Містыка Дональда Трампа

Выбары ў ЗША засведчылі банкруцтва процьмы як айчынных, так і замежных экспертаў, якія адназначна паставілі на перамогу Клінтан. Павяліся і некаторыя палітычныя лідары, якім прафесійны кодэкс дыктуе пазбягаць катэгарычных высноў.

36317967_303.jpg


Больш за ўсіх падставіла сябе ўкраінская палітычная эліта. У Кіеве настолькі паверылі ў будучую перамогу Хілары, што дазвалялі сабе такія эпітэты і мянушкі на адрас Трампа, як «клоун», «маргінал» і гэтак далей. Актыўна раскручвалася тэма, што ў камандзе Трампа працуе былы піяршчык мегакарупцыянера Януковіча. Відавочна, што пасля 8 лістапада тыя, хто ва Украіне называў Трампа клоунам, палезуць цалаваць пантофлі пераможцу, што, безумоўна, адаб’ецца на іх іміджы.

Тое, што перамога Трампа аказалася для сусветнай супольнасці сюрпрызам, у пэўным сэнсе выглядае дзіўна. Ці даўно мы сталі сведкамі рэферэндуму ў Вялікабрытаніі па пытанні выхаду з ЕС? Напярэдадні галасавання ніхто не сумняваўся ў тым, што брытанцы прагаласуюць за захаванне статус-кво. Але вынік апынуўся адваротным — і прымусіў аналітыкаў шукаць, што сапраўды адбываецца.

Тады з’явіўся тэрмін: «маўклівая Брытанія». Гэтая частка простых брытанцаў, якія ў паўсядзённым жыцці індыферэнтныя да палітыкі (таму яны і слаба прадстаўленыя ў рознага роду апытаннях). З іншага боку, яны гатовыя выкарыстоўваць свае канстытуцыйныя правы, каб давесці незадаволенасць кіруючымі элітамі. Прычым асаблівай логікі і аргументацыі, чаму трэба быць у апазіцыі, няма. Быць супраць — гэта інстынктыўная злосць, якую нізы адчуваюць у адносінах да палітычнай сістэмы.

Гэтыя ж фактары апынуліся вырашальнымі і 8 лістапада ў ЗША, дзе яшчэ ўлетку пачалі казаць пра такую сацыяльную групу, як «сарамлівыя трампісты», або па-англійску «shy trampists». Гэта далёка не тыя, хто абавязкова сімпатызуе Трампу. Гэта, хутчэй, тыя, хто раззлаваны і гатовы галасаваць супраць амерыканскага істэблішменту, тэлебачання, СМІ, супраць усёй медыйнай супольнасці, якая крытыкавала Трампа. Белыя мужчыны, якія пабачылі ў феномене Клінтан замах на традыцыю, з’яўляюцца толькі складнікам гэтай групы.

Так атрымалася, што найбольшая канцэнтрацыя такіх людзей з’явілася ў штатах, якія традыцыйна галасавалі за дэмакратаў — Мічыган, Агаё, Пенсільванія і Вісконсін. Гэта прамысловыя штаты, дзе мясцовыя рабочыя пакутуюць ад удзелу ЗША ў зонах свабоднага гандлю, калі амерыканская прамысловасць выводзіцца ў трэці свет. Абама і Клінтан лабіявалі новыя зоны з Азіяй і Еўропай, што выклікала насцярожанасць. Тое, што тут масава прагаласавалі за рэспубліканскага кандыдата, які абяцаў курс эканамічнага пратэкцыянізму, у выніку і вырашыла лёс выбараў. Як выказаўся адзін палітолаг: «Вісконсін і Мічыган нанеслі Клінтан удар нажом у спіну».

Наогул, гэтыя выбары паказалі, што дэмакраты страцілі такую катэгорыю, як «сінія каўняры» — рабочыя карпарацыі, якія праз прафсаюзы заўсёды падтрымлівалі дэмпартыю. У лепшыя часы страта працоўнага электарату кампенсавалася для дэмакратаў галасамі сярэдняга класа. Аднак сёння эканоміка пакідае жадаць лепшага, і гэтая група насельніцтва таксама сацыяльна маргіналізуецца.

Да названай вышэй прычыны можна дадаць яшчэ шэраг фактараў. Па-першае, Хілары Клінтан як асоба выклікае прыступы апатыі нават для вялікай колькасці дэмакратаў. Яна асацыюецца з карупцыяй, вайной, скандаламі. У выніку, як пісаў знакаміты рэжысёр Майкл Мур, электарат Клінтан — гэта, хутчэй, «дэпрэсіўны электарат», людзі, якія на словах за кандыдата ад дэмакратаў, але пры гэтым слаба матываваныя ісці на выбары, а ўжо тым больш агітаваць за Клінтан іншых. У адрозненне, дарэчы, ад выбаршчыкаў Трампа, якія мабілізаваліся самі і мабілізавалі іншых.

Па-другое, як і ў Еўропе, у ЗША расце папулярнасць нацыяналістычных і ксенафобскіх лозунгаў, якія таксама агучваў на выбарах Трамп. У ЗША міжрасавыя праблемы паміж белымі, чорнымі і так званымі «лацінасамі» рэгулярна нагадваюць пра сябе, прычым з нарастаючым эфектам. Дастаткова прыгадаць нядаўнія гісторыі забойстваў чарнаскурых паліцэйскімі, якія выклікалі настолькі моцныя пратэсты, што прымусілі ўводзіць надзвычайнае становішча. У гэтым плане фенаменальны вынік выбараў у Фларыдзе, дзе шмат амерыканцаў лацінаамерыканскага паходжання. З улікам таго, што Трамп перамог і тут, відавочна, што праблема нелегальнай міграцыі дастала нават частку «лацінас».

Нарэшце, адыграў сваю ролю і раздражняльны характар піяр-кампаніі Клінтан. Большасць (71 з 72) буйных СМІ ў краіне падтрымлівалі Хілары. Пры гэтым чамусьці было вырашана канцэнтравацца на негатыўных аспектах Трампа, падкрэсліваць, што ён тупы і агрэсіўны. Часткова журналісты займаліся гэтым самі, а часткова — пад заказ штаба Клінтан. Эфект ад такога прамывання мазгоў апынуўся непрадказальным для яго аўтараў: чым больш «пясочылі» Трампа, тым больш магнат здаваўся блізкім да простых людзей. Да канца не зразумела, чым думалі паліттэхнолагі Клінтан? Прымаючы пад увагу, што рэйтынг Трампа за ўвесь час кампаніі заставаўся дастаткова высокім, можна было задумацца: наколькі эфектыўная крайняя дэманізацыя яго ў прэсе?

Як бачым, ніякай асаблівай містыкі ў поспеху Трампа няма. Спрацавала арыентаваная на ахвяраў цяперашняга крызісу, якія былі лакалізаваныя ў шэрагу дэпрэсіўных рэгіёнаў, даволі прымітыўная папулісцкая рыторыка. Дзякуючы такой прапагандзе ўдалося перацягнуць на бок рэспубліканцаў шэраг учорашніх «дэмакратычных» штатаў.

Містыка — гэта, хутчэй, тое, чым збіраецца заняцца новы лідар самай вялікай краіны ў свеце. На гэты конт — поўная мазаіка меркаванняў і тэорый. Ад тэзіса, што ўсё застанецца па-старому, аж да таго, што Трэцяя сусветная вайна непазбежная.