Топ-10 фільмаў пра эпідэміі. Часам чалавецтва выжывае

З Кітаю прыходзяць зьвесткі пра чарговы ўсплёск заражэньняў каронавірусам. Здаецца, гэтая хвароба ўжо навечна з намі. Тым часам кінематаграфісты стварылі шмат цікавых працаў на гэтую тэму. Мы падрыхтавалі для вас спіс зь дзесяці лепшых стужак. 

Кадр з аднаго з фільмаў нашага спісу

Кадр з аднаго з фільмаў нашага спісу


Вы знойдзеце і новыя эпідэміі, і іншыя падыходы да змаганьня, і розны фінал. Часам людзям шанцуе, а вось часам не вельмі. Прыемнага прагляду!


Нумар 10. Заражэньне (Contagion). 2011

contagion.jpg

Стужка Стывена Содэрбэрга выйшла больш за 10 гадоў таму, але атрымала другую маладосьць разам з распаўсюдам новага вірусу, што зьявіўся ў кітайскім Ухані. Вельмі моцныя перакліканьні з рэальнасьцю знайшлі аматары кіно і канспіралёгій. Бліскучы акторскі склад, якому пазайздросьцяць безьліч фільмаў, што выходзяць на экраны.

У 2020 годзе Джуд Лоў, адзін з актораў, распавядаў, як яшчэ падчас здымкаў група навукоўцаў, якія супрацоўнічалі з рэжысэрам і сцэнарыстам, папярэджвалі ўсіх, што аналягічны вірус, пандэмія, абавязкова ў хуткім часе абрынуцца на жыхароў Зямлі. Каб злавіць флэшбэкі і даведацца, як справіцца з вірусам (альбо вірус справіцца з людзьмі) — пачынайце прагляд. Ажно дрыжыкі прабіваюць, наколькі стваральнікі былі блізкія да таго, што адбудзецца неўзабаве.

Нумар 9. Уварваньне (The Invasion). 2007

the_invasion.jpg


Фільм з Ніколь Кідман — ужо нагода, каб азнаёміцца. Яе кампаньёнам па здымках стаў Дэніэл Крэйг, у наш час — агент 007 у адстаўцы. Мы сустракаемся з зусім іншым відам эпідэміі. Касьмічны шатл, што вярнуўся на Зямлю, пачынае распаўсюджваць вірус, які прынёс з сабою з космасу. Здаецца, што людзі становяцца аўтаматамі без эмоцый.

Галоўная гераіня — псыхіятарка — пачынае чуць аб гэтай метамарфозе ад сваіх пацыентаў, якія кажуць ёй, што каханы чалавек ужо не той, кім ён быў раней. Яна і яе калега пачынаюць рассьледаваньне. Яна хутка разумее, што яе былы муж заразіўся. На жаль, яе сын паехаў зь ім на выходныя. І ключом да спыну эпідэміі павінны стаць яе ўласны сын. Кім ахвяраваць — сынам ці чалавецтвам? І ці спатрэбіцца рабіць падобны выбар?

Нумар 8. Дзіця чалавечае (Children of Men). 2006

children_of_men.jpg


Стужка Альфонса Куарона стваралася як фантастычная, але распавядае пра ўжо вельмі блізкі да нас 2027 год. У гэты час чалавецтва знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня. У сувязі зь невядомым вірусам усе кабеты на плянэце становяцца нефертыльнымі, гэта значыць, ніхто зь іх не можа зацяжарыць і нарадзіць дзіця. І калі памруць тыя, хто жыве ў гэтыя часы, новых людзей ужо ня будзе.

Адзінае цывілізацыйнае грамадзтва захавалася ў Вялікай Брытаніі, і людзі імкнуцца трапіць туды, але іх так шмат, што краіна пераўтвараецца ў паліцэйскую дзяржаву, якая скіроўвае мігрантаў у фільтрацыйныя лягеры. У жыцьці галоўнага героя зьяўляецца невядомая кабета, якой неабходна дапамагчы трапіць у краіну і засьцерагчы. Як мы разумеем — яна адзіная, хто можа мець дзяцей.

Захапляльны фільм, які будзе трымаць вас у напружаньні.

