«Мяжа адкрытая». Як літоўцы ездзяць на экскурсіі ў Беларусь
«Беларуская рулетка» — затрымаюць ці не затрымаюць — відаць, прываблівае і нашых суседзяў, якія ў якасці турыстычнага маршрута выбіраюць Мінск.
Нягледзячы на тое, што поўнамаштабная вайна Расіі ва Украіне працягваецца ўжо амаль тысячу дзён, а Беларусь лічыцца суагрэсарам, некаторыя жыхары Шальчынінкскага раёна Літвы выбіраюць не толькі «тэхніка-транспартныя» экскурсіі ў нашу краіну, але і «гастранамічна-дэгустацыйныя». Напрыклад, наведваюць Мінскі завод пеністых вінаў, дзе аматары спіртнога ўспамінаюць смак легендарнага «Савецкага» шампанскага, а затым папраўляць здароўе ў беларускіх санаторыях, дзе, як можна прачытаць у спецыяльных суполках, «нават паветра валодае адмысловымі гаючымі ўласцівасцямі».
Для аматараў зімовых атракцыёнаў да нядаўняга часу пад Гроднам праводзіліся сустрэчы з Дзедам Марозам. І не толькі для дзяцей.
У профілі на Facebook беларускага культурнага цэнтра «Раніца» ў Шальчынінкаі былі размешчаныя фріаздымкі з леташніх зімовых экскурсій у Белавежскую пушчу. Усмешлівыя твары людзей, у тым ліку прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, сведчаць што «смех і радасць людзям прыносіць Дзед Мароз».
Паводле даных LRT.lt, год таму аднадзённая паездка з двухразовым харчаваннем каштавала каля 100-120 еўра.
LRT.lt звязаўся з цэнтрам «Раніца». «Сёлета экскурсій да Дзеда Мароза не будзе», — па-руску спрабавала запэўніць прадстаўніца цэнтра.
Іншы суразмоўца з Шальчынінкая, які не пажадаў раскрыць сваю асобу, запэўнівае, што цэнтр працягвае арганізоўваць экскурсіі ў Беларусь.
Яму пацвярджае яшчэ адна жыхарка. Санаторый, розныя заводы, экскурсіі па горадзе. «Усё арганізуецца ў Шальчынінкаі. Мяне здзіўляе, чаму спецыяльныя службы дагэтуль не заняліся гэтай тэмай. Бо гэта пытанне нацыянальнай бяспекі», — гаворыць яна.
Тадэвуш Рудзіс, член Савета самакіравання Шальчынінскага раёна, таксама скарыстаўся шырокімі магчымасцямі беларускага турызму. Нядаўна ён разам з групай фермераў з раёна наведаў Мінскі трактарны завод. У інтэрв'ю LRT.lt ён падкрэсліў, што гэта была «звычайная паездка».
«У паездцы ў Мінск прынялі ўдзел каля васьмі фермераў. Яна адбылася тыдзень таму. Мы хацелі наведаць горад і паглядзець трактарны завод. Ехалі ў звычайным аўтобусе. Купляць нічога не збіраліся, таму што прывезці ўсё роўна не атрымаецца», — кажа Рудзіс. Паводле яго слоў, паездка «была цікавай».
«Горад чысты і дагледжаны. Мы ўжо бывалі ў Еўропе, але наведваць суседнія буйныя гарады (а ў Мінску амаль 2 мільёны жыхароў) таксама цікава. На месцы нас сустрэў знаёмы гід, які таксама паказаў нам завод па вытворчасці сельскагаспадарчых трактароў "Беларус"», — паведаміў палітык.
«Мы адчувалі сябе ў бяспецы. Ніхто не звяртаў на нас асаблівай увагі. Аднак літоўскія памежнікі былі не вельмі ветлівымі. Я бачыў, як яны адбіралі цукеркі ці печыва ў іншых пасажыраў. Беларускія калегі нават не правяраюць, што вы везяце. Я лічу, што калі хтосьці вязе 200 грамаў цукерак, то не варта іх забіраць. У мяне ёсць унукі, я б хацеў ім нешта падарыць, але я ведаю, што прадукты перавозіць нельга, таму проста нічога не купляў», — адзначыў прадстаўнік самакіравання.
Тадэвуш Рудзіс браў удзел і ў папярэдніх акцыях «Раніцы», у тым ліку ў сустрэчы з Дзедам Марозам, арганізаванай імі ў Гродне.
«Гэта была цікавая сустрэча, вясёлая. Для дзяцей такая паездка цікавая. Мая мама родам з Беларусі, жонка таксама. Я не баюся ехаць у гэтую краіну. Я не займаюся палітыканствам», — падкрэсліў палітык.
Між тым, іншы фермер, Міраслаў, які разам з Тадэвушам Рудзісам знаходзіўся на Мінскім трактарным заводзе, неахвотна адказваў на пытанні LRT.lt, калі яго спыталі, з якой мэтай ён паехаў у Беларусь.
