Мы ўсе — грамадзяне адной краіны

Да маладых людзей на вуліцах Вільні лепш звяртацца па-англійску. Бо праз чвэрць стагоддзя пасля атрымання Літвой незалежнасці рускую мову тут вывучаюць далёка не ўсе.



vilnja_logo.jpg

Вільнюс

Затое і стэрэатыпаў, уласцівых пакаленню савецкіх часоў, прадстаўнікі якога вымушаныя былі размаўляць па-руску, у сучаснай моладзі амаль няма. 

Tabula Rasa

Паўлюс і Кароліс — два сябра. Яны вучацца ў 9-м класе і ўжо няблага размаўляюць па-руску. Хлопцы, хоць яшчэ і не вызначыліся з выбарам прафесіі, усё роўна ўпэўненыя, што руская мова дасць ім вялікія перавагі ў будучыні. Паўлюс вывучыў мову выпадкова — надта падабаўся яму канал «Дыскаверы», які ішоў толькі па-руску. Кароліс, які мае польскія карані, ведае рускую мову крыху лепей, таму дапамагае сябру. Але ім нестае практыкі. Бо ўсе рускамоўныя ад нараджэння аднакласнікі хлопцаў вольна размаўляюць па-літоўску. «Усё рускія, якія жывуць тут, вельмі добрыя людзі. Яны любяць Літву, любяць Вільнюс, яны не адрозніваюцца ад нас, нам нават палітыку з імі не трэба абмяркоўваць, бо мы маем падобныя погляды, — кажуць хлопцы. — Апроч таго, рускія сябры дазваляюць нам глядзець на ўсё шырэй. Яны жывуць у рускіх сем’ях, і таму маюць не прарасійскія або пралітоўскія погляды, а нейкае трэцяе меркаванне — нейтральнае, і гэта вельмі цікава».

pauljus_karl_s_logo.jpg

Паўлюс і Кароліс

Паўлюс і Кароліс, як і іхныя сябры, значна бліжэй па менталітэту да заходніх еўрапейцаў, чым прадстаўнікі старэйшага пакалення мясцовых літоўцаў ды рускіх. У школе падлеткаў вучаць быць талерантнымі да іншых поглядаў.

Таму 80-гадовая нянька малодшага брата Паўлюса адчувае сябе ўтульна ў іх сям’і. І гэта нягледзячы на тое, што жанчына прытрымліваецца прарасійскіх поглядаў, марыць пра вяртанне Савецкага Саюза і пра тое, каб Пуцін прыйшоў у Літву. Усё сваё жыццё яна глядзела толькі расійскія каналы, размаўляла ў асноўным па-руску.

— Ці не баяцца вашы бацькі, што нянька дрэнна паўплывае на вас? — спытала я ў Паўлюса.

— Яна не робіць нічога кепскага, мы з братам застаемся патрыётамі Літвы. А нянька толькі дапамагае нам параўнаць і зразумець, як добра мы жывем. Да таго ж прысутнасць у сям’і чалавека, які думае інакш, выхоўвае ў нас цярпімасць ды талерантнасць. А на Дзень Незалежнасці нянька заўсёды нас віншуе і выпякае прыгожы смачны пірог.

Спыненне трансляцыі расійскіх каналаў у Літве хлопцы ўхвалілі. «Там шмат няпраўды», — кажуць яны.

Раскажы мне пра Пуціна...

Некаторыя з рускамоўных у Літве абураныя спыненнем вяшчання расійскіх тэлеканалаў: «Гэта праблема толькі для пенсіянераў ды людзей старэйшага ўзросту, якія, магчыма, не маюць інтэрнэту. Што дае гэтая забарона, калі існуюць спадарожнікавыя талеркі? Добры быў прыклад, калі выходзіла праграма «Чалавек і закон», праз якую зачынялі Першы Балтыйскі канал. Мы нават ліставаліся з расійскімі калегамі на гэты конт. І самае цікавае было тое, што колькасць праглядаў гэтай праграмы з балтыйскіх краінаў зашкальвала! То бок праграму забаранілі і зрабілі ёй такую рэкламу, што яе паглядзелі нават тыя, хто не збіраўся»,— кажа былы журналіст Першага балтыйскага каналу, а зараз дэпутат гарадскога савета Вісагінаса Дзмітрый Іконнікаў.