Нумар 7. Штам Андрамеда (The Andromeda Strain). 1970

the_andromeda_strain.jpg


Вірусы і эпідэміі былі заўжды, і натхнялі стваральнікаў кіно здаўна. Робэрт Уайз паставіў гэтую стужку паўстагодзьдзя таму.

Пасьля вяртаньня на Зямлю касьмічнага спадарожніка практычна ўсе жыхары горада, куды ён прыляцеў, знойдзены мёртвымі. Кіраўнік касьмічнага праэкту абвяшчае надзвычайнае становішча. Знойдзеная нейкая па-за зямная форма жыцьця. Навукоўцаў скіроўваюць у гэты гарадок — яны спрабуюць ізаляваць гэтае новае, невядомае жыцьцё, а таксама даведацца, чаму адно немаўлятка і адзін пэнсіянэр засталіся жывымі.

Пасьля экспэрыментаў у лабараторыі становіцца зразумелым: зьявіўся новы штам — небясьпечны і цалкам невядомы. Чалавецтву пагражае сьмерць.

Гэта адзін са шматлікіх фільмаў пра іншаплянэтнае жыцьцё, што трапляе на Зямлю, але менавіта гэты — вельмі ўдалы.

Нумар 6. Апошні чалавек на Зямлі (The Last Man on Earth). 1964

the_last_man_on_earth.jpg

Уявіце: вы засынаеце, спакойна сьпіце і прачынаецеся. Усё як заўсёды, але не ў гэты раз. Вы — апошні чалавек на Зямлі. У самым літаральным сэнсе слова. Чума забіла адну частку людзей, а іншыя сталі падобнымі да зомбі. Галоўны герой — лекар, які вядзе звычайны лад жыцьця для ўласнага выжываньня: удзень ён забівае начных істотаў і спальвае іх целы, каб забясьпечыць абарону свайго жытла ўначы. Ён сумуе па каханай жонцы і дачцэ, якіх забрала эпідэмія, і жыве са сваёй адзінотай.

Але аднойчы ён сустракае кабету, якой, верагодна, можна дапамагчы пераліваньнем сваёй крыві. Ці выжыве чалавецтва як від у гэтым выпадку? Калі вам даспадобы сюжэты на гэтую тэму, фільм абавязкова для вас.

Нумар 5. Эпідэмія (Outbreak). 1995

outbreak.jpg


Кевін Спэйсі, Морган Фрыман, Дасьцін Хофман — у актораў гэтага фільма на траіх — пяць узнагародаў Оскар. Кампанія, безумоўна, што трэба. У стужцы ім прыйдзецца вырашаць складаную праблему. Як становіцца зразумела з назвы — распачалася эпідэмія.

Гэта адна з самых страшэнных фобій нашага часу, меркаваньне, што ў глыбіні бязлюдных трапічных лясоў хаваюцца сьмяротныя хваробы, і калі яны калі-небудзь выйдуць са сваіх уладаньняў у джунглях і трапяць у чалавечую кроў, узьнікне новая чума, падобнай на якую мы ніколі не бачылі.

Стужка апавядае акурат пра падобны выпадак, калі трапленьне мікраскапічнага арганізма на цела чалавека прыводзіць да сьмерці на працягу 24 гадзінаў.

Мы станем сьведкамі злачынных спробаў змаганьня з першапачатковай пагрозай, а таксама пошукаў магчымасьці ўратавацца. Ці атрымаецца? Вельмі неадназначнае пытаньне.

Нумар 4. 28 дзён пасьля (28 Days Later). 2002

28_days_later.jpg


Гэты фільм пагрузіць вас у дзеяньне з першых хвілінаў. Будзьце асьцярожныя: за час прагляду можна стаць вельмі ўразьлівым да таго, што адбываецца за сьценамі вашай кватэры. Як сёньня мы маем нахабныя спробы экаактывістаў прыцягнуць да сябе ўвагу, калі яны абліваюць фарбай сусьветныя шэдэўры мастацтва ў лепшых музэях сьвету, так і ў сюжэце стужкі мы сутыкаемся з падобным барбарствам.

Група абаронцаў правоў жывёлаў урываецца ў лабараторыю і выпускае малпаў з клетак, каб выратаваць іх, нягледзячы на папярэджаньні навукоўцаў, што малпы заразныя. У выніку дзеяньняў гэтых абаронцаў вірус, які ўтрымлівалі малпы, імкліва разнёсься па Вялікай Брытаніі і заразіў мноства людзей.

