Найбуйнейшая імперыя Паўднёвай Амерыкі. 200 гадоў незалежнасці Бразіліі

Краіна, назва якой адсылае да вострава блажэнных з міфалогіі старажытных кельтаў. Найбуйнейшая дзяржава кантынента, якая за сваю гісторыю паспела пабыць нават імперыяй. Роўна 200 гадоў таму, 7 верасня 1822 года, была абвешчана незалежнасць Бразіліі ад Партугаліі.

bolsonaro_festa_2_afp.jpg


Каланіяльныя дні

Бразілія была афіцыйна адкрыта еўрапейцамі 22 красавіка 1500 года, калі флот пад камандаваннем партугальскага капітана Педру Алварыша Кабрала, які накіроўваўся ў Індыю, высадзіўся ў раёне сучаснага горада Порту-Сегуру, на захадзе краіны. Ён назваў месца высадкі Зямлёй Вера-Круш. У тым жа 1500 годзе яна была перайменавана ў Санта-Круш, а праз некалькі гадоў за ёй канчаткова ўмацавалася агульнавядомая зараз назва Бразілія. Аднак ёсць некаторыя доказы таго, што Кабралу папярэднічалі іншыя партугальскія авантурысты. Партугальскі марскі капітан, салдат, даследчык і картограф Дуартэ Пачэка Перэйра ў сваёй кнізе «De Situ Orbis» распавядае пра сваё знаходжанне ў Бразіліі ў 1498 годзе, куды ён нібыта быў пасланы каралём Партугаліі.

Педру Алварыш Кабрал. Крыніца: wikipedia.org

Педру Алварыш Кабрал. Крыніца: wikipedia.org


Першых каланізатараў Бразіліі сустрэлі індзейцы тупінамба, адна са шматлікіх груп карэннага насельніцтва кантынента. Першапачатковыя мэты Лісабона былі простыя: манапалізаваць прыбытковы гандаль Паў-бразіл, чырвоным дрэвам, якое было каштоўнай сыравінай для вырабу фарбаў, і залажыць пастаянныя паселішчы на новых тэрыторыях. Ёсць сведчанні таго, што індзейцы і партугальцы першапачаткова разам збіралі дрэвы. Пазней неабходнасць адпраўляцца ўсё далей і далей углыб краіны, каб знайсці некранутыя лясныя масівы, рабіла гандаль паў-бразіл усё менш прыбытковым. Эканоміка пачала пераарыентоўвацца на закладку плантацый на расчышчаных землях. Следам пачала ўзрастаць запатрабаванасць у працоўных руках. Партугальцы спачатку спрабавалі выкарыстаць для працы на плантацыях мясцовых індзейцаў, але тыя былі нязвыклыя да шматгадзіннай працы на палях і лёгка адольваліся еўрапейскімі хваробамі. У выніку тубыльцы альбо хутка збягалі далёка ўглыб краіны, альбо так жа хутка паміралі. Сёння лічыцца, што на момант прыбыцця Кабрала колькасць карэннага насельніцтва складала больш за 3 мільёны чалавек, цяпер жа іх колькасць ледзь-ледзь перавышае 200 тысяч. Таму даволі хутка партугальцы былі вымушаны звярнуцца да гандлю афрыканскімі рабамі ў пошуках новай крыніцы рабочай сілы.

Хоць большасць еўрапейскіх пасяленцаў аддавалі перавагу прыбярэжным раёнам (перавага, якая захоўваецца і дагэтуль), некаторыя з іх адважыліся адправіцца ва ўнутраныя раёны краіны. Сярод іх было шмат місіянераў-езуітаў, рашучых людзей, якія ішлі ўглыб джунгляў Амазоніі ў пошуках індзейскіх душ, каб іх выратаваць згодна з пастулатамі хрысціянскай веры. На працягу стагоддзяў пасля адкрыцця Кабрала партугальцам даводзілася перыядычна мець справу з замежнымі дзяржавамі, якія таксама мелі свае планы на вялізныя рэсурсы Бразіліі. Партугалія і Іспанія заключылі Тардэсільяскі дагавор у 1494 годзе, які ўсталёўваў межы для кожнай з дзвюх імперый, аднак правілы былі вельмі расплывістымі, што час ад часу выклікала тэрытарыяльныя спрэчкі.

