Калі маўчанне — чорнае золата

Нястрыманасць у выказваннях нашага прэзідэнта заўсёды грала з ім злыя жартачкі. Але зараз Пасланне Лукашэнкі паставіла пад небяспеку эканамічныя паказчыкі Беларусі за 2013 год. Калі мы не выканаем прагноз у 8,5% ВУП росту, то вінаваты ў гэтым будзе не ўрад.  



nezalezhnasc_1_logo.gif

Зачытваючы сваё пасланне, кіраўнік Беларусі крануў балючую для Расіі тэму — стварэнне холдынгу МАЗ і КамАЗ. Лукашэнка лічыць гэты холдынг немэтазгодным.

«Прыходзяць людзі, я ў іх пытаюся: што мы атрымаем ад гэтага аб’яднання, акцыянавання, а яшчэ і перадай акцыі за бясцэнак? Рынкі ў нас ёсць, прадукцыя ёсць, у нас не горш МАЗы, чым КамАЗы», — заявіў Лукашэнка. «Мяне пачынаюць інфармаваць, што за імі (КамАЗам) стаяць замежнікі, яны з’яўляюцца там акцыянерамі, і яны будуць зацікаўлены, каб МАЗ апусціць, зачыніць. Ім не трэба лішніх канкурэнтаў», — працягнуў кіраўнік дзяржавы. «Я — прэзідэнт Беларусі, і я на гэтую бандыцкую акцыю, інакш не назавеш, не пайду», — заявіў ён.

Замест стварэння холдынгу Лукашэнка прапанаваў стварыць упраўляючую кампанію гэтымі прадпрыемствамі і папрацаваць яшчэ 3–5 гадоў.

Гэтыя словы Лукашэнкі ідуць у поўны раздрай з тым, што абяцаў расійскаму віцэ-прэм’еру Аркадзю Дварковічу беларускі ўрад. Як раней здавалася, холдынг «МАЗ — КамАЗ» ужо «на мазі», аднак прамашка выйшла. Тут трэба было б разабрацца, хто тыя разумныя людзі, якія нешта нашапталі на вушка прэзідэнту. Але Дварковічу ў гэтым разбірацца — далёка і нявыгадна, таму з Расіі мы атрымалі «асіметрычны адказ».

Беларусь імкнецца атрымаць ад Расіі сёлета 23 мільёны тон нафты. Расія цягне ката за хвост, узгадняючы нафтавы баланс паквартальна. На першыя два кварталы Расія нам выдала нафты, сапраўды, з разліку гэтай лічбы. А вось пасля словаў Лукашэнкі, як паведамляе газета «Известия», урад Расіі падрыхтаваў ліст беларускаму боку пра нежаданне ўзгадняць павелічэнне паставак нафты на беларускія НПЗ у III і IV кварталах 2013 года.

Сярод прэтэнзій расійскага ўрада — невыкананне беларусамі ўмоваў па вяртанні ўзгодненага аб’ёму нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты. Акрамя гэтага, беларусы зацягваюць рэалізацыю супольных інтэграцыйных праектаў, у тым ліку стварэнне СП холдынгу паміж КамАЗам і МАЗам, — паведаміла газеце крыніца ва ўрадзе Расіі.

Таму расійскі бок гатовы накіраваць нафту ў Беларусь, але толькі 18,5 мільёна тон.

Прычым «Известия» наўпрост паведамляюць, што «Беларусь усялякімі шляхамі імкнецца да зацягвання працэсу рэалізацыі супольных праектаў, высоўваючы новыя і змяняючы ўмовы ранейшых дамоўленасцяў».

Але нават пасля гэтага званочка Аляксандр Рыгоравіч не стрымаўся. Прызначаючы новага амбасадара Беларусі ў ААЭ Рамана Галоўчанку, прэзідэнт зноў выказаўся па МАЗе. Адзначыўшы, што ААЭ і рэгіён Блізкага Усходу — «неаранае поле» для беларускай дыпламатыі і эканомікі, Лукашэнка паведаміў: «Нам прапаноўваюць: давайце на базе МАЗа створым у адной з краін Усходу такую вытворчасць, мы будзем браць у вас часткі, а ўсё астатняе, кузаў аўтобуса, можам рабіць на месцы. Добрая прапанова — грошы даюць, рынак ёсць. Чаму на гэта не пайсці?»

Пакуль, па-першае, не ясна, хто гэта прапанаваў. Па-другое, расійскія КамАЗы там ведаюць лепш, чым нашы МАЗы, бо яны, расійцы, неаднаразова перамагалі на ралі «Парыж — Дакар». Калі мы будзем там ствараць сумеснае з КамАЗам прадпрыемства — гэта адно, а адпраўляць туды нікому не вядомую марку?..

А між тым, стварэнне «дочкі» МАЗа ў ААЭ — гэта яшчэ адзін крок да забойства сумеснага холдынгу. Здаецца, прэзідэнт ужо ўсё вырашыў — холдынгу капец.

З іншага боку, здавалася б — ну і што? Ну, паставіць нам Расія замест 23 мільёнаў тон нафты 18,5, няўжо ад гэтага прадпрыемствы стануць, людзям няма чаго есці будзе? Усё роўна сінявокай для ўнутранага спажывання хапае і 7 мільёнаў тон, нават з запасам. Можа, без Расіі пераб’емся?

Зрабіць гэта, канешне, можна. Але пра ўжо і так вельмі цьмяны праект «беларускага эканамічнага цуду» давядзецца забыцца. Паводле падлікаў эканаміста Леаніда Злотнікава, з адной тоны расійскай нафты Беларусь мае, у залежнасці ад атрыманага нафтапрадукту, да 100 долараў дададзенай вартасці. Недапастаўка пяці мільёнаў тон пагражае стратай 500 мільёнаў долараў. А 500 мільёнаў долараў — гэта значыць 1% ад ВУП Беларусі.

Гэты працэнт, іншым разам, вельмі дорага каштуе. Напрыклад, рост ВУП у мінулым годзе склаў толькі 1,5%. Толькі гэтая «адзінка» наперадзе пяцёркі дазволіла нам не казаць пра тое, што краіна знаходзіцца ў рэцэсіі, што спыніўся рост вытворчасці. Адначасова яна ж, адзінка, дазволіла нам казаць, што мы яшчэ маем сілы і патэнцыял выкараскацца з крызісу. А калі б яе не было?

Як мяркуе той жа Злотнікаў, страціўшы 1% ВУП за наступныя паўгода, кожны беларус за гэты перыяд страчвае каля 5 долараў на месяц. Улічваючы, што працуе ў нас не кожны, а прыкладна палова, то зніжэнне заробку на 10 долараў асабліва адбіваецца на бяднейшай частцы насельніцтва, што зарабляе менш за 3 мільёны рублёў. Для іх страта гэтых, груба кажучы, ста тысяч — вельмі адчувальная. Гэта калі не казаць пра пенсіянераў…

Між тым, трэба зазначыць, што 500 мільёнаў долараў Злотнікава — гэта яшчэ аптымістычны паказчык. Іншы эканаміст, Леанід Заіка, кажа, што на адным мільёне тон нафты Беларусь зарабляе паўмільярда долараў. Страта 5 мільёнаў тон, такім чынам, з’яўляецца стратай 2,5 мільярда долараў. Што стане з эканомікай, калі мае рацыю не Злотнікаў, а Заіка?

Лепш бы прамаўчаў пра МАЗ — КамАЗ, не ўліплі б мы ў нафту…