Нямецкі эксперт па Расіі: «Мы павінны падрыхтавацца да канфлікту з Пуціным»
Дэпутат нямецкага Бундэстагу ад фракцыі ХДС, старшыня нямецка-ўкраінскай парламенцкай групы Карл-Георг Вельман лічыць, што ў Сірыі Расія паўтарае памылкі, зробленыя ЗША ў Іраку.
Такую заяву палітык зрабіў у інтэрв'ю нямецкаму часопісу Focus.
«Палітыку рускіх цяжка зразумець. Ваюючы на баку шыітаў — Ірана, Башара Асада і «Хезбаллы», яны робяць сваімі смяротнымі ворагамі сунітаў, хоць кожны ведае, што Асад не можа быць мірнай мадэллю для Сірыі на працяглы тэрмін. Акрамя таго, дзеянні рускіх у Сірыі недальнабачныя, — адзначыў дэпутат, — яны ствараюць маштабныя разбурэнні, бамбяць жылыя кварталы і бальніцы, забіваюць сотні мірных жыхароў. Рускія паўтараюць усе тыя памылкі, якія зрабілі ў Іраку ЗША. і Пуціну яшчэ трэба будзе зразумець, што такі канфлікт можна вырашыць толькі палітычным шляхам».
Тым не менш, палітык, паводле яго слоў, вельмі занепакоены тым, што Турцыя і Сірыя «пагражаюць увесці свае войскі ў Сірыю і пачаць пастаўкі сістэм СПА для спынення расейскіх авіяўдараў. «Гэты канфлікт мае гіганцкі патэнцыял перарасці ў пажар на велізарнай тэрыторыі. Гэта неабходна прадухіліць», — лічыць Вельман.
Сірыйская палітыка Пуціна, як мяркуе дэпутат, з’яўляецца спробай «засцерагчы уласны фасад і захаваць твар»: «Расія ізаляваная, рубель падае, рэформаў для выратавання эканомікі няма. А хвальба сваёй сілай адцягвае ад унутраных цяжкасцяў, пры гэтым пагаршаючы праблемы». «У цэлым Расіяй кіруюць даволі дрэнна», — заўважыў немец. «Праблема ў тым, што расійская дзяржаўная сістэма завостраная пад аднаго чалавека — Пуціна, — растлумачыў Вельман. — У яго ёсць абсалютная ўлада, усе выконваюць яго распараджэнні — і яго памылкі маюць фатальныя наступствы, бо ў краіне няма калектыўнага органа, які б мог спыніць яго».
«Але пры гэтым вялікая частка насельніцтва Расіі падтрымлівае Пуціна, — прызнаў Вельман, — і таму мы павінны весці дыялог з Пуціным і дапамагаць краіне стаць на іншы шлях».
Яшчэ адной — другараднай — мэтай палітыкі Пуціна, па словах Вельмана, з’яўляецца «дэстабілізацыя Еўропы». «Бамбаванні ў Сірыі павялічваюць паток бежанцаў, які, перш за ўсё, дастаўляе непрыемнасці Германіі і Ангеле Меркель. (...) Гэта спроба аслабіць пазіцыі Меркель». «Акрамя таго, Расія робіць стаўку на правапапулісцкія рухі ў Еўропе, — адзначыў палітык, — а таксама пагражала тым, што яе войскі могуць апынуцца ў Варшаве ўсяго за чатыры тыдні. Таму мы павінны падрыхтавацца да канфлікту з Пуціным».
Паводле inopressa.ru