Першапачаткова партугальская карона не магла ўсталяваць моцную цэнтральную ўладу на кантыненце. На працягу першай часткі каланіяльнага перыяду ўлада там належала так званым «капітанам», нізкародным дваранам і гандлярам, якія ўзначальвалі мясцовыя тэрытарыяльныя адзінкі, што ў іх гонар зваліся капітанствамі. Бераг Бразіліі быў падзелены на 15 такіх капітанстваў. Некаторыя з гэтых тэрыторый былі такімі ж вялікімі, як іх гістарычная радзіма, таму кіраваліся вельмі дрэнна. Часта кожнае асобнае капітанства існавала як бы само па сабе. Бліжэй да 1549 года праблема стала відавочнай і для каралеўскага двара. У Лісабоне зразумелі, што падобны спосаб кіравання такой велізарнай тэрыторыяй не можа доўжыцца далей. Тады кароль Партугаліі Жуан ІІІ Набожны вырашыў адправіць у Паўднёвую Амерыку генерал-губернатара, які нарэшце павінен быў навесці парадак у бразільскіх справах.

Каралеўскі выбар упаў на партугальскага арыстакрата Томе ды Соўза. Ён прыбыў з салдатамі, святарамі і рамеснікамі і крок за крокам паступова ўзяў пад поўны кантроль усе капітанствы. 29 сакавіка таго ж года ён заснаваў у капітанстве Баія горад Салвадор, які больш чым на 200 гадоў стаў сталіцай Бразіліі. У Салвадоры была заснавана каралеўская мытня, падліковая і гандлёвая палата, першае партугальскае каталіцкае біскупства па гэты бок Атлантычнага акіяна.

Бразілія выклікала зайздрасць з боку іншых каланіяльных дзяржаў Еўропы. У 1630 годзе Галандская Вест-Індская кампанія захапіла тэрыторыі на захадзе краіны, стварыўшы там так званую Галандскую Бразілію. Дзеянні кіраўнікоў Вест-Індскай кампаніі былі накіраваны на тое, каб наўпрост высмоктваць з Бразіліі яе шматлікія прыродныя рэсурсы, без развіцця мясцовай эканомікі. Празмерна жорсткая палітыка галандцаў выклікала незадаволенасць сфарміраваных ужо на той момант мясцовых партугала-бразільскіх эліт. У 1645 годзе ў Галандскай Бразіліі пачалося паўстанне. На баку паўстання ваявалі нават мясцовыя індзейцы. У студзені 1654 года бразільскія паўстанцы, якія не мелі ніякай падтрымкі з боку Партугаліі і ваявалі, абапіраючыся толькі на ўласныя сілы, перамаглі галандцаў. Тыя былі вымушаны пакінуць Бразілію.

Губернатар Бразіліі Томе ды Соўза. Крыніца: cyclowiki.org

Губернатар Бразіліі Томе ды Соўза. Крыніца: cyclowiki.org


У канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў у Лісабон прыйшла вестка аб тым, што ў штаце Мінас-Жэрайс знойдзены казачныя жылы са смарагдамі, брыльянтамі і золатам. Рэгіён пачаў экспартаваць у Партугалію да 30 000 фунтаў золата ў год. Шукальнікі прыгод у пошуках багацця пачалі сцякацца ў Бразілію з усяго свету. Гэта дало магутны штуршок у развiццi рэгiёна. Разам з авантурыстамі з Еўропы прыбывалі цесляры, муляры, скульптары і мастакі, якія даволі хутка пачалі рассяляцца па краіне і будаваць гарады ў бразільскай глушы. У 1763 годзе па шэрагу палітычных і адміністрацыйных прычын сталіца была перанесена з Салвадора ў Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія паступова стала набываць свой цяперашні выгляд. Да экспарту цукру, золата і брыльянтаў яна дадала бавоўну, каву і тытунь. Па меры таго, як адкрываліся ўнутраныя раёны, з'яўляліся і магчымасці для развядзення буйной рагатай жывёлы. Пачала развівацца жывёлагадоўля, эканоміка працягвала расці. Аднак на пачатку ХІХ стагоддзя краіну чакалі сур'ёзныя ўзрушэнні. Усё пачалося з прыбыцця ў Бразілію каралеўскай сям'і, выгнанай з Партугаліі войскамі імператара Францыі Напалеона Банапарта.


Імперыя і Рэспубліка

Як толькі партугальскі кароль Жуан VI і яго асяроддзе прыбылі ў Рыа, ён пачаў пераўтвараць горад і яго наваколлі на свой густ. Былі запушчаны будаўнічыя праекты, заснаваны ўніверсітэты, банк і манетны двор, укладзены вялікія сродкі ў архітэктуру і мастацтва. Парты былі адчынены для гандлю з іншымі краінамі, асабліва з Англіяй, эканоміка атрымала чарговы магутны штуршок для развіцця. Сваім дэкрэтам ад 16 снежня 1815 года ён даў усім партугальскім уладанням статус Злучанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарве, такім чынам, фармальна зрабіўшы Бразілію роўнай Партугаліі.

