Незалежная і федэральная
На думку «аранжавай» апазіцыі, Януковіч рыхтуе грамадскую думку да паступовай змены дзяржаўнага ладу. У хуткім часе замест назвы «Украіна» на карце свету можа з’явіцца надпіс «Украінская Федэральная Рэспубліка». Наколькі магчымы такі сцэнар? Пра сучасны палітычны працэс ва Украіне журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Уладзімірам Задзіракам.
На думку «аранжавай» апазіцыі, Януковіч рыхтуе грамадскую думку да паступовай змены дзяржаўнага ладу. У хуткім часе замест назвы «Украіна» на карце
свету можа з’явіцца надпіс «Украінская Федэральная Рэспубліка». Наколькі магчымы такі сцэнар? Пра сучасны палітычны працэс ва Украіне журналіст «НЧ» Алег
Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Уладзімірам Задзіракам.
— Наколькі вядома, чуткі пра рэформу дзяржаўнага ладу пайшлі пасля заявы прэм’ер-міністра Віктара Ціханава. Ён распавядаў, што бачыць Украіну як федэрацыю, аднак пад
ціскам грамадскай крытыкі пазней сказаў, што яго не так зразумелі. Больш ніякіх афіцыйных заяў пра адміністратыўную рэформу не было. Чаму ж сёння так шмат спекуляцый наконт магчымай
федэралізацыі?
— Часткова гэту тэму распальвае апазіцыя. «Аранжавыя» навязваюць думку пра тое, што федэралізацыя — гэта першы крок да падзелу Украіны. Тэма расколу дзяржавы
сапраўды вельмі адмоўна ўспрымаецца ў народзе. Спроба абвяшчэння падчас «аранжавай рэвалюцыі» ў снежні 2004 года Паўднёваўсходняй украінскай аўтаномнай рэспублікі не прынесла
палітычных дывідэндаў аўтарам ідэі — Партыі рэгіёнаў. Апазіцыя хацела б і далей стрыгчы купоны, абвінавачваючы Партыю рэгіёнаў у сепаратызме. З іншага боку, нельга выключаць наяўнасці ў
Партыі рэгіёнаў праекту федэралізацыі. Часопіс «Украiнський Тиждень» апублікаваў каментарый аднаго з дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў, які даў зразумець, што ў адміністрацыі Януковіча
вядзецца палеміка на гэты конт. Праўда, канкрэтных праектаў яшчэ не стварылі. У любым выпадку, грамадская дыскусія вакол федэралізацыі сапраўды пачалася. У прэсе можна сустрэць прыхільнікаў падобнай
ідэі і яе крытыкаў.
— Якія аргументы ў тых, хто выступае за федэратыўны праект?
— Яны не трактуюць федэрацыю як стварэнне на ўсходзе краіны рускамоўных аўтаномій, якія ў выпадку чаго могуць збегчы пад руку Масквы. Гаворыцца пра неабходнасць развіцця фінансавай аўтаноміі
рэгіёнаў, калі большая частка падаткаў будзе заставацца на месцах. Пры цяперашняй схеме ўсе падаткі ідуць у цэнтр, адкуль рэгіён атрымлівае дадацыі і субсідыі. Звычайна гэта не больш 20 працэнтаў ад
таго, што пайшло ў Кіеў. Адным словам, неабходнасць рэформы тлумачаць праз эканоміку. Фігуруюць цікавыя лічбы: быццам федэратыўныя дзяржавы вырабляюць 80 працэнтаў сусветнага валавога прадукту.
Натуральна, шмат кажуць пра рэгіянальную разнастайнасць культурных і гістарычных традыцый. Але, думаецца, тут не апошні матыў у тым, што Партыі рэгіёнаў трэба мець моцны тыл у выпадку змены ўлады ў
Кіеве. Якой бы слабай ні была цяперашняя апазіцыя, яна позна ці рана пройдзе працэс перазагрузкі і пачне вяртаць страчаныя пазіцыі.
— Ці існуе ўкраінская школа федэратыўнай думкі?
