Маскве надакучыў Смірноў

За пяць месяцаў да выбараў прэзідэнта Прыднястроўя Масква пачала беспрэцэдэнтна актыўную працу ў падтрымку кандыдата ад апазіцыі. Пра тое, чаму прэзідэнт Ігар Смірноў, які кіраваў краем 20 гадоў, трапіў у апалу, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім журналістам Сяргеем Дворскім.



d5fcc35c94879a4afad61cacca56192c.jpg

За пяць месяцаў да выбараў прэзідэнта Прыднястроўя Масква пачала беспрэцэдэнтна актыўную працу ў падтрымку кандыдата ад апазіцыі. Пра тое, чаму прэзідэнт Ігар Смірноў, які кіраваў краем 20 гадоў, трапіў у апалу, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім журналістам Сяргеем Дворскім.
— 15 ліпеня Цэнтральны Савет вядучай прыднястроўскай апазіцыйнай партыі «Абнаўленне» прыняў рашэнне рэкамендаваць восеньскаму з’езду партыі высунуць Анатоля Камінскага ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Гэтую навіну прэса тлумачыць як пачатак непасрэднага працэсу адхілення Крамлём ад улады Смірнова. Гэта праўда?
— Думаю, так. Падзеі 15 ліпеня — лагічны працяг той тэндэнцыі, якую мы назіраем з пачатку года. Увесну ў ПМР (Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка) прыязджаў вялікі дэсант расійскіх дэпутатаў і супрацоўнікаў апарату “Адзінай Расіі, якія шмат казалі пра неабходнасць перамен, сустракаліся з апазіцыяй. Пасля рэгіён наведалі некалькі вядучых расійскіх палітолагаў і журналістаў, у тым ліку «гаворачая галава» Крамлю Міхаіл Лявонцьеў. Апошні прамым тэкстам звярнуўся да Смірнова наконт таго, што, маўляў, трэба саступіць месца каля руля сучасным палітыкам. Смірнова праз месяц выклікалі ў Маскву, дзе ён меў сур’ёзную размову, пасля якой сказаў, што падумае наконт сваёй балаціроўкі ў прэзідэнты. І апошняя кропка — у сустрэчы 15 ліпеня прымаў удзел Валеры Багамолаў, намеснік фракцыі “Адзінай Расіі, і Генадзь Букаеў, прадстаўнік кіраўніка расійскага ўраду. Фінальную фразу выступу Багамолава на Цэнтральным савеце трэба працытаваць асобна: «Я спадзяюся, што ў снежні мы з задавальненнем увойдзем у новы 2012 год з новым прэзідэнтам Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі Камінскім Анатолем Уладзіміравічам».
— Чаму Смірноў калібру 2005 года быў у вачах расійскіх палітыкаў «сучасным» і яму аказвалі падтрымку на выбарах, а зараз раптам стаў «несучасным»?
— Зразумела, што гэта папросту дэмагогія. У Масквы ёсць як мінімум два чыннікі патрабаваць сыходу Смірнова на пенсію. Па-першае, Расію, якая не пакідае надзеі вырашыць канфлікт у Прыднястроўе, раз’юўшвае ўпартае нежаданне Ціраспалю весці перамовы пра ўрэгуляванне адносін з Кішынёвам на аснове атрымання аўтаноміі ПМР. Па-другое, да прыднястроўскага гаранту ў Маскве ёсць пытанні фінансавага характару: з нагоды неплацяжоў рэспублікі за расійскі газ, а таксама размеркавання ў 2006–2007 гадах расійскай гуманітарнай дапамогі. Нарэшце, Смірноў — для ўсіх маскоўскі васал, які павінен ведаць сваё месца. А паколькі спадар Смірноў дасюль плануе зноў высунуць сваю кандыдатуру, у Маскве дэманстратыўна падтрымалі Камінскага.
— Ігар Смірноў вядомы як вельмі вопытны папуліст і дэмагог. Ці здольны Камінскі, які, мяркуючы па біяграфіі, звычайны чыноўнік, цягацца з ім?
