На заходнім фронце без пераменаў

80 гадоў таму пачалася не толькі Другая сусветная, аднак і так званая «фальшывая вайна». Яна ж — «дзіўная вайна», «сядзячая вайна», «вайна па тэлефоне», «тэатральная вайна», «акцёрская вайна» і гэтак далей.

28 лістапада 1939 года. Салдаты брытанскага экспедыцыйнага корпуса і французскіх ВПС на лініі фронту. Жартоўны надпіс над бліндажом «10 Downing Street» — адрас рэзідэнцыі брытанскага прэм'ер-міністра

28 лістапада 1939 года. Салдаты брытанскага экспедыцыйнага корпуса і французскіх ВПС на лініі фронту. Жартоўны надпіс над бліндажом «10 Downing Street» — адрас рэзідэнцыі брытанскага прэм'ер-міністра


Напачатку верасня 1939-га польская прэса любіла цешыць аўдыторыю гісторыямі пра поспехі на фронце. Паводле тых паведамленняў, ужо праз тыдзень вайны польскія ўланы ледзь не штурмавалі прадмесці Берліну. Паведамлялася і пра наступ французаў углыб Рэйха, што, маўляў, выклікала ў нямецкім тыле шматлікія паўстанні супраць Гітлера. Сам фюрэр, дарэчы, калі верыць тым артыкулам, быў на парозе суіцыду.

На самай справе, уздоўж германа-французскага фронту пасля пачатку вайны панаваў амаль поўны штыль. Спробы французаў рухацца на немцаў сапраўды мелі месца, аднак гэта былі сутычкі лакальнага маштабу. Антыгітлераўскія саюзнікі, якія мелі больш за мільён жаўнераў, так і не рызыкнулі атакаваць колькасна меншую групоўку Вермахта.

Цікава, што спачатку французы рыхтаваліся да сур’ёзнага змагання. Згодна з інструкцыямі, у верасні пачалася эвакуацыя ўраду з Парыжу. Разам з чыноўнікамі і дэпутатамі вывозілі каштоўнасці, у тым ліку славутую «Мону Лізу». Адпаведна закону, эвакуацыі падлягаў і сталічны заапарк. Яшчэ раней накіраваліся ў тыл жыхары памежных з Германіяй рэгіёнаў, якія не забылі артылерыйскія абстрэлы часоў Першай сусветнай вайны. Сярод грамадскасці назіраўся патрыятычны кураж. Адна з парыжскіх операў вырашыла, што Мефістофель у «Фаўсце» будзе выглядаць як Сталін, якога шмат хто лічыў адказным за вайну. Усё сведчыла пра сур’ёзнасць сітуацыі.

Аднак праз адсутнасць навінаў з фронту жыццё нармалізавалася. Сатырычная прэса пачала жартаваць з афіцыйных інструкцый, якія патрабавалі ад людзей выходзіць з дому, маючы пры сабе газавую маску, запас ежы і вады і гэтак далей. І гэта быў яшчэ прыфрантавы Парыж — у правінцыі, напрыклад, у Ніцы, уладары крамаў арганізавалі маніфестацыю, патрабуючы вярнуць начное асвятленне вуліц і сваіх гандлёвых кропак. Так пачыналася тая самая «фальшывая вайна» — вайна пры адсутнасці баявых дзеянняў паміж бакамі.

Эрзацам сапраўднай вайны стала вайна інфармацыйная. 22 верасня Гебельс запусціў французскую службу на станцыі «Радыё Штутгарт». Праграмы, якія трансляваліся на Францыю, павінны былі данесці да слухача шэраг тэзісаў. У тым ліку асноўны — Англія вырашыла выкарыстаць французаў, якім лёс Польшчы наўрад ці вельмі цікавы, у якасці гарматнага мяса.