Пасля падзення ўлады Напалеона Жуан VI вярнуўся ў Лісабон, пакінуўшы кіраваць свайго сына Педру I. Але ў юнага Пэдру былі свае планы наконт будучага краіны. 7 верасня 1822 года ён абвясціў незалежнасць Бразіліі ад метраполіі і заснаваў Бразільскую імперыю.

Імператар Бразіліі Педру І. Крыніца: wikipedia.org

Імператар Бразіліі Педру І. Крыніца: wikipedia.org


Праз дзевяць гадоў імператар адышоў убок, перадаўшы ўладу свайму пяцігадоваму сыну, які быў каранаваны як імператар Педру II. Шэраг рэгентаў кіравалі краінай да 1840 года, калі новаму імператару споўнілася 14 гадоў і парламент пастанавіў, што ён паўналетні. Педру ІІ кіраваў краінай больш за 50 гадоў і стаў апошнім імператарам у гісторыі Бразіліі. За час яго праўлення змянілася 30 урадаў. Але менавіта пры ім Бразілія дасягнула сталасці як суверэнная дзяржава. Пры гэтым у краіне працягваў існаваць інстытут рабства. У яго захаванні былі зацікаўлены буйныя землеўладальнікі-латыфундысты, якія выкарыстоўвалі масавую прымусовую працу рабоў на сваіх плантацыях. Нарэшце, у 1888 годзе, дачка Педра ІІ прынцэса Ізабэл афіцыйна адмяніла рабства, падпісаўшы так званы «Залаты закон». Насамрэч, яго адмена стала вынікам ціску Вялікабрытаніі на бразільскія ўлады з мэтай пакласці нарэшце канец ганебнаму гандлю.

Прынцэса Ізабэл Браганса. Крыніца: wikipedia.org

Прынцэса Ізабэл Браганса. Крыніца: wikipedia.org


Неўзабаве пасля гэтага незадаволеныя новаўвядзеннямі землеўладальнікі аб'ядналіся з ваеннымі, каб цалкам пакончыць з манархіяй. Яны прымусілі каралеўскую сям'ю вярнуцца ў Партугалію і 15 лістапада 1889 года заснавалі першы рэспубліканскі ўрад Бразіліі. Была абрана федэратыўная сістэма кіравання, краіна была падзелена на штаты. Далей маладую рэспубліку чакаў перыяд палітычнай нявызначанасці. Дзяржавай па чарзе кіравалі малапрыкметныя прэзідэнты, якія хутка змянялі адзін аднаго. Аднак у эканоміцы краіны, арыентаванай на экспарт кавы, працягваўся рост. Пачаўся перыяд, які ўвойдзе ў гісторыю Бразіліі як «Эра Старой Рэспублікі».

Яна скончылася ў 1930 годзе. 1 сакавіка 1930 года ў Бразіліі адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары. Па афіцыйных падліках, кандыдат ад улады Жуліу Прэстыс перамог апазіцыйнага кандыдата Жэтуліу Варгаса. Аднак апошні не прызнаў сваё паражэнне. Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў да ўзброенага паўстання супраць урада. Разам з імі Варгас рушыў у бок Рыа-дэ-Жанэйра. У асобных штатах пачаліся ўзброеныя сутычкі з урадавымі войскамі. Краіна кацілася да грамадзянскай вайны. Але яе ўдалося пазбегнуць. Супраць урада выступілі бразільскія генералы. 3 лістапада 1930 года яны афіцыйна перадалі ўладу Варгасу. У краіне пачаўся так званы «Перыяд Новай Дзяржавы».

Жэтуліу Дарнеліс Варгас. Крыніца: wikipedia.org

Жэтуліу Дарнеліс Варгас. Крыніца: wikipedia.org


Гісторыя набыцця Бразіліяй сваёй незалежнасці ад метраполіі шмат у чым нетыповая для гэтага рэгіёна. Галоўным адрозненнем ад падзей, што адбываліся ў большасці іншых краін Паўднёвай Амерыкі, з'яўляецца тое, што ёй удалося дамагчыся сваёй свабоды практычна выключна мірным шляхам. Гэта адбылося шмат у чым дзякуючы дальнабачнасці партугальскіх манархаў, якія, нягледзячы на свае магчымасці, не сталі спрабаваць вярнуць заморскую тэрыторыю, калі тая абвясціла аб сваёй незалежнасці, вырашыўшы адпусціць маладую дзяржаву ў вольнае плаванне. Час каланіяльных імперый сыходзіў, і гэта добра разумелі ў Лісабоне.

На вялікі жаль, нават сёння, праз 200 гадоў, гэтая простая ісціна застаецца відавочнай далёка не для ўсіх.

Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі, праца Р. Маро (1844). Крыніца: wikipedia.org

Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі, праца Р. Маро (1844). Крыніца: wikipedia.org