Маркіза дэ Сад

Рэкорды продажу бестселераў «Код Да Вінчы» і «Гары Потэр» пабітыя. Па аб’ёму накладаў іх апярэдзіла кніжка «Пяцьдзесят адценняў шэрага» брытанкі Эрыкі Леанард (псеўданім E.L. James). Грамадства ў шоку: самая папулярная ў свеце кніжка — раман пра каханне садамазахістаў.

На першы погляд, «Пяцьдзесят адценняў шэрага» — тыповы раман, у цэнтры якога няпростыя адносіны Анастасіі Стыл (Anastasia Steele) — студэнткі каледжу і маладога бізнэс-магната Крысціяна Грэя (Christian Grey). Анастасія сустракае Крысціяна падчас інтэрв’ю, якое прасіла зрабіць для яе хворая сяброўка. Пасля адбываецца яшчэ пару выпадковых сустрэч, якія паступова перарастаюць у нешта сур’ёзнае.
Усё б было добра, калі б парачка не захаплялася садамазахізмам. У рамане хапае сцэнаў, у якіх героі дасягаюць фізічнай гармоніі з дапамогаю кайданкаў, вяровак і іншага начыння ды прыёмаў садамазахістаў, або, як іх яшчэ называюць, аматараў BDSM (ад англійскага: абмежаванне рухомасці, дамінаванне і падпарадкаванне, садызм і мазахізм).
Увогуле, добрая частка тэксту — апісанне ўнутранага маналогу Анастасіі, якая не можа рашыцца на тое, каб падпісаць з Крысціянам кантракт гаспадара і рабыні. Гэты кантракт — прыняты ў асяроддзі аматараў BDSM — устанаўлівае правілы, як, чым і куды можна біць і да якой ступені болю. Для Анастасіі, сучаснай жанчыны, якая робіць добрую кар’еру, падпісаць кантракт — гэта значыць страціць павагу да сябе. Пасля доўгіх пакут галоўная гераіня ўсё ж падпісвае той дакумент.
Увогуле, тэма BDSM раней някепска прадавалася на рынку. Дастаткова згадаць сталы рынкавы попыт на філасофскія эцюды маркіза дэ Сада. Пасля ў 1980-я гады быў фільм «9 з паловай тыдняў» з Мікі Руркам і Кім Бэсінджэр. Дарэчы, нават самыя заўзятыя ханжы прызналі фільм культавым, паколькі ў ім удала апісана, як сыходзіць спіраль адносін партнёраў. Не кажучы ўжо пра стваральнікаў камедый. На сцэну, у якой Мікі Рурк праводзіць па целе Кім лёдам або корміць яе з лыжачкі, завязаўшы ёй перад гэтым вочы, не рабіў пародыі хіба толькі лянівы рэжысёр.
Аднак маштабы продажу кнігі «Пяцьдзесят адценняў шэрага» папросту здзіўляюць. Гэтым летам кніга знаходзіцца ў топе продажаў у Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі і яшчэ ў 35 англамоўных краінах. Колькасць прададзеных асобнікаў ужо пераваліла за 31 мільён. Часопіс «Time» уключыў пісьменніцу ў ліст 100 самых уплывовых людзей на планеце.
Яшчэ адзін цікавы нюанс звязаны з тым, што спачатку кніга не друкавалася. Яе фрагменты можна было прачытаць у інтэрнэце і пасля замовіць поўны тэкст у электронным фармаце. Поспех продажаў у фармаце e-book прымусіў выдавецтвы выкупіць у аўтаркі права на друкаванне трылогіі, першая частка якой выйшла ў мінулым верасні. Гісторыя кніжкі дазваляе шмат каму называць Е.Л. Джэймс першай паспяховай пісьменніцай часу новых тэхналогій.
Пры гэтым крытыка вельмі асцярожна ставіцца да буму інтарэсу да творчасці Е.Л. Джэймс. Рэцэнзіі на кнігу дастаткова сярэднія, паколькі сюжэт яўна скрадзены. Літаратуразнаўцы лёгка ўстанавілі, што сюжэтная лінія кнігі «Пяцьдзесят адценняў шэрага» шмат у чым нагадвае фабулу папулярнай сярод падлеткаў сагі «Змярканне» (англ. «Twilight») рэжысёра Кэтрын Хардвік па аднайменным рамане Стэфані Майер. З той розніцай, што героі «Змяркання» пакутуюць не на глебе сэксу, а наконт таго, ці павінен малады вампір Эдвард Кален пакусаць сваю каханую дзяўчыну Бэлу Свон.
