Месяц незалежнасьці. Як Каліфорнія выйшла са складу Мэксікі і неўзабаве была анэксаваная Злучанымі Штатамі
Рэспубліка Каліфорнія з уласным першым і адзіным прэзідэнтам існавала ў 1846 годзе. Тады падзеі разгортваліся маланкава. Тэрыторыя, якая перастала падпарадкоўвацца мэксіканцам на сёньня падзеленая паміж трох штатаў ЗША. Як гэта было?
![Шчасьлівыя грамадзяне новай рэспублікі ў 1846 годзе Шчасьлівыя грамадзяне новай рэспублікі ў 1846 годзе](/img/v1/images/4_708.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720294783&w=528)
Шчасьлівыя грамадзяне новай рэспублікі ў 1846 годзе
Дыспазыцыя напярэдадні
Гэта быў час, які тагачасны журналіст Джон О'Саліван у 1845 годзе акрэсьліў у тэрміне «Маніфэст лёсу». Ён увасабляў веру ў тое, што Злучаным Штатам было наканавана пашырыць сваё панаваньне і распаўсюдзіць дэмакратыю і цывілізацыю на ўсім паўночнаамэрыканскім кантынэнце. Ня больш, але, відавочна, і ня меньш.
Гэтая ідэалёгія не была наўпроставым заклікам да тэрытарыяльнай экспансіі. Аўтары безумоўна мелі на ўвазе місію, прасякнутуя пачуцьцём провіду і выключнасьці. Такія ідэі шырока распаўсюджвалася праз газэты, прамовы і палітычную рыторыку, ствараючы гарачы патрыятычны запал, які пранізваў амэрыканскае грамадзтва.
Вядомыя асобы, такія як прэзідэнт ЗША Джэймс Полк, горача падтрымлівалі гэтае бачаньне. Адміністрацыя Полка адыграла галоўную ролю ў прасоўваньні анэксіі Тэхаса і гульні з Каліфорніяй.
Мэксіканска-амэрыканская вайна 1846-1848 гадоў стала самай відавочнай праявай экспансіянісцкіх амбіцыяў. Вытокі канфлікту можна прасачыць да анэксіі Тэхаса ў 1845 годзе, якую Мэксіка расцаніла як акт агрэсіі. Спрэчная мяжа паміж Тэхасам і Мэксікай уздоўж Рыа-Грандэ стала месцам баявых дзеяньняў.
Прэзідэнт Полк, поўны рашучасьці здабыць Каліфорнію і Нью-Мэксіка, убачыў у канфлікце магчымасьць выканаць мэты сваёй адміністрацыі. У красавіку 1846 года, пасьля сутычкі паміж мэксіканскімі і амэрыканскімі войскамі ўздоўж Рыа-Грандэ, Полк заявіў, што амэрыканская кроў была пралітая на амэрыканскай зямлі. Кангрэс і грамадзкасьць падтрымалі вайну супраць Мэксікі.
![Адна з бітваў паміж амэрыканцамі і мэксіканцамі Адна з бітваў паміж амэрыканцамі і мэксіканцамі](/img/v1/images/3_799.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720294784&w=528)
Адна з бітваў паміж амэрыканцамі і мэксіканцамі
Каліфорнія была ідэальнай тэрыторыяй для сельскай гаспадаркі. З эканамічнага пункту гледжаньня парты ўздоўж узьбярэжжа Каліфорніі разглядаліся як брамы для прыбытковага гандлю з Азіяй. Адкрыцьцё золата ў 1848 годзе, хоць і адбылося ўжо пасьля анэксіі, толькі ўзмоцніла прывабнасьць рэгіёну.
Пад уладай Мэксікі Каліфорнія была маланаселенай тэрыторыяй, яе велізарныя прасторы былі засеяныя хрысьцінскімі місіямі, ранча і мноствам невялікіх паселішчаў.
Да сярэдзіны 1840-х гадоў амэрыканскія пасяленцы ў Каліфорніі, вядомыя як каліфарнійцы, стварылі значную прысутнасьць у рэгіёне. Гэтыя пасяленцы, якія кіраваліся абяцаньнем зямлі і новых магчымасьцей, аказваліся ўцягнутымі ў супярэчнасьці з уладамі Мэксікі. Бо мэксіканскі ўрад, аслаблены нутранымі канфліктамі быў ня ў стане эфектыўна кіраваць аддаленымі тэрыторыямі і змагаўся за захаваньне кантролю над Каліфорніяй. Незадаволенасьць амэрыканскіх пасяленцаў у спалучэньні з ростам іх колькасьці заклалі аснову для патэнцыйнага паўстаньня.