«А вы самі нікуды не ездзіце? Я не збіраўся купляць трактар. Тэхніку адтуль мы ўжо не прывязем — чытайце, якія новыя правілы. Дастаткова сесці ў машыну ці аўтобус, якія адпраўляюцца кожную гадзіну, і можна быць усюды, дзе хочаш», — кажа ён.
«Што тычыцца завода, паездку можна арганізаваць анлайн, для гэтага і існуе электронная пошта. Дзень і час наведвання заўсёды можна спланаваць загадзя. Я не ўпэўнены, што падобныя экскурсіі праводзяцца кожны дзень, але яны дакладна арганізуюцца некалькі разоў на тыдзень. Я не ведаю канкрэтную цану. Мы заплацілі поўную суму, уключаючы пражыванне і харчаванне. Гэта былі капейкі. Разам з гідам мы агледзелі Мінск, яго стары горад і наваколлі. Гэта было вельмі цікава», — дадаў Міраслаў, завяршаючы размову.
У сваю чаргу, член Савета самакіравання Шальчынінкайскага раёна Аліцыя Шчарбайце крытыкуе саму ідэю арганізацыі такіх паездак, а таксама людзей, якія ў іх удзельнічаюць.
«Я не ведаю, хто арганізуе такія паездкі. Я ведаю, што людзей прывозяць у санаторыі, але дакладная інфармацыя не раскрываецца. Людзей, якія карыстаюцца такімі прапановамі, асабліва калі яны з'яўляюцца членамі мясцовага савета, я лічу дурнымі. Калі ў іх няма мазгоў, хай едуць. Я лічу, што кожны можа сам ацаніць патэнцыйныя рызыкі. Я не дыскутую з такімі людзьмі, таму што такія дыскусіі непатрэбныя і бессэнсоўныя», — не хавае свайго абурэння Шчарбайце.
«Ад людзей, якія здзяйсняюць такія паездкі, я чую, што ў Беларусі нібыта ўсё танна і камфортна. Але яны не разумеюць, што такім чынам яны вывозяць грошы з нашай краіны. Калі б яны проста жылі ў Беларусі, то аказалася б, што ў гэтай краіне ўсё зусім не танна. У сваю чаргу, давайце падумаем, ці шмат мы ведаем людзей з заходняга свету, якія б пераехалі ў Беларусь на заробкі? Я ведаю толькі, што самі беларусы едуць у Еўрасаюз, каб працаваць там дальнабойнікамі або выконваць іншыя працы. Чаму? Напэўна, таму што там больш высокія заробкі», — разважае сацыял-дэмакратка. Палітык шкадуе, што ведае нямала людзей, якія выбіраюць усходні кірунак.
«Я грамадзянка, якая ставіцца да сваёй радзімы з павагай і аналізуе магчымыя наступствы. Паколькі я палітык, я разумею, што межы маёй адказнасці значна шырэйшыя, чым у звычайных грамадзян. Калі іншыя не хочуць ацэньваць свае крокі — гэта іх праблема», — лічыць яна.
«Я часта бачу падобныя аб'явы ў рэгіянальных суполках у сацыяльных сетках. Жыхары Шальчынінкая актыўна дзеляцца падобнай інфармацыяй паміж сабой. Зрэшты, калі так паступаюць звычайныя людзі, чакаць ад іх чагосьці асаблівага не даводзіцца. Не ўсе адукаваныя. Урэшце, раз мы жывём у дэмакратычнай дзяржаве, то і думаць яны могуць, што хочуць. Аднак асобным групам грамадства неабходна асэнсаваць гэта адпаведным чынам. Нядаўняя паездка фермераў прымусіла мяне задумацца пра тое, ці можна наведаць аналагічны аб'ект, які дзейнічае ў Літве. Нам сапраўды ёсць што паказаць. Не трэба крычаць, што ўсё закрылася і краіна пустая. Раз вас нічога не цікавіць, то, напэўна, і ў вас саміх нічога няма. Хіба такіх людзей цікавіць іх ўласная краіна? Я б лепш іх разумела, калі б яны пабывалі ў кожным кутку Літвы», — кажа Шчарбайце.
Намеснік кіраўніка самакіравання Шальчынінскага раёна Юзаф Рыбак на пытанне LRT.lt сказаў, што той «не ў курсе тэмы».
«Мяжа з Беларуссю адкрытая. Мы не можам праверыць, хто, куды і з якімі намерамі туды едзе. Я не ведаю матываў гэтага сябра рады (Тадэвуша Рудзіса. — Заўв. рэд.). Я паспрабую высветліць», — сказаў ён.
LRT.lt нагадвае, што ўлады Літвы неаднаразова папярэджвалі, што падарожнічаць у Беларусь небяспечна.
Паводле звестак Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), спецслужбы Беларусі на некаторы час актывізавалі аперацыі на мяжы з Літвой.
Паводле звестак ведамства, літоўскіх грамадзян, якія адпраўляюцца ў Беларусь, дапытваюць на памежных пераходах, выкарыстоўваючы шантаж і псіхалагічны ціск, і прымушаюць да супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі.
ДДБ рэкамендуе пазбягаць паездак як у Беларусь, так і ў Расію.