«Мы не тэрарысты. Мы п’ем піва»
Наступствы бостанскай трагедыі прымусілі чэхаў даказваць амерыканцам, што яны не чачэнцы. Як вядома, пасля тэракту на фінішы бостанскага марафона грамадства гублялася ў здагадках, хто арганізатар.
Як толькі стала вядома, што гэта нейкія хлопцы з Чачні, усе паспяшаліся падзяліцца навіной у сетках. З-за таго, што словы «чачэнцы» і «чэхі» гучаць у англійскай падобна, шмат хто з амерыканцаў у сваім Twitter запісалі бостанскіх тэрарыстаў у землякі Гавела і Кафкі. Можна было пачытаць наступныя перлы: «Нарэшце ўсё стала вядома. Яны (тэрарысты) з Чэшская Рэспублікі, аднак нарадзіліся ў Штатах», «Чаму мы яшчэ не бамбім Чэхію?» «Чэшскі ўрад павінен узяць адказнасць за тэракт», «І што цяпер — будзе вайна з Чэхіяй?».
Парадаксальна, аднак татальнае няведанне геаграфіі і гісторыі аказалася ўласціва нават супрацоўнікам салідных выданняў. Так, адзін з журналістаў «New York Post» напісаў пра тое, што браты паходзяць з Чачні, якая з’яўляецца прыгарадам Чэхаславакіі. Увогуле, лічыцца, што блытаніна пачалася пасля сюжэта на канале CNN, куды запрасілі нейкага эксперта з ЦРУ, які назваў Чэхію «мусульманскай краінай».
Зачын падтрымалі палітыкі. Ультракансерватар Сара Пэйлін заявіла: «Мы ўпэўненыя ў тым, што яны (браты Царнаевы) — мусульмане з Чэшскай Рэспублікі. Я, як і простыя амерыканцы, заўсёды гатова пайсці туды, адкуль прыйшлі гэтыя людзі, і даць ім урок. І давайце не будзем спыняцца на Чэшскай Рэспубліцы, пойдзем ва ўсе арабскія краіны. Давайце адправім некалькі ядзерных ракет у Ісламабад, няхай згарыць Прага і гарыць у пекле Тэгеран. Мы павінны паказаць ім, як умеем весці справы».
Нягледзячы на ўсю камічнасць сітуацыі, яна яўна насцярожыла афіцыйную Прагу. Хутка адпаведную заяву зрабіў Петр Гандалавіч, пасол Чэхіі ў Вашынгтоне. «Паколькі ўсё больш інфармацыі аб паходжанні меркаваных злачынцаў выходзяць на свет, я з заклапочанасцю адзначаю, што ў сацыяльных медыях назіраецца найбольш прыкрае непаразуменне на гэты конт», — сказаў пасол. Ён дадаў: «Чэхія і Чачня — два зусім розныя краі: Чэшская Рэспубліка знаходзіцца ў Цэнтральнай Еўропе, Чачня з’яўляецца часткай Расіі». Каб супакоіць асабліва тупых, дыпламат акцэнтаваў увагу на тым, што Чэхія — краіна-сябра NАТО і таксама прымае ўдзел у антытэрарыстычных аперацыях.
Рэакцыя на такога кшталту заявы чэшскага боку была самай непрадказальнай. Чуючы праўду пра Чэхію і Чачню, амерыканцы рабілі яшчэ больш маштабныя памылкі. Так, некаторыя амерыканскія блогеры пагадзіліся, што Чэхія — гэта не Чачэнія. Чэхія, на іх думку, гэта Чэхаславакія.
Дадатковым фактарам хаосу ў мазгах янкі стаў не зразумелы заходняму чалавеку прававы статус Чачэнскай Рэспублікі ў складзе Расіі. «Чачня і Чэхія — дзве розныя краіны. Чачня ўвогуле не дзяржава», — пісаў нехта на інтэрнэт-форумах. Аднак тут жа знаходзіліся такія, якія лічылі, што Чачня дасюль кантралюецца дудаеўскімі партызанамі і таму мае права называцца незалежнай. Сваю ролю згулялі і пасты рускіх, якія згадалі, што падчас чачэнскіх войнаў расійскія жаўнеры сапраўды далі чачэнцам мянушку «чэхі».