konn_ka__logo.jpg

Дзмітрый Іконнікаў

Сам Дзмітрый лічыць, што ў палітычным і грамадскім жыцці Літвы стала «надта шмат Пуціна». Людзей ацэньваюць паводле стаўлення да прэзідэнта Расіі. «У нас «пятай калонай», апроч, натуральна, рускамоўных журналістаў, ужо лічаць і тых, хто з георгіеўскімі стужкамі ходзіць і 9 мая святкуе Дзень Перамогі, і тых хто супраць сланцавага газу, — працягвае Дзмітрый. — Вось настаўнікі нядаўна спрабавалі страйкаваць, іх таксама залічылі ў «пятую калону». У выніку ім кажуць: вы хочаце зрабіць кепска Літве, а Літве можа зрабіць кепска толькі Пуцін, значыць, вы прыхільнікі Пуціна. Увогуле, рускую, польскую, беларускую дыяспары падштурхоўваюць да таго, каб яны вызначыліся: або яны прымаюць такое грамадскае меркаванне, або не прымаюць, і ў залежнасці ад гэтага яны добрыя або дрэнныя. Сярод саміх літоўцаў, з якімі я шмат стасуюся, такая палітыка ўжо выклікае некаторую стомленасць. Калі паводле некаторых геапалітычных крытэрыяў ацэньваюць людзей, гэта няправільна».

Сам Дзмітрый, як дэпутат, вельмі стрымана ацэньвае палітычныя працэсы. І ў сцэнар з’яўлення «зялёных чалавечкаў» у Літве Дзмітрый не верыць. А ўсе чуткі пра ягоную падрыхтоўку выклікаюць у яго толькі ўсмешку. «Была гісторыя з вільнюскімі рускімі школьнікамі, якія паехалі ў турпаход, а іх спрабавалі абвінаваціць у тым, што яны ледзь не практыкаваліся з «зялёнымі чалавечкамі». Правялі праверку, выклікалі дырэктараў школ, а ў выніку нікому ніякіх абвінавачанняў не прад’явілі».

Пад уплывам Расіі

Напярэдадні паездкі ў Літву я звязалася з мясцовым Саюзам рускіх, кіраўніца якога Ларыса Дзмітрыева з’яўляецца дэпутаткай літоўскага парламента — Сейма. Раней палітык рабіла даволі гучныя заявы пра тое, што рускім у Літве жыць няпроста. Напрыклад, у кастрычніку мінулага года спадарыня Дзмітрыева сказала: «Расійская абшчына вельмі заклапочаная. Таму што зараз няспынна ўздымаюць гэтую тэму. Ужо з’яўляецца не вельмі прыгожае стаўленне, не хочуць стасавацца, ужо рускія баяцца размаўляць па-руску або прызнаваць, што яны рускія, чаго ў Літве ніколі не было».

Аднак падчас тэлефоннай размовы на маё пытанне пра тое, ці памянялася стаўленне да рускіх у сувязі з падзеямі ва Украіне, памочніца дэпутаткі адказала, што Саюз рускіх Літвы пазбягае каментаваць гэтую тэму. Праз некалькі дзён яна напісала мне, што Ларыса Дзмітрыева, як і астатнія прадстаўнікі Саюза рускіх Літвы, вельмі занятыя і не могуць даць мне інтэрв’ю...

Апроч Саюза рускіх, ёсць і іншыя партыі, арганізаваныя паводле нацыянальнай прыкметы. Напрыклад, «Рускі альянс», прадстаўніца якога таксама займае дэпутацкае крэсла. Трапіць у Сейм яна здолела дзякуючы аб’яднанню з «Выбарчай акцыяй палякаў». Дарэчы, я чула меркаванне, што прадстаўнікі рускай ды польскай дыяспар маюць блізкія погляды, таму саюзы гэткага кшталту тут не дзіва. Наогул жа, партыі, арганізаваныя па нацыянальнай прыкмеце, маюць у Літве малы ўплыў.