— Фігура Анатоля Камінскага, сапраўды, не так раскручана. Чалавеку яго складу няпроста цягацца з супернікамі, якія доўга практыкаваліся ў дэмагогіі. Але прыднястроўцы за дваццаць гадоў стаміліся ад адных і тых жа слоў і лозунгаў, прычым адных і тых жа людзей. У грамадства адна патрэба — жыць па-чалавечы, не горш, прынамсі, чым суседзі. Па-другое, супраць Смірнова таксама выступае Юры Шаўчук, які мае імідж празаходняга палітыка. Пры такім раскладзе Камінскі займае нішу цэнтрыста, які задавальняе і патрыётаў-пенсіянераў і маладых, якія патрабуюць перамен.
— Якія глабальныя перамены ў ПМР трэба чакаць у выпадку перамогі Камінскага?
— Прыход Камінскага ва ўладу мае хоць неяк анімаваць грамадскую палеміку, адрадзіць давер людзей у праект ПМР. Праект ПМР, у які Масква інвеставала вялізныя сумы, рэзервы, свой аўтарытэт, цяпер можна параўнаць з часамі зеніту брэжнеўскага застою. Няма ратацыі эліты. Патрыятычная афіцыйная агітацыя ўсім надакучыла, паколькі не можа кампенсаваць эканамічных правалаў. Знешняя ізаляцыя кепска паўплывала на прамысловы сектар — былы гонар Прыднястроўя. Ужо шмат гадоў на прадпрыемствах не закупляецца новае абсталяванне, няма сучасных тэхналогій. Сапраўдная трагедыя ў тым, што даўно не рыхтуюць кадры для прамысловасці. Адсюль беспрацоўе і феномен масавай эміграцыі моладзі. Патрэбныя сур’ёзныя інвестыцыі, трэба тэрмінова памяняць падыход да падрыхтоўкі і замацавання на прадпрыемствах маладых спецыялістаў. Патрэбна хоць бы ілюзія мадэрнізацыі, каб спыніць працэс эрозіі грамадства і дзяржавы. Трэба як мінімум пацягнуць час.
— Пацягнуць час у надзеі на што?
— Мяркуючы па серыі сустрэч Мядзведзева з нямецкім кіраўніцтвам, на якіх уздымалася таксама пытанне ПМР, Крэмль разлічвае ўшчыльную заняцца палітычным урэгуляваннем канфлікту рэспублікі з Кішынёвам і ўз’яднаць два берагі Днястра. У якасці бонуса Крэмль мог бы атрымаць павелічэнне прэстыжу расійскай дыпламатыі, адмову Малдовы ад усутуплення ў склад NАТО і пашырэнне ўплыву на палітычны працэс у самой Малдове.
— Як да такой перспектывы маглі б паставіцца ў Кішынёве?
— Гэта складанае пытанне. Для некаторых нашых партый з’яўленне прыднястроўскай партыі або нават групы партый пайшло бы на карысць. А вось прарумынскім сілам у Малдове ўжо складана было б кантраляваць большасць дэпутацкага корпусу. У любым выпадку, калі Германія і Расія знойдуць кампраміс, думка асобных малдаўскіх палітыкаў папросту не будзе такой важнай.
— Між тым, пакуль Смірноў не змяніў сваё рашэнне — ісці на пяты тэрмін.
— Магчыма, нейкія перамовы наконт элегантнага сыходу Смірнова з палітычных падмосткаў яшчэ працягваюцца. Як прыклад, нядаўна Камінскі не скарыстаўся магчымасцю нейтралізаваць спадара Смірнова, перашкодзіўшы яму пайсці на новы пяцігадовы тэрмін. Нядаўна парламент ПМР, дзе канстытуцыйная большасць належыць «Абнаўленню», прыняў папраўкі да канстытуцыі, якія павінны былі скараціць неабмежаваныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Аднак у выніковым варыянце не апынулася абмежаванняў, што тычыліся ўсталявання максімальнага ўзроставага цэнзу для кіраўніка дзяржавы на ўзроўні 65 гадоў (Ігару Смірнову ўвосень спаўняецца 70 гадоў).
— Калі ўсё ж Смірноў праігнаруе «чорную метку» з Масквы, ці магчымы на берагах Днястру свой прафінансаваны Масквой Майдан?
— Натуральна, Смірноў можа мабілізаваць на выбары адміністратыўны рэсурс. Намаляваць лічбу. І што далей? 70 працэнтаў бюджэту ПМР фарміруецца за кошт расійскіх датацый. Акрамя таго, Смірноў цудоўна ведае, якую ролю ў ПМР, з яго, дарэчы, згоды, у свой час пачалі гуляць ФСБ і расійская контразведка.