Newsweek: «1984» Оруэла вельмі падобны на 2019-ты ў рэальнасці

«Вялікі брат» сочыць за кожным, і гэта, здаецца, не выклікае ні ў каго занепакоенасці.

1001612_900.jpg


У 1984 годзе кампанія Apple паабяцала, што свет ня будзе такім, як у «1984». Навэла Джорджа Оруэла апісвае антыўтапічнае грамадства татальнага назірання, каб перасцерагчы чытачоў. А Apple выставіла сябе як змагара супраць такой страшнай будучыні. «Але вось у чым бяда: 2019-ты здаецца вельмі падобным на «1984». І мы вельмі камфортна сябе адчуваем у такім свеце», — піша на старонках Newsweek эксперт у сферы тэхналогій Джэрэмі Каплан.

Ён нагадвае, што Оруэл апублікаваў адну з лепшых англамоўных навэл 8 чэрвеня 1949 года. Твору споўнілася 70 гадоў. Кніга апісвае грамадства, якое вечна знаходзіцца ў стане вайны і пад кіраўніцтвам загадкавай асобы, вядомай толькі як «Вялікі брат». З дапамогай тайнага нагляду таталітарны ўрад «Вялікага брата» ведае ўсё, карае за «злачынства думкі» да таго, як яны будуць ажыццяўлены, і ўзнагароджвае канфармізм.

Калі Стыў Джобс і яго самаабвешчаныя «паўстанцы» ў Apple выкарыстоўвалі кнігу Оруэла, каб распавесці цёмную гісторыю пра прыстасаўленства ў свеце кампутараў, ўвасабленне такога сцэнару здавалася вельмі сумніўным. У вядомай рэкламе вытворца кампутарнай тэхнікі паказаў, як герой молатам разбівае масіўны экран з выявай Вялікага брата.

Apple мелі рацыю. 1984 год з яго мехаватымі мужчынскімі касцюмамі, серыялам пра Альфа і MTV не быў падобны на «1984» Оруэла. А як наконт сёння?

«Для пачатку цяжка ігнараваць падабенства паміж Вялікім братам і Дональдам Трампам, чый культ асобы патрабуе ад некаторых колаў непахіснай лаяльнасці. Хоць і працягласць яго прэзідэнцтва не будзе такім жа сталым. Паглядзіце за межы Вялікага брата, выбранага намі, і вы ўбачыце, што мы пабудавалі грамадства назірання, якога мы так доўга баяліся. І, магчыма, гэта аказалася не такой ужо і праблемай», — піша аўтар.

djfpcxkwsaautsu.jpg


Ён адзначае, што людзі сёння жывуць у свеце, у якім электронныя прылады пастаянна іх слухаюць. Магутнасць галасавога кантролю надзвычайная і дазваляе нам правяраць вусна агучаным пытаннем, напрыклад, ці замкнулі мы дзверы ў гараж.

Людзі баяцца электроннага падслухоўвання. І гэта прычына, чаму Amazon дазволіў карыстальнікам прасіць Alexa забыць усё, што ёй было сказана. Аднак, у асноўным, усіх усё задавальняе. «Замест таго, каб быць гвалтоўна прымушаным да падпарадкавання таталітарным рэжымам, мы ахвяравалі нашай прыватнасцю дзеля выгады. Я магу папрасіць Siri замовіць піцу, папрасіць Google прайграць любімую песню ці загадаць Alexa ўключыць кандыцыянер. І, вядома, некаторыя людзі ўстрывожаныя. Але гэта не прымушае нас адмовіцца ад выкарыстання тэхналогій», — гаворыцца ў артыкуле.

Некаторыя з прылад літаральна глядзяць на людзей. Узяць для прыкладу хаця б Facebook Portal — тэлеэкран, які актывуецца голасам і сочыць за карыстальнікам па ўсім пакоі. Ён літаральна адсочвае кожны рух. Тэлефоны, кампутары і нават тэлевізары маюць камеры і сочаць за намі.

Можна правесці лінію за дзвярыма: добра выкарыстоўваць дома прылады, якія мы купляем і кантралюем. Але што здараецца, калі мы выходзім з дому і ідзем у грамадскае месца, дзе яшчэ больш прылад, якія на нас глядзяць? Большасць людзей лічаць, што камеры назірання робяць свет больш бяспечным. Але велізарныя экраны на плошчы Пікадзілі ў Лондане выкарыстоўваюць камеры, каб прааналізаваць макіяж у натоўпе і выбраць патрэбную рэкламу для прайгравання. І гэта адбываецца вельмі непасрэдна і вокамгненна.

scale_12001.jpg


Сіла тэхналогіі распазнання асоб з дапамогай штучнага інтэлекту абяцае, што машыны змогуць сачыць за канкрэтным чалавекам, а не за кімсьці выпадковым. І страх перад такой магчымасцю прымусіў штат Каліфорнія забараніць такую тэхналогію.

«Зрэшты, ці сапраўды страта прыватнасці такая ўжо жудасная рэч? Калі адкінуць Трампа, напэўна, Вялікі брат наогул не трывожыць нас, калі ацаніць усю выгаду ад сучасных тэхналогій. Гэй, Siri, 1984-ы не быў такім, як «1984». А вось 2019-ты менавіта такі. І, магчыма, гэта нядрэнна. Пакуль што», — піша аўтар.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