— Безумоўна. І тут ёсць вельмі цікавая дэталь. Раней, выступаючы за аўтаномію Усходу, данецкія спасылаліся на прыклад створанай у 1917 годзе бальшавікамі Данецка-Крыварожскай Савецкай
Рэспублікі. Яна разглядалася як альтэрнатыва Цэнтральнай Радзе. Цяпер пра савецкія эксперыменты намагаюцца не ўзгадваць. Больш таго, мадэль цяперашняй унітарнасці выводзяць з адміністратыўнай
палітыкі СССР. Заклікаючы да федэралізацыі, увесь час узгадваюць выраз заснавальніка Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) Міхаіла Грушэўскага: «Хоць нейкая спроба навязаць мясцовым грамадам
механічную унітарнасць, прымусовыя саюзы, будзе памылкай, якая прывядзе выключна да супраціву і створыць глебу для новых канфліктаў». Грушэўскі, Драгаманаў, Ліпіньскі і іншыя заснавальнікі
ўкраінскага палітычнага руху былі перакананымі федэралістам. Акрамя таго, у 1919 годзе быў падпісаны так званы «Акт Злукі паміж Заходняй Украінскай Рэспублікай (ЗУР) і Украінскай Народнай
Рэспублікай. ЗУР уваходзіла ў склад УНР, аднак пры гэтым пакідаў сабе значную аўтаномію.
— Што кажуць на гэта іх апаненты?
— Кажуць, што разуменне ідэі федэрацыі на пачатку ХХ стагоддзя было абсалютна іншым, чым зараз. Так, — згодныя яны, — правы абласцей трэба пашыраць, аднак ідэя пашырэння
паўнамоцтваў рэгіёнаў не патрабуе федэралізацыі. Дастаткова прыняць закон пра пашырэнне мясцовага самакіравання. Небяспека, па іх словах, у тым, што працэс надання рэгіёнам такой жа аўтаноміі, якую,
напрыклад, маюць землі ў ФРГ, значыць наданне ім знакаў дзяржаўнасці (гербаў, сцягоў, парламентаў, асобнай сістэмы адукацыі). Фактычна быццам гэта зялёнае святло для пачатку сепарацыі. Рашуча
адмятаецца тэзіс пра тое, што культурная сітуацыя на Захадзе і на Усходзе занадта розная. Гэта самы слабы ланцужок у іх схеме доказаў. На днях Львоўскі абласны савет пастанавіў не святкаваць у
горадзе 9 мая — Дзень Перамогі. Каментарыяў, думаю, не патрэбна.
— Ці праводзяцца сацыялагічныя апытанні на гэту тэматыку?
— Той жа «Украiнський Тиждень» апублікаваў дадзеныя апытання, якія былі зробленыя ў лютым. За ідэю федэралізацыі выступаюць 35 працэнтаў. Яшчэ 35 — за тое, каб
адбыўся рэферэндум па гэтаму пытанню. Толькі 16 працэнтаў катэгарычна супраць рэформы. Аднак трэба адзначыць, што зандаж быў зроблены ў лютым, калі Януковіч толькі-толькі прыйшоў да ўлады. Патрэбныя
новыя апытанні, каб рабіць высновы наконт стаўлення да ідэі УФР.
— Чым можа скончыцца цяперашняя палеміка вакол федэралізацыі?
— Парадокс у тым, што на гэты момант ніякая федэралізацыя Януковічу не патрэбная. Ён заўзята будуе прэзідэнцкую вертыкаль, і перадаваць паўнамоцтвы мясцовым князькам яўна не ў яго інтарэсах.
Па-другое, каб Украіна стала федэрацыяй, патрэбна федэратыўная дамова, якую павінны падпісаць усе суб’екты. Як арганізаваць такога кшталту працэс? Па якому прынцыпу дзяліць Украіну на новыя
адміністратыўныя адзінкі? Межы гістарычных тэрыторый не адпавядаюць межам сучасных абласцей. Сыходзячы з гістарычнай логікі, некаторыя вобласці трэба аб’ядноўваць. Напрыклад, Таўрыя ўключала
ў сябе сучасныя Мікалаеўскую і Херсонскую вобласці. Адэскую і Кіраваградскую вобласці ўвогуле называлі Наваросія. Тут сам чорт нагу зломіць. Не забывайце пра праблему крымскіх татараў, што абавязкова
паспрабуюць узняць пытанне аднаўлення нацыянальнай аўтаноміі, якую мелі да 1944 года. Палітычная дэстабілізацыя папросту гарантаваная. Да федэралізацыі справа наўрад ці дойдзе. Аднак Януковічу
патрэбна кансалідаваць электарат Усходняй Украіны, дзе ідэя Данецкай Рэспублікі вельмі папулярная. Таму ўрадавыя чыноўнікі, думаецца, працягнуць час ад часу мусіраваць гэтую праблему на радасць як
свайму электарату, так і апазіцыі. Апошняя, на радасць ужо свайму электарату, можа бясконца крытыкаваць Януковіча за замах на адзінства дзяржавы.