Некаторыя янкі настолькі заблыталіся ў геаграфічных матэрыях, што заклікалі Белы дом атакаваць як Расію, так і Чэхію, каб дакладна патрапіць у Чачню, дзе жывуць саюзнікі братоў Царнаевых.
Каментуючы абывацельскую рэфлексію, сатырычны часопіс «The Onion» прапанаваў амерыканскай адміністрацыі правесці адукацыйную праграму насаджэння стэрэатыпаў наконт чачэнцаў у амерыканскім грамадстве, каб у будучым усім ксенафобам было прасцей выказваць сваю нянавісць да чачэнцаў. Жарты жартамі, аднак сайт Huffington Post змясціў ролік з мапай Усходняй Еўропы, на якой тлустымі стрэламі было ўказана — дзе знаходзіцца Чачня, а дзе Чэхія.
На дапамогу чэшскім чыноўнікам прыйшлі простыя грамадзяне Чэхіі. Яны пачалі кампанію за праўду аб сваёй радзіме ў сацсетках. Доказаў у апраўданне чэхаў прыводзілася шмат. «Мы не тэрарысты, мы п’ем піва», — пісаў адзін з юзераў. Праўда, часам нават у саміх у чэхаў не хапала нерваў тлумачыць заакіянскім візаві элементарныя рэчы. Нейкі Петр Манда ў сваім Twitter даў волю пачуццям: «Дарагія ідыёты з ЗША, Чэхія і Чачня знаходзіцца на адлегласці 2 500 кіламетраў».
Увогуле, па чэшскіх інтэрнэт-форумах пракацілася хваля амерыканафобіі. Юзеры ахвотна ўзгадвалі пра тое, што 40 працэнтаў амерыканцаў не ў стане паказаць на карце, дзе знаходзіцца Канада, пра тое, што траціна амерыканцаў лічыць сталіцай сваёй дзяржавы Нью-Ёрк.
Творча праявілі сябе мясцовыя гумарысты. Яны згадалі, што ў сталіцы Аўстрыі, якую блытаюць з Аўстраліяй, прадаюцца майкі з выявай кенгуру і надпісам: «У Аўстрыі няма кенгуру». На думку чэшскіх гумарыстаў, час наладзіць у Празе продаж турыстам маек з лога: «У Празе няма чачэнцаў». Шмат хто прапануе перайменаваць краіну, каб амерыканцы больш не памыляліся. Сярод прапаноў — ідэя змяніць абрэвіятуру краіны з CR на SER. Абрэвіятура SER, на думку ініцыятараў, лепш адлюстроўвае сітуацыю з чэшскай эканомікай.
Хаця былі і такія чэхі, хто вітаў усплёск чэхафобіі ў Штатах. Гэта людзі левых поглядаў, якія маюць надзею на тое, што цяпер чэхі зразумеюць, што значыць быць гастарбайтэрам або эмігрантам. На сваёй скуры адчуюць, як жыць, будучы завочна падазроным ва ўсіх злачынствах. Чэшскія левыя таксама сцвярджаюць, што IQ сярэдняга чэха ў кантэксце скарачэння фінансавання сістэмы адукацыі хутка дагоніць узровень ведаў амерыканца. Прынамсі, ужо зараз некаторыя чэхі сапраўды лічаць, што Тэхас — гэта не назва штату, а назва супермаркета Tesco.
Асобная частка чэхаў лічыць увогуле ненармальнай сітуацыю, калі адказнасць за злачынствы двух хлопцаў перакладаецца на ўвесь народ.
У прынцыпе, у выніку праўда пра тое, што Чэхія — гэта не Чачня, перамагла. Паступова амерыканцы кампенсавалі прабелы ў геаграфіі. «Вельмі добра, што мы за адзін тыдзень даведаліся так шмат з савецкая гісторыі. Кепска толькі тое, што для гэтага нам спатрэбіліся тэрарысты», — прызналася адна з амерыканскіх карыстальнікаў інтэрнэту. Нельга не падпісацца пад гэтымі словамі.