Галоўны герой, якога выдатным чынам паказаў Кіліян Мёрфі, прачынаецца пасьля комы, у якую трапіў яшчэ да віруса, і бачыць, што Лёндан пусты. Ён разумее, што не адзін, бо ў горадзе ёсьць і заражаныя, і неінфікаваныя. Ён знаходзіць групу людзей і скіроўваецца ў Манчэстар, дзе вайскоўцы абяцаюць абарону тых, хто выжыў, ад заражаных. Аднак галоўны герой нават не ўяўляе, што іх чакае.

Нумар 3. Дванаццаць малпаў (Twelve Monkeys). 1996

twelve_monkeys.jpg


Фантастычны фільм з Брусам Уілісам і Брэдам Пітам у галоўных ролях. Стваральнікі стужкі паказваюць нам зноў ужо блізкую будучыню, каб потым асноўныя падзеі разгортваліся ў 1990-х гадах. Галоўнага героя прымусова дасылаюць у мінулае, каб ён назьбіраў патрэбную інфармацыю аб тым, што стала прычынай чумы, што перакінулася на людзей ад малпаў, і якая неўзабаве распачнецца. Гэтая хвароба стане прычынай сьмерці 99% насельніцтва плянэты.

Аднак з пошукамі праўды вельмі складана. Неабходна адшукаць патаемных дванаццаць малпаў. Заблытаны і вельмі цікавы сюжэт, які стане добрым папярэджаньнем для тых, хто марыць пра «залаты мільярд альбо мільён чалавек», якім неабходна застацца на Зямлі.

Нумар 2. Ідэальны сэнс (Perfect Sense). 2010

perfect_sense.jpg


Дзіўная эпідэмія зьявілася па ўсім сьвеце: людзі раптам страчваюць адно з пачуцьцяў. Спачатку гэта была ўспышка страты нюху. Галоўная гераіня займаецца эпідэміямі і вельмі ўцягваецца ў праблему, калі ўсё больш людзей у глябальным маштабе губляюць пачуцьцё смаку, а потым і слых. Гэтаму спадарожнічае і глябальная эмацыйная траўма для гэтых людзей.

Гераіня сустракае чалавека, да якога ўзьнікаюць пачуцьці. Яны абодва разумеюць, што сьвет бяжыць у прорву, дзе людзі страчваюць пачуцьці адно за адным. Ці магчымае каханьне ў такім зьмененым сьвеце? Ці можа што-небудзь мець поўны сэнс без поўнага набору звыклых пачуцьцяў? Фантастычная драма з Эвай Грын і Юэнам Макгрэгарам прыдасца вам па душы.

Нумар 1. Сёмая пячатка (Det sjunde inseglet). 1957

det_sjunde_inseglet.jpg


Адзіны фільм з нашага спісу, дзе эпідэмія, у дадзеным выпадку чумы, не зьяўляецца базісам гісторыі. Мы ўключылі гэты шэдэўр Інгмара Бергмана ў рэйтынг, ды яшчэ і на першае месца, таму, што без чумы, што пануе навокал, не атрымалася б і гісторыі.

Стужка пераносіць нас у сярэднявечча, дзе герой Макса фон Сюдава, расчараваны швэдзкі рыцар, вяртаецца дадому пасьля аднаго з чарговых крыжовых паходаў. Пакуль ён змагаўся на чужыне, яго родная краіна ў палоне спусташальнай чумы. Рыцар сустракае Сьмерць і кідае ёй выклік: згуляць партыю ў шахматы на сваё жыцьцё. Сьмерць, вядома, згаджаецца: хто зь людзей можа быць ёй супернікам.

Рыцар сумняецца ў быцьці Бога, калі той маўчыць, пакуль лютуе Сьмерць, і адпраўляецца ў дарогу, каб крыху адцягнуць непазьбежныя хады ў шахматнай партыі. Бездакорная апэратарская праца і шыкоўная акторская гульня прынясуць асалоду, як і бліскучыя дыялёгі, якія спадарожнічаюць усёй дзеі. Шах, а потым і мат абавязкова павінны быць пастаўленыя. У гэтым — уся гульня, у гэтым — усё жыцьцё.