Трансляцыі са Штутгарта сталі папулярнымі, паколькі існавала глеба для пацыфісцкіх настрояў. Пасля катастрофы Польшчы першапачатковы стратэгічны план — перамагчы Германію за кошт вайны на два фронты — яўна страціў сэнс. Знікла матывацыя ваяваць. Некаторыя марылі пра хуткую мірную канферэнцыю. Чамусьці шмат хто верыў, што Гітлеру цяпер будзе не да Францыі праз нейкі ўнутраны канфлікт з прускімі генераламі.

Каб супрацьстаяць інфармацыйнай вайне, французскі ўрад пастанавіў стварыць асобную прапагандысцкую службу. Вайсковы дух французаў намагаліся ўтрымаць за кошт словаў пра місіянскі характар французскай нацыі, пра тое, што Польшча — не першая і, магчыма, не апошняя ахвяра Гітлера. Да патрыятычнай прапаганды падключылі каталіцкіх святароў, мясцовых літаратараў і нават народы ў калоніях. Іх правадыры ў рамках нейкага флэшмобу кляліся ў вернасці запаветам Французскай рэвалюцыі. Былі спробы паўплываць на стан грамадскай думкі праз прапагандысцкія кампаніі і судовыя працэсы супраць анархістаў і камуністаў, якія лічылі вайну імперыялістычнай і вымагалі міру.

Трэба прызнаць, што французскі афіцыёз часам казаў слушныя рэчы. Аднак на яго эфектыўнасць уплываў відавочны факт — існуючы ўрад не быў здольны ані весці вайну, ані дамагчыся міру. У выніку хутка соцыум ахапіла пачуццё безвыходнасці. Як адзначаў Жан-Поль Сартр у лістападзе 1939-га ў сваім дзённіку: «Гэта самая невыносная вайна… яна забівае сваёй нудой». Найгорш такая нявызначанасць адбівалася на псіхіцы жаўнераў, якія не разумелі, нашто іх адправілі ў казармы і калі ўсё гэта скончыцца.

У гэтым сэнсе савецка-фінская вайна ўзімку 1940-га стала для ўрада прэм’ера Даладзье сапраўдным падарункам. За кошт яе было вырашана кампенсаваць пасіўнасць французаў на нямецкім фронце. Уся французская прэса аднагалосна пераключылася на асвятленне падзеяў на карэльскім перашыйку. «Мы ўсе — фіны», — можна было прачытаць на вулічных плакатах. Парыж даў Хельсінкі салідную порцыю зброі, і нават вёў кансультацыі з Лонданам наконт бамбардзіровак Баку.

Грамадства ахапіла такая нянавісць да Сталіна, а фігура Гітлера яўна адышла на другі план. Як вынік — з’явіліся спекуляцыі пра магчымасць брытанска-германска-французскай кааліцыі супраць бальшавікоў, што, маўляў, дазваляла ўсім згаданым краінам выйсці з цяперашняга канфлікту не страціўшы твар.

Увесь гэты хайп скончыўся гэтак жа нечакана, як і пачаўся. У сакавіку Фінляндыя пагадзілася падпісаць дамову на ўмовах Сталіна. Французам давялося пераключацца на свае рэаліі, каб зразумець крызіс сітуацыі. Выйсці з парадыгмы «фальшывай вайны» ўрад не рызыкнуў, нават калі ў красавіку былі захопленыя Данія і Галандыя. Не дапамаглі яму новыя арышты камуністаў і перастаноўкі ў кабінеце. 9 траўня Даладзье абвясціў пра роспуск кабінету, 10 траўня Гітлер аддаў загад пра напад на Францыю, агонія якой цягнулася пару тыдняў.

Відавочна, што перыяд «фальшывай вайны» напоўніцу быў выкарыстаны нямецкім камандаваннем у якасці стратэгічнай паўзы: Германіі ўдалося паспяхова правесці польскую кампанію, захапіць Данію і Нарвегію, а таксама падрыхтавацца да атакі на Францыю. Што тычыцца Францыі, то краіна за кошт «фальшывай вайны» сустрэла наступ абсалютна дэмаралізаванай, па-сутнасці, не здольнай змагацца.