МЗС Даніі раіць Еўропе рыхтавацца да расійскай "гібрыднай вайны"

Расія не нясе прамую ваенную пагрозу Еўрасаюзу, але яе ўварванне на Украіну адносіцца да тыпу "гібрыднай вайны". І з ёй, як сказаў міністр замежных спраў Даніі Марцін Лідэгард, Еўропа павінна змагацца, выкарыстоўваючы скаардынаваную энергетычную палітыку і прэсу, каб супрацьстаяць "масіраванай прапагандзе" .



166.jpg

Марцін Лідэгард тройчы за год з'ездзіў ва Украіну, дзе быў скінуты прэзідэнт, якога падтрымлівала Масква, і паднялося прарасійскае паўстанне на ўсходзе краіны. За час канфлікту загінулі больш 3 700 чалавек.

Крызіс справакаваў найгоршае супрацьстаянне Масквы і заходніх краін з часоў халоднай вайны і выклікаў непакой краінаў, якія маюць межы з Расеяй на сушы і вадзе. Швецыя правяла большую частку мінулага тыдня, палюючы за замежнай падводнай лодкай у сваіх водах і падымаючы ў паветра знішчальнікі для перахопу расійскіх самалётаў.

"Я не магу ўявіць, што Расія адважыцца прычыніць неспакой краінам Балтыі, Польшчы ці якому-небудзь члену НАТА", — сказаў Лідэгард, адказваючы на пытанне, ці бачыць Данія пагрозу ад Расіі.

"Таксама ясна, што тут ёсць новы тып пагрозы. Я не сказаў бы, што яна абавязкова ваенная. Гэта гібрыдная вайна, дзе  масіраваная прапаганда, правакацыі, падбухторванне груповак ўнутры іншых краін, што не з'яўляецца вайной, але што вельмі варожа і да вайны блізка", — сказаў ён.

Расія адмаўляе любое ўмяшанне ў канфлікт ва Украіне і абвінавачвае Захад у падтрымцы Кіева ў яго кампаніі па барацьбе з рускамоўным усходам Украіны.

Тэрмін "гібрыдная вайна" пачаў выкарыстоўвацца ваеннымі спецыялістамі для вызначэння вайны, дзе прапаганда і правакацыі гуляюць не меншую ролю, чым зброя.

Еўрасаюз складаецца з 28 дзяржаў, у яго ўваходзяць і краіны былога савецкага блока і традыцыйна цесна звязаныя з Масквой дзяржавы, такія як Германія і Італія. Тым не менш ЕС аказвае на Расію ціск, уводзячы новыя і новыя санкцыі.

Былы міністр энергетыкі Лідэгард, які аднойчы праехаў на ровары 1 800 кіламетраў праз Малдову, Украіну і ў тым ліку анэксаваны цяпер Масквой Крым, сказаў, што для Еўрасаюза рух супраць Масквы "няпростая задача", але назваў адзіны рынак энергапрадуктаў адным з франтоў у расійскай "гібрыднай вайне ".

"Калі б мы зрабілі прыярытэтам пытанне энергетыкі і зрабілі б гэта і ў Еўропе, і ва Украіне, гэта быў бы вялізны крок наперад і цалкам не агрэсіўны шлях паказаць Расіі, што яе палітыка дорага ёй абыходзіцца".

Некаторыя еўрапейскія лідэры доўга вінавацілі Расію ў выкарыстанні пытанняў энергетыкі ў палітычных мэтах, і перспектыва перабою ў пастаўках расійскага газу Еўропе стала больш рэальнай, у той час як Масква патрабуе з Украіны мільёны долараў у якасці плацяжоў за газ.

Еўропа атрымлівае ад Расіі прыкладна траціну свайго газу, палова з якога ідзе праз ўкраінскія газаправоды. 

Reuters