МЗС Расіі назваў уварванне СССР у Польшчу «вызваленчым паходам», што не дазволіла «вермахту падысці да Мінска»

МЗС Расіі выкарыстаў тэрмін савецкай гістарыяграфіі — «вызваленчы паход» — у дачыненні да нападу Чырвонай Арміі на Польшчу 17 верасня 1939 года, на пачатку Другой сусветнай вайны, піша «Радыё Свабода».

mid_rf_2.jpg


«17 верасня 1939 Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход на тэрыторыі Польшчы. Савецкія войскі выйшлі на лінію Керзона, не дазволіўшы вермахту падысці да Мінска. Народы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны сустрэлі савецкіх салдат з радасцю», — гаворыцца ў твіце, апублікаваным ў афіцыйным акаўнце МЗС.
Да яго прымацаванае відэа, у якім выкладзеная пазыцыя Масквы адносна падзей 1939 года. У прыватнасці, прыводзяцца словы прэзыдэнта Пуціна, які ўсклаў адказнасць за тыя падзеі на тагачаснае кіраўніцтва Польшчы.
Савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы праз 17 дзён пасля нападу нацысцкай Германіі на гэтую краіну. За некалькі дзён да гэтага нападу ў Маскве быў падпісаны так званы пакт Молатава-Рыбентропа. Пасля была заключаная яшчэ адна дамова — аб дружбе і межах, паводле якой Германія і СССР фактычна падзялілі тэрыторыю Польшчы паміж сабой.
Тэрмін «вызваленчы паход» з'явіўся ў савецкім друку і афіцыйных заявах адразу пасля ўварвання ў Польшчу ў 1939 годзе. Сцвярджалася, што савецкія войскі вызваляюць Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ад буржуазна-абшарніцкай Польшчы. Пасля амаль усе тэрыторыі, якія тады заняла Чырвоная Армія, былі далучаныя да СССР. Цяпер гэта часткі тэрыторый Украіны, Беларусі і Літвы.
МЗС Расіі і расійскія ўлады, уключна з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, апошнім часам актыўна выступаюць з апраўданнем пакта Молатава-Рыбентропа, аднак тэрмін «вызваленчы паход» раней расійскае МЗС не ўжывала.
Расійскае МЗС і іншыя афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзідэнт Пуцін, апошнімі гадамі неаднаразова выступаюць з заявамі пра недапушчальнасьць параўнання рэжыму, які існаваў у СССР пры Сталіне, з гітлераўскай Германіяй. Яны называюць гэта «пераглядам вынікаў Другой сусветнай вайны».
1 ліпеня сёлета Пуцін падпісаў закон, які забараняе публічна падчас выступаў, у фільмах, у СМІ і інтэрнэце атаясамліваць мэты, рашэнні і дзеянні кіраўніцтва СССР, камандавання і вайскоўцаў СССР з мэтамі, рашэннямі і дзеяннямі кіраўніцтва нацысцкай Германіі, камандавання і вайскоўцаў нацысцкай Германіі, згаданымі ў прысудзе Нюрнберскага трыбунала.