Масква і Вашынгтон дамовіліся аб спыненні агню ў Сірыі з 27 лютага
Вашынгтон і Масква ўзгаднілі рэжым спынення агню ў Сірыі паміж урадавымі войскамі і апазіцыйнымі прэзідэнту Асаду паўстанцамі з суботы 27 лютага. Пагадненне ўхвалілі ў тэлефоннай размове Пуцін і Абама.
Фота з сайта krynica.info
«Ініцыятыва размовы зыходзіла ад расійскага боку, але зацікаўленасць, бясспрэчна, была ўзаемнай. Падчас гутаркі мы ўхвалілі сумесныя заявы Расіі і ЗША ў якасці сустаршыняў Міжнароднай групы падтрымкі Сірыі аб спыненні баявых дзеянняў у гэтай краіне», — пракаментаваў дамоўленасць Пуцін, паведамляе ru.euronews.com.
Цяпер пагадненне аб перамір’і да апоўдня 26 лютага павінныя падпісаць канфліктуючыя бакі, з ліку якіх выключаныя «Ісламская дзяржава» і «Фронт ан-Нусра».
«Мы ведаем, што ёсць яшчэ шмат перашкодаў; несумненна, будуць і няўдачы, — кажа прадстаўнік Белага дома Джош Эрнст. — На працягу многіх гадоў мы спрабавалі знайсці дыпламатычнае рашэнне шматлікіх праблем,аў з якімі сутыкаецца гэты народ, расколаты на часткі. І зараз з’явілася магчымасць гэта зрабіць».
Адразу пасля паведамлення аб узгадненні рэжыму спынення агню прэзідэнт Сірыі Асад прызначыў чарговыя парламенцкія выбары ў краіне на 13 красавіка.
Калі выбары адбудуцца, то яны стануць другімі ў краіне з пачатку ўзброенага канфлікту — папярэднія ў 2012 годзе прайшлі на шматпартыйнай аснове, яўка склала 51% адсотак. Перамагла на іх прапрэзідэнцкая партыя БААС. Прэм’ерам быў прызначаны міністр сельскай гаспадаркі Рыяд Хіджаб, які пасля перайшоў на бок апазіцыйных паўстанцаў.
Канстытуцыя Сірыі прадугледжвае правядзенне усеагульных выбараў кожныя 4 гады.
Апошнія прэзідэнцкія выбары ў Сірыі прайшлі ў чэрвені 2014 года, на якіх, паводле афіцыйных вынікаў, на трэці 7-гадовы тэрмін быў абраны дзеючы прэзідэнт Башар Асад. Паўстанцы не прызналі вынікаў выбараў і працягнулі барацьбу з урадавымі войскамі.