Аднак магчымасць трапіць ва ўладу ёсць нават у самых радыкальных прадстаўнікоў рускай меншасці, у тым ліку тых, хто, па чутках, фінансуецца Расіяй.

arv_das_anusha_skas.jpg

«Расія фінансавала ў Літве стварэнне двух цэнтраў па абароне правоў. Там працуе адзін-два чалавекі. Адзін з іх — Рафаэль Муксінаў — трапіў у самакіраванне па спісу «Блока Вальдэмара Тамашэўскага» (гэта «Рускі альянс» і «Выбарчая акцыя палякаў»). Ёсць яшчэ Сацыялістычны фронт Літвы, усе актыўныя сябры якога знаходзяцца на ўтрыманні Расіі. То бок партыя зарэгістраваная афіцыйна, а яе сябры адначасова з’яўляюцца ўдзельнікамі арганізацый, якія існуюць на расійскія грошы. Бо палітычным партыям Літвы забаронена атрымліваць іншаземнае фінансаванне. Аднак, калі ў прэсе з’явіцца больш інфармацыі пра іх сапраўдную дзейнасць і пра крыніцы фінансавання, то другім разам іх могуць і не абраць. Пакуль што ў самакіраванне трапіў адзін, ну і некалькі — у мясцовае самакіраванне», — кажа Арвідас Анушаўскас, прадстаўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне сейма Літвы.

Патрэбна большая ўвага

Падчас крызісу 2009 года ў Літве быў скасаваны Дэпартамент па справах нацменшасцяў. Частка яго функцый была перададзена Міністэрству замежных спраў, частка — Міністэрству культуры. Цяпер ёсць рашэнне аднавіць гэтую структуру. Бо працы для яго зараз шмат.

Тое, што справамі рускіх трэба займацца, цяпер у Літве добра ўсведамляюць не толькі палітыкі. Архітэктар Міндаўгас Гладзяніс амаль не размаўляе па-руску, бо хадзіў у школу ўжо пасля таго, як Літва зрабілася незалежнай. Зараз хлопец жыве ў Вільнюсе, але раней колькі год пражыў у Нідэрландах, таму памятае ў асноўным родны горад Панявежыс, а не літоўскую сталіцу:

— Я ніколі не задумваўся пра праблемы нацыянальных меншасцяў, хаця і меў рускіх сяброў, — распавядае хлопец. — Але я не бачыў розніцы паміж намі. І толькі цяпер, калі я вярнуўся ў Вільнюс, я стаў сустракаць больш рускіх, у тым ліку тых, якія не размаўляюць па-літоўску, у асноўным гэта маргіналы.

m_ndaugas_logo.jpg

Міндаўгас Гладзяніс

— Ці не адчуваеце вы небяспекі для незалежнасці Літвы ў сувязі з «рускім пытаннем»? — спытала я Міндаўгаса.

— Як мы будзем абыходзіцца з мясцовымі рускімі, так і яны будуць з намі. У мяне праблемаў з рускімі не было ніколі. Я наогул не думаю, што мы мусім казаць пра «іх» і пра «нас», гэта няправільна. Мы ўсе грамадзяне адной краіны. Калі мы будзем паважаць мясцовых рускіх, добра да іх ставіцца, прыслухоўвацца да іх меркавання, да іх праблемаў, усё будзе добра.

Чым хутчэй набліжалася паездка ў Клайпеду, тым больш неспакойна рабілася на душы. Я ўпарта не хацела перажываць той боль развітання з былым домам, які не дазволіла сабе адчуць 20 гадоў таму, калі мусіла з’ехаць з роднага горада — Клайпеды. Я не хацела зноўку рабіцца той «рускай», якой адчувала сябе ўсё сваё дзяцінства. Бо менавіта праз гэтую «рускасць» я і мусіла перажыць адно з самых моцных выпрабаванняў юнацтва.

Першы артыкул з цыклу ТУТ

Працяг тэмы будзе