Блізкасць сюжэтаў не дазваляе крытыкам ставіць кнізе высокія ацэнкі. Так, лонданскі «The Telegraph» назваў твор «прымітыўным клішэ». Амерыканскі часопіс «Entertainment Weekly» лічыць, што кніжка цягне на слабую чацвёрку. «Chicago Tribune» увогуле назвала раман «дэпрэсіўным» і «дурным», паколькі амерыканцы (па сюжэту героі жывуць у ЗША) не ўжываюць англійскіх ідыёмаў, што ўклала ім у вусны англічанка Е.Л. Джэймс, якая, дарэчы, да таго, як падацца ў літаратуру, працавала на ВВС.
Аднак, канстатуючы слабасць літаратурных якасцяў кнігі, аўтары рэцэнзій мусяць адказаць на пытанне: чаму ўсе (асабліва жаночая аўдыторыя) звар’яцелі ад «Пяцідзесяці адценняў шэрага»? Як добра адзначыла газета «The Columbus Dispatch», «нягледзячы на тое, што тэкст яўна кульгае, Е.Л. Джэймс прымушае гартаць старонку за старонкай».
Крытыкі лонданскай газеты «The Guardian» мяркуюць, што чытачы ў нейкім сэнсе прыколваюцца, чытаючы пра апісаныя ў кнізе падпольныя сэксуальныя практыкі. На думку аўтара рэцэнзіі, чытанне кніжкі чымсьці нагадвае рытуалы BDSM, калі партнёры, якіх лупяць па целу, разумеюць, што гэта ўсё забаўны прыкол. Амерыканская газета «Ledger-Enquirer» лічыць, што аўтарцы ўдалося закрануць у сваёй кнізе нейкі важны аспект жаночай экзістэнцыі, які нават пакуль слаба ведаюць жаночыя псіхолагі.
Як і трэба было чакаць, аматары BDSM успрынялі фурор трылогіі як падставу для рэабілітацыі свайго вучэння. Зноў чуваць заклікі перагледзець падыходы да ролі гвалту ў партнёрскіх адносінах. Атрымаўшы дзякуючы поспеху «Пяцідзесяці адценняў шэрага» пропуск на старонкі вядучых СМІ, фанаты BDSM разважаюць пра тое, што BDSM — вышэйшая ступень даверу паміж мужчынам і жанчынай. Яны называюць кнігу прапагандай свядомых сексуальных адносін са спасылкай на тое, што галоўная гераіня доўга думае, ці трэба ёй ставіць подпіс пад тым кантрактам.
Супраць такіх падыходаў сфармавалася моцная партыя, першую скрыпку ў якой гуляюць феміністкі. Феміністкі баяцца, што «Пяцьдзесят адценняў шэрага» — не што іншае, як хітрая атака на лозунг за роўнасць палоў. Свядомы выбар Анастасіі на карысць таго, каб стаць рабыняй, на думку феміністак, нехта можа трактаваць як прыродную схільнасць жанчын да таго, каб быць залежнымі, слабым полам. Амерыканскі «Newsweek», сапраўды, так і піша: «Чаму для некаторых жанчын свабода — гэта цяжар? Можа, пачуццё самастойнасці сапраўды не вельмі прыемна шмат каму. Магчыма, ёсць сферы, дзе ўлада, самастойнасць і яе імператыў могуць быць сумнымі і некамфортнымі?»
Як не дзіўна, аднак на гэты раз феміністак падтрымалі кансерватары. У сакавіку дырэкцыя публічных бібліятэк штату Фларыда пастанавіла прыбраць кнігі Е.Л. Джэймс з бібліятэчных фондаў. Прадстаўнікі адміністрацыі кажуць, што кнігам з падобным сэксуальным кантэнтам не месца на кніжных паліцах.
Думаецца, што мы знаходзімся толькі ў пачатку дыскусіі наконт феномену кнігі «Пяцьдзесят адценняў шэрага». Бум інтарэсу да яе фактычна толькі пачынаецца. Яна яшчэ не перакладзеная на іншыя мовы. У дадатак у гэтую вясну кінакампанія «Universal Pictures» падпісала кантракт з пісьменніцай наконт экранізацыі. Кошт кантракту — 5 мільёнаў долараў. Яшчэ 1,5 мільёна Е.Л. Джэймс зарабіла на продажы кнігі.
Ужо вядома, што на галоўную ролю Анастасіі сватаюць аўстралійскую мадэль Эмілі Браўнінг, якую глядач ведае па фільму «Лемані Снікет: 33 няшчасці». А вось кандыдатаў на рэжысёра значна больш. Ёсць чуткі, што здымаць перыпетыі адносін парачкі садамазахістаў будзе вядомая актрыса Анжэліна Джалі.