На аўкцыёне ў Берліне прадалі скрадзеную ў Варшаве карціну Кандзінскага. Няўжо гэта законна?
У заяве аўкцыённага дома сказана, што ён пасля жорсткіх праверак прыйшоў да «выразнай высновы: ніякіх юрыдычных пярэчанняў супраць аўкцыёну няма».
Польскія ўлады асудзілі рашэнне нямецкага аўкцыённага дома прадаць карціну Васіля Кандзінскага. Яны сцвярджаюць, што абстрактная акварэль без назвы 1928 года была скрадзеная з Нацыянальнага музея ў Варшаве ў 1984 годзе, піша ВВС.
Аўкцыяністы заявілі, што вывучылі інфармацыю міністэрства культуры Польшчы аб тым, што карціна была скрадзеная, — але прыйшлі да высновы, што ніякіх юрыдычных перашкод для правядзення аўкцыёну няма.
Праца была прададзеная за 310 тысяч еўра, аднак пасля гнеўнай рэакцыі Польшчы Берлінскі аўкцыённы дом Grisebach вырашыў прыпыніць завяршэнне здзелкі.
Афіцыйныя асобы ў Варшаве сцвярджаюць, што на адваротным баку карціны Кандзінскага стаіць штамп музея, адкуль яна першапачаткова паступіла.
Польскі консул у Берліне Марцін Крол прысутнічаў на аўкцыёне ў Берліне, але не змог прадухіліць продаж карціны. Паводле яго, праца знаходзіцца ў базе даных выкрадзеных твораў мастацтва Інтэрпола.
«Нямецкі аўкцыённы дом дзейнічаў як скупшчык скрадзенага, — напісаў у «Твітары» міністр культуры Польшчы Пётр Гліньскі. — Яны прадалі карціну Кандзінскага, ведаючы, што яна скрадзеная з польскага музея».
Міністэрства заявіла, што распачне юрыдычныя крокі, каб паспрабаваць вярнуць карціну, і назвала аўкцыён «вельмі неэтычным і супярэчным стандартам, якія павінны прымяняцца на міжнародным рынку мастацтва».
У заяве аўкцыённага дома гаворыцца, што ён праявіў «асаблівую асцярожнасць» пры праверцы правоў уласнасці на акварэль Кандзінскага і прыйшоў да «выразнай высновы, што ніякіх юрыдычных пярэчанняў супраць аўкцыёну няма».
Аднак ён усё роўна вырашыў звярнуцца ў суд і прыпыняе далейшае правядзенне аўкцыёну да атрымання тлумачэнняў.
Продаж карціны Кандзінскаў выклікаў такі рэзананс яшчэ і таму, што Польшча спрабуе вярнуць тысячы твораў мастацтва, выкрадзеных нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Аркадыюш Муларчык сказаў, што продаж адлюстроўвае больш шырокае нежаданне Германіі вярнуць Польшчы скрадзеную ўласнасць.
«Яны не хочуць вяртаць вельмі важныя культурныя каштоўнасці, якія яны скралі ў Польшчы. Галоўная праблема для нас палягае ў тым, што нямецкае заканадаўства абараняе гэты крадзеж. Гэта не вельмі добра для нямецкага правапарадку», — сказаў ён ВВС.
Нямецкае заканадаўства дапускае такія продажы, паколькі праз 30 гадоў твор не лічыцца скрадзеным, дадаў ён.
«Я разглядаю гэтую сітуацыю як вялікую праблему, таму што мы бачым, што ў нямецкага ўрада і наогул у Германіі ёсць праблема з кампенсацыяй і скрадзенымі ў Польшчы культурнымі каштоўнасцямі. Многія з іх цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Германіі», — сказаў ён.
Муларчык узначальваў парламенцкую камісію, якая падлічыла страты Польшчы ад нацысцкай Германіі ў 1939–1945 гадах у памеры 6,22 трыльёны злотых (1,4 трыльёна долараў). У кастрычніку польскі ўрад накіраваў у Берлін дыпламатычную ноту з патрабаваннем кампенсацыі.
Урад Германіі лічыць пытанне наконт ваенных рэпарацый закрытым з-за пагаднення 1953 года паміж СССР і Усходняй Германіяй, паводле якога тагачасныя камуністычныя ўлады Польшчы адмовіліся ад далейшых прэтэнзій.
Польшча сцвярджае, што гэта пагадненне несапраўднае, бо ў той час краіна была залежная ад савецкага ўплыву.