ААН прапануе Беларусі прыняць у сябе сірыйскіх бежанцаў

Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў прапануе Беларусі падзяліць цяжар адказнасці і клопату за сірыйскіх бежанцаў, заявіў журналістам 18 лютага ў Гомелі прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Жан-Іў Бушардзі.



content.jpg

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі, у адрозненне ад краін Еўрасаюза, не назіраецца вялікага прытоку бежанцаў з Сірыі. У канцы сакавіка пройдзе сустрэча на высокім узроўні з прадстаўнікамі многіх краін, якую арганізуе УВКБ ААН, і адна з мэтаў сустрэчы — заклікаць ўрады дзяржаў падзяліць цяжар адказнасці і клопату за вымушаных мігрантаў — бежанцаў з Сірыі. На гэтую сустрэчу будзе запрошаная і Беларусь. «Мы спадзяемся, што вынікам гэтай сустрэчы будзе праграма, у рамках якой дапамогу ў Беларусі змогуць атрымаць ўцекачы з Сірыі, можа, пяцьдзесят ці сто бежанцаў», — адзначыў прадстаўнік УВКБ ААН.

На дадзены момант пры фінансавай падтрымцы УВКБ ААН у Гомель пераехалі тры сям'і з Сірыі. Жак-Іў Бушардзі сустрэнецца з сірыйскімі бежанцамі і паглядзіць, наколькі людзі эфектыўна інтэгруюцца ў беларускае грамадства, які дасягнуты прагрэс з моманту іх прыезду, якія ёсць праблемы, перадае БелаПАН.

Прадстаўнік УВКБ ААН падкрэсліў, што Беларусь досыць добра справілася з праблемай — наплывам перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, якія прыехалі ў 2014-2015 гадах, а гэта больш за 160 тысяч чалавек. Гэтыя людзі не атрымалі статусу бежанцаў, але ім была аказана дадатковая абарона. «Ім была неабходная дапамога, на фоне таго, што такі наплыў быў істотным цяжарам для самой сістэмы, якая павінна была зрэагаваць на прыезд людзей», — дадаў Бушардзі.

Прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі наведвае Гомель 18-19 лютага. Ён правёў сустрэчу з кіраўніцтвам абласнога аддзялення Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама з бежанцамі з Ірана, Сірыі, мігрантамі з Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Візіт у Гомель — частка рэгулярнай дзейнасці прадстаўніка УВКБ ААН, які імкнецца раз у месяц наведваць адну з абласцей Беларусі для маніторынгу сітуацыі, сустрэч з бежанцамі, партнёрамі з дзяржаўных органаў і няўрадавых арганізацый, каб абмеркаваць існуючыя праблемы, скаардынаваць дапамогу.