Глядзіце таксама
![Чаму Джордж Вашынгтан стаў тым, кім мы яго ведаем? Джордж Вашынгтан: як рабаўладальнік і плянтатар стаў стваральнікам новай нацыі](/img/v1/images/3_726.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аднойчы ў Каліфорнію прыехаў Джон Фрэмонт, афіцэр корпуса інжынэраў—тапаграфікаў арміі ЗША. Экспедыцыі Фрэмонта ў Каліфорнію былі нібыта ў навуковых і дасьледчых мэтах, але яго прысутнасьць і часта правакацыйныя дзеяньні ўспрымаліся як падрыхтоўчыя крокі да амэрыканскага ўмяшаньня.
У пачатку 1846 года Фрэмонт і яго людзі ўзьнялі амэрыканскі сьцяг на піку Гэвілан каля Мантэрэя.
Паўстаньне мядзьвежага сьцяга
![Фота арыгінальнага сьцяга Каліфорніі, зробленае напрыканцы ХІХ ст. (сам сьцяг згарэў у пажараж пачатку ХХ ст.) Фота арыгінальнага сьцяга Каліфорніі, зробленае напрыканцы ХІХ ст. (сам сьцяг згарэў у пажараж пачатку ХХ ст.)](/img/v1/images/aryhinal.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720294785&w=528)
Фота арыгінальнага сьцяга Каліфорніі, зробленае напрыканцы ХІХ ст. (сам сьцяг згарэў у пажараж пачатку ХХ ст.)
Незадаволенасьць амэрыканскага насельніцтва ўзмацнялася абмежаваньнямі Мэксікі на іміграцыю і ігнараваньнем інтарэсаў Каліфорніі.
14 чэрвеня 1846 года група амэрыканскіх пасяленцаў на чале з Уільямам Айдам, Эзэкіэлем Мерытам і іншымі ўзьняла паўстаньне супраць мэксіканскага панаваньня. Яны захапілі горад Санома, схапілі ў палон мэксіканскага камэнданта Марыяна Гвадалупэ Вальеха і ўсталявалі так званы мядзьвежы сьцяг — насьпех распрацаваны сьцяг з простай выявай мядзьведзя і зоркі, якія сымбалізавалі іх народжаную рэспубліку.
Уільям Айд стаў галоўным лідэрам паўстаньня. У яго дэклярацыі, апублікаванай 15 чэрвеня, было абвешчана аб стварэньні Каліфарнійскай рэспублікі і выкладзеныя крыўды пасяленцаў супраць мэксіканскага праўленьня.
«Усім асобам, грамадзянам Саномы, з просьбай захоўваць мір і займацца сваімі законнымі заняткамі, не баючыся дамаганьняў.
Галоўнакамандуючы войскамі, сабранымі ў фартэцыі Санома, дае сваё непарушнае абяцаньне ўсім асобам у Каліфорніі, якія не апынуліся са зброяй, што людзі пад яго камандаваньнем не будуць турбаваць іх асобу, іх маёмасьць або сацыяльныя адносіны адзін з адным.
Далей ён заяўляе, што верыць у тое, што ўрад, каб быць заможным і шчасьлівым у сваёй тэндэнцыі, павінен паходзіць з людзей, якія добразычліва ставяцца да яго існаваньня. Што яго Грамадзяне — яго Апекуны, яго афіцэры — яго Слугі, а яго Слава — іх узнагарода.
Уільям Айд, штаб-кватэра Санома, 15 чэрвеня 1846 год».
Прыхільнікі прэзідэнта рэспублікі Каліфорнія Айда сфармавалі невялікае апалчэньне і пачалі арганізоўваць абарону ад патэнцыйных мэксіканскіх контратакаў. Цікава, што пачатковых паўстанцаў было ўсяго пару дзясяткаў. 5 ліпеня 1846 года Джон Фрэмонт, які знаходзіўся (будзем лічыць што цалкам выпадкова) ў гэтай мясцовасьці са сваёй дасьледчай місіяй, далучыўся да паўстанцаў. Удзел Фрэмонта даў паўстанцам гэтак неабходны вайсковы досьвед. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы зьдзейсьнілі серыю рэйдаў і сутычак супраць мэксіканскіх сілаў, паспяхова захапілі ключавыя пазыцыі і ўмацавалі свой кантроль над паўночнай Каліфорніяй.
![Уільям Айд, прэзідэнт Каліфорніі (меркаваны здымак, бо няма ўсеагульнага кансэнсусу па гэтым пытаньні) Уільям Айд, прэзідэнт Каліфорніі (меркаваны здымак, бо няма ўсеагульнага кансэнсусу па гэтым пытаньні)](/img/v1/images/2_917.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720294783&w=528)
Уільям Айд, прэзідэнт Каліфорніі (меркаваны здымак, бо няма ўсеагульнага кансэнсусу па гэтым пытаньні)
На лёс Каліфарнійскай рэспублікі вырашальны ўплыў аказала прыйсьце ваенна-марскіх сілаў ЗША. 7 ліпеня 1846 года Джон Слот, кіраўнік Ціхаакіянскай эскадры, высадзіўся ў Мантэрэі і ўзьняў амэрыканскі сьцяг, і разам з тым абвесьціў Каліфорнію часткай ЗША. Аб'яднаныя амэрыканскія і паўстанцкія сілы сутыкнуліся з зусім невялікім арганізаваным супрацівам ад мэксіканскіх уладаў, якія былі на дзіва непадрыхтаваныя.
Рэспубліка пад мядзьвежым сьцягам праіснавала да 9 ліпеня 1846 года, усяго 25 дзён, пакуль амэрыканскі сьцяг не быў узьняты ў Саноме. Айд і іншыя паўстанцы далучыліся да Джона Фрэмонта і ўзброеных сілаў ЗША.
Глядзіце таксама
![Як рабства было забароненае яшчэ ў 1777 годзе Вэрмонт, першая дзяржава ў Амэрыцы, якая адмяніла рабства, амаль за сто гадоў да Лінкальна](/img/v1/images/state_seal_of_vermont.svg.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паўстаньне мядзьвежага сьцяга фактычна скончылася падпісаньнем дамовы пры Каўэнга 13 студзеня 1847 года. Гэтае пагадненьне, узгодненае паміж Фрэмонтам і мэксіканскім камандзірам Андрэсам Піка, спыніла баявыя дзеяньні ў Каліфорніі. Дамова дазволіла мэксіканскім жаўнерам вярнуцца дадому і забясьпечыла мірны пераход улады.
А ў хуткім часе была падпісаная дамова, якая скончыла ўсю вайну. 2 лютага 1848 года па выніках дамовы Мэксіка саступіла велізарную частку тэрыторыі Злучаным Штатам. Згодна з умовамі дамовы, Мэксіка адмовілася ад сваіх прэтэнзіяў на Тэхас і саступіла Каліфорнію, Нэваду, Юту і часткі некалькіх іншых сучасных штатаў. У абмен Злучаныя Штаты заплацілі Мэксіцы 15 мільёнаў даляраў і ўзялі на сябе 3,25 мільёна даляраў якія Мэксіка была вінная амэрыканскім грамадзянам.
![Сучасны сьцяг штата Каліфорнія Сучасны сьцяг штата Каліфорнія](/img/v1/images/1_1015.png?f=f&h=396&o=0&u=1720294783&w=528)
Сучасны сьцяг штата Каліфорнія
Пасьля амэрыканска-мэксіканскай вайны першы і апошні прэзідэнт Каліфорніі Айд вярнуўся ў свой дом каля Рэд-Блафа ў Каліфорніі, дзе выкупіў ранча і пасьля меў посьпех у здабычы карысных выкапняў. У сваёй акрузе ён выконваў разнастайныя афіцыйныя функцыі, у тым ліку намесьніка шэрыфа. Былы прэзідэнт памёр ад воспы ў сьнежні 1852 года.
У 1850 годзе Каліфорнія была прынятая ў ЗША у якасьці 31-га штата. Адкрыцьцё золата ў 1848 годзе і наступная залатая ліхаманка прынесла ў рэгіён паток пасяленцаў. Штат стаў залатым і застаўся ім да сёньня.