Мясцовыя выбары ў Малдове: партыя Санду прайграла. Што будзе з праеўрапейскім курсам краіны?
У Малдове 5 лістапада прайшлі мясцовыя выбары прыматаў і консулераў (мэраў і дэпутатаў мясцовых саветаў), на якіх адназначную перамогу атрымалі апазіцыйныя сілы.
Усяго за месцы ў сельскіх і гарадскіх адміністрацыях змагаліся 60 партый. Зрэшты, напярэдадні галасавання іх колькасць скарацілася. ЦВК забараніў прадстаўнікам адной з партый — «Шанец» — удзельнічаць у выбарах.
Падставай сталі словы кіраўніка Генеральнага інспектарата паліцыі. На экстранай прэс-канферэнцыі ён распавёў пра нібыта незаконнае фінансаванне партыі «Шанец» з нейкіх крыніц у Расіі. Па словах галоўнага малдаўскага паліцыянта, грошы прызначаліся для подкупу выбаршчыкаў. ЦВК палічыў, што такой інфармацыі дастаткова, каб зняць «Шанец» з выбарчага марафону.
Зрэшты, падобныя прафілактычныя захады партыі ўлады не дапамаглі. Праўладная Партыя дзеяння і салідарнасці (PAS) разгромна праваліла мясцовыя выбары. PAS здолела пакінуць за сабой толькі некалькі вёсак. Усе буйныя гарады, уключаючы галоўныя, Кішынёў і Бельцы, былі прайграныя. У асноўным да ўлады тут прыйшлі кандыдаты ад прарасейскіх папулісцкіх партыяў, якія ўзначальваюць Ілан Шор, Ігар Дадон, Рынат Усаты. Паказальна, што кандыдат ад PAS прайграў у першым туры нават у роднай вёсцы Санду.
Наймацнейшы ўдар па партыі ўлады быў нанесены ў сталіцы. Дзеючы мэр і апазіцыянер Іён Чэбан выйграў выбары мэра Кішынёва ўжо ў першым туры, што дастаткова рэдкая з’ява. Яму ўдалося атрымаць 50,62% галасоў выбаршчыкаў сталіцы.
У параўнанні з трыумфальнымі для партыі PAS выбарамі 2021 года, калі ёй у адзіночку, без кааліцыі, удалося сфарміраваць урад, колькасць аддадзеных за яе галасоў знізілася больш чым у два разы.
Чаму малдаване адвярнуліся ад Санду? Расейская прэса чакана разглядае вынікі галасавання як пратэст супраць празаходняга курса яе кабінета. Праект будучай Малдовы ад Маі Санду грунтаваўся на простай перспектыве — хуткае ўступленне ў Еўрасаюз. А таксама — услых гэтага пакуль не гаворыцца, але ўсе даўно ўсё зразумелі — у NATO. Такі катэгарычны геапалітычны азімут, як паказалі вынікі галасавання, не прымаецца большасцю. Магчыма таму, што ён звязаны з рызыкамі ўцягвання краіны ў расійска-ўкраінскі канфлікт.
Іншыя лічаць, што геапалітыка тут не прычым. Прычына катастрофы Санду — вельмі нязграбныя і грубыя акцыі супраць апазіцыі. У прыватнасці, згаданае вышэй рашэнне па зняцці з выбараў партыі «Шанец» было сумнеўным з пункту гледжання законнасці і дэмакратычнасці. Дарэчы, яго раскрытыкавалі таксама прадстаўнікі АБСЕ.
Электарату не спадабаліся публічныя заявы Санду, у якіх яна папярэдзіла населеныя пункты, якія не прагаласуюць за «правільную партыю». Такія вёскі і гарады, па яе словах, надалей не змогуць разлічваць на фінансаванне еўрапейскіх партнёраў.
Таму шмат у каго ўзнікла ўражанне, што Санду не здольная ўтрымаць уладу аргументамі і ідэямі, дыялогам з электаратам, аддаючы перавагу тактыцы забарон.
Частка палітолагаў лічаць прычынай правалу фатальныя пралікі выбарчага штаба PAS. Яго сябры не спрабавалі выходзіць на простага выбаршчыка, а працавалі з мэрамі і мясцовымі дэпутатамі, прапаноўваючы ім устаць пад партыйны брэнд PAS. Таксама партыя Санду намагалася цалкам манапалізаваць праеўрапейскія лозунгі, нівеліруючы іншыя аналагічныя праекты. Тыя малдаване, якія выступаюць за праеўрапейскі выбар, але не падтрымліваюць па розных прычынах PAS, часта проста ігнаравалі выбары.
Так ці інакш, вынікі выбараў выклікаюць пытанні наконт будучага праекта Маі Санду і працягу праеўрапейскага курсу Малдовы. Нагадаем, што Санду з’явілася на небасхіле малдаўскай палітыкі ў 2014-м — 2015-м і хутка стала фігурай, вакол якой пачалі аб'ядноўвацца правыя і праеўрапейскія палітычныя структуры. У 2020-м яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах, а яшчэ праз год PAS атрымаў на пазачарговых выбарах большасць у парламенце. Прайшло тры гады і зараз у Санду, падаецца, пачынацца чорная паласа.
Зрэшты, будзь-якія прагнозы на гэты конт можна будзе спраўдзіць толькі падчас прэзідэнцкай кампаніі 2024-га. Дарэчы, Мая Санду пакуль мае самы вялікі рэйтынг у спісе патэнцыйных кандыдатаў. За яе гатовы галасаваць 30 працэнтаў малдаван. З іншага боку, у палітыка адначасова вельмі моцна расце негатыўны рэйтынг.
Таму зараз самае цікавае пытанне — які альтэрнатыўны вобраз будучыні выпрацуе і прапануе стракаты набор апазіцыйных партый, якія выйгралі мясцовыя выбары? Ці здолеюць яны праз год аб'яднацца ў кааліцыю?
Судзячы па ўсім, пакуль галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі з'яўляецца кішынёўскі бургамістр Іён Чэбан. Яму ўдалося падчас сваёй кампаніі аб'яднаць пратэсны, левы і цэнтрысцкі электарат, што дэманструюць вынікі. На выбарах 5 лістапада яго кандыдатура атрымала большасць, хаця ў той жа час за яго партыю прагаласавала толькі 33,1% ад агульнай колькасці жыхароў сталіцы, якія прыйшлі на выбары.