух за вызваленне дэльты Нігера (этнічная група іджо), якія мараць пра аднаўленне дзяржавы Бенін.
Да спадчыны той вайны трэба аднесці стварэнне арганізацыі “Лекары без межаў. Яе стварыў цяперашні дырэктар французскага МЗС Бернар Кушнер менавіта пасля таго, як у 1971 годзе вярнуўся з Біяфры.
Вайна ў Нігерыі падштурхнула маладога амерыканскага музыканта Эрыка Баучэра абраць сабе псеўданім Біяфра. Пасля ён стаў адным з піянераў панк-музыкі і кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ад Партыі зялёных.
Яшчэ адзін сувенір з той вайны — маркі. За часы незалежнасці пошта Біяфры і банк паспела надрукаваць вялікую колькасць марак, якія карыстаюцца сярод філатэлістаў нязменнай папулярнасцю. Іх галоўны сімвал — адзінокая пальма.