Мары «Грузінскай мары»
У сувязі з прызначанымі на 1 кастрычніка парламенцкімі выбарамі ў Грузіі абвастрылася палітычная сітуацыя. Пра магчымыя сцэнары падзей журналісту НЧ Алегу Новікаву распавядае Георгій Парэсішвілі,
адзін з моладзевых лідараў кааліцыі «Грузінская мара» — галоўнай апазіцыйнай сілы рэжыму Міхаіла Саакашвілі.
— Чаму апазіцыя надае важнае месца гэтым выбарам?
— Іх ход і вынікі могуць паўплываць на планы Саакашвілі далей застацца пры ўладзе. Як вядома, у наступным годзе ён павінен пакінуць пасаду прэзідэнта — па канстытуцыі, ён не можа
балатавацца на наступны тэрмін. Таму ў адміністрацыі Саакашвілі працуюць над тым, як імпартаваць на грузінскую глебу пуцінскі прыём — паставіць на адну прэзідэнцкую кадэнцыю нейкага
чалавека, каб пасля Саакашвілі зноў атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта. Ужо абмяркоўваюцца кандыдатуры на ролю грузінскага Мядзведзева — быццам ім збіраюцца прызначыць
сталічнага мэра або цяперашняга прэм’ер-міністра. Правесці такое можна, калі мець кантроль над парламентам.
— «Грузінская мара» паўстала практычна ў гэтым годзе як праект алігарха Барыса Іванішвілі. Што прымусіла яго пайсці ў палітыку?
— Гэта доўгая гісторыя. Вядома, што Іванішвілі раней фінансаваў Саакашвілі, прычым не толькі апарат яго партыі «Нацыянальны рух», аднак нават дзяржаўныя праграмы.
Напрыклад, ён быў спонсарам рэформы паліцыі. Аднак два гады таму адносіны паміж уладай і бізнэсоўцам сталі пагаршацца. Іванішвілі перанакіраваў грошы на падтрымку культуры. Ён шмат уклаў у
рэканструкцыю Тбілісі. Асноўны пералом у адносінах адбыўся пасля 26 мая мінулага года, калі паліцыя разагнала з выкарыстаннем гумавых куляў лагер апазіцыі ў сталіцы. Тады 4 чалавека было забіта, а
лёс яшчэ 5 дасюль не вядомы. Гэтыя падзеі прымусілі Іванішвілі, па яго словах, заявіць пра сыход у палітычную апазіцыю.
— З якіх пазіцый Іванішвілі крытыкуе прэзідэнта?
— Асноўныя накірункі крытыкі — аўтарытарызм, знешняя палітыка і эканоміка. Найбольш гарачая тэма — аўтарытарная тэндэнцыя ва ўладзе. За часы Саакашвілі Грузія ператварылася
ў паліцэйскую дзяржаву. Ужо нікога не здзіўляюць выпадкі, калі людзям, якія крытыкуюць рэжым, падкідваюць зброю або наркотыкі і пасля адпраўляюць за краты. Калі 200 асуджаных па такіх справах ужо
прызнаныя замежнымі праваабаронцамі вязнямі сумлення. З 2003 года паліцэйскія застрэлілі на вуліцах каля 30 чалавек. Толькі адзін раз удалося пасадзіць забойцу ў турму, і тое толькі на адзін год.
Яшчэ горшае становішча ў турмах. За тры апошнія гады там было забіта каля ста чалавек.
— Што кажа Барыс Іванішвілі пра руска-грузінскую вайну 2008 года?
— Апазіцыя лічыць, што вайна была правакацыяй з боку Тбілісі. Дарэчы, з гэтым пагадзілася і незалежная міжнародная камісія, якая праводзіла следства. Саакашвілі атрымаў вялікія бонусы з таго
канфлікту: у вачах людзей стаў сімвалам абароны суверэнітэту, плюс у краіну прыйшлі ад Захаду вялікія сродкі на рэканструкцыю, што палепшыла эканамічны стан. Таксама Іванішвілі гатовы, у адрозненне
ад Саакашвілі, разглядаць магчымасць надання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі статусу аўтаноміі ў складзе Грузіі. Дарэчы, менавіта дзякуючы той вайне гэтыя тэрыторыі аказаліся прывязаныя да Масквы, пра што
Пуцін даўно марыў. Таму сярод апазіцыі папулярная версія, што Саакашвілі і Пуцін дзейнічалі ў 2008 годзе ў рамках змовы — гэта, паўтару, выключна версія... Аднак на карысць яе кажа і тое,
што амаль увесь буйны бізнэс у Грузіі належыць рускаму капіталу.
— Затое ўсім відавочна, што Саакашвілі сябруе з Лукашэнкам. Чым можна растлумачыць узаемныя сімпатыі Мінску і Тбілісі?
— Напэўна, яны блізкія адзін аднаму як аўтарытарныя палітыкі. Магчыма, ёсць інтарэсы бізнэсу. У любым выпадку, гэта вельмі цеснае супрацоўніцтва. Я, напрыклад, не вельмі веру ў версію пра
крымінальны след нядаўняга забойства ў Мінску грузінскага прадпрымальніка Бонда Шалікіані. Шалікіані збег з Грузіі пасля прыходу да ўлады Саакашвілі, і не выключана, што быў спонсарам супраціву. Я
быў у Беларусі і магу сказаць, што ў чымсьці яна вельмі падобная на Грузію — без спецслужбаў тут мыш не пікне. А тут вам забойства вядомага бізнэсоўца. Мне падаецца, што тут нешта не
тое.
— Ці паўплываў цяперашні эканамічны крызіс на стан грузінскай эканомікі?
— Не моцна, паколькі эканомікі ў нас даўно няма. Эканамічная інфраструктура існуе выключна ў Тбілісі і ў Батумі — курортнай зоне і ў порце. Нават у Кутаісі — другім горадзе
краіны — камунальнымі паслугамі карыстаюцца ў поўным аб’ёме жыхары двух-трох цэнтральных вуліц. Асноўны фактар выжывання — грашовыя пераводы родных, якія падаліся
гастарбайтэрамі ў Еўропу або ў Турцыю. Без гэтага цяжка. Самі лічыце: каб жыць зараз у Грузіі, у сярэднім патрэбна 350 долараў на месяц, а нармальны заробак нават у Тбілісі менш за 250.
— Вы кажаце ледзь не пра сістэмны крызіс, хаця апошнія прадзяржаўныя СМІ Грузіі сцвярджаюць, што прапрэзідэнцкая партыя «Народны рух» карыстаецца падтрымкай 65
працэнтаў электарату. Апазіцыя, быццам, на выбарах можа разлічваць на трэцюю частку дэпутацкага корпусу.
— Ніхто не сумняваецца, што на выбарах будуць фальсіфікацыі. Дарэчы, першы раз такая практыка пачалася ў нас пры Шэварнадзэ, а за патрэбную ўладзе «лічбу» адказваў чалавек,
які зараз з’яўляецца адным з лідараў «нацыяналаў». Як і паўсюль у СНД, будуць заганяць галасаваць бюджэтнікаў. Як правіла, на працы ад іх патрабуюць пасля выбараў прынесці
зроблены ў кабінцы здымак выбарчага бюлетэня з перакрэсленай лічбай пяць (выбарчы нумар «Народнага руху»). Не прынясеш — адразу выставяць на вуліцу. Акрамя таго, паменшаць
прадстаўніцтва апазіцыі за кошт падстаўной апазіцыі — партыі хрысціянскіх дэмакратаў, якой збіраюцца намаляваць каля 10 працэнтаў.
— Вядома, што апазіцыя — гэта заўсёды своеасаблівы клуб асобаў з вялікімі амбіцыямі. Ці пагадзіліся старыя правадыры апазіцыі перадаць лідарства?
— Так. Яны зрабілі мудры крок і адмовіліся на гэты раз балатавацца. Напрыклад, да праекту падтрымкі Іванішвілі заклікала Ніно Бурджанадзэ. Увогуле, шмат хто з вядомых асобаў у Грузіі
падтрымаў «Грузінскую мару». Хаця б той жа Эдуард Шэварнадзэ.
— Як людзі ставяцца да яго і да папярэдняга прэзідэнта Звіяда Гамсахурдыя?
— Шэварнадзэ не любяць. Шмат хто лічыць, што менавіта ён даў Саакашвілі, які быў у яго камандзе, пропуск ва ўладу. Праўда, зараз людзі згадваюць часы Шэварнадзэ з настальгіяй. Тады таксама
была карупцыя, аднак хоць на вуліцах не забівалі. Гамсахурдыя больш любімы сярод грузін. Шмат хто, у тым ліку яго праціўнікі, лічаць, што путч 1991 года супраць Гамсахурдыя заклаў падмурак
грамадзянскай канфрантацыі ў краіне, якая цягнецца дасюль
— Што будзе ў Тбілісі вечарам 1 кастрычніка?
—Тое, што выбары фальсіфікуюць, зразумела. Афіцыйна, паводле ЦВК, пераможа «Народны рух». Мы ў сваю чаргу чакаем, што пачнуцца вялікія мітынгі. Паводле сацыялагічных
апытанняў, толькі ў Тбілісі да 200 тысяч чалавек гатовыя пратэставаць у дзень выбараў супраць Саакашвілі. Усе разумеюць, што іншага варыянта, як грамадзянская рэвалюцыя